Вясновы «Кліч» беларусаў Малдовы: пашырэнне інфраструктуры беларускай дыяспары ў Рэспубліцы Малдова

Паводле перапісу насельніцтва за 2004 год у Рэспубліцы Малдова побач з жыхарамі карэннага насельніцтва пражывалі прадстаўнікі дзясяткаў розных нацыянальнасцяў, у лік якіх уваходзяць каля 6 тысяч этнічных беларусаў, што складае прыкладна 0,15% ад агульнай колькасці насельніцтва Рэспублікі Малдова[1].

На сучасным этапе інфраструктура беларускай дыяспары ў Рэспубліцы Малдова прадстаўлена 8-ю грамадскімі арганізацыямі. Толькі адна з іх - «Беларуская грамада ў Рэспубліцы Малдова» (г. Кішынёў) носіць статус рэспубліканскага грамадскага аб'яднання беларускай дыяспары Рэспублікі Малдова.

30 сакавіка 2014 года ў Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова (г. Кішынёў) адбылася ўстаноўчая Канферэнцыя грамадскага аб'яднання «Беларускі культурны рух Рэспублікі Малдова «Клiч» (БКРРМ «Кліч»). Ініцыятарам ідэі і лідарам ініцыятыўнай групы па стварэнні гэтага грамадскага аб'яднання стала ўраджэнка г. Мінска Мазур Ганна Леанідаўна - культуролаг, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, фотамастачка і шматдзетная маці траіх сыноў.

Ганна Мазур і яе старэйшыя сыны Цімафей і Артур

У Канферэнцыі разам з ініцыятыўнай групай беларускай дыяспары таксама ўзялі ўдзел Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Салаўёў Аляксандр Аляксандравіч, Старшыня Беларускай грамады ў Рэспубліцы Малдова Статкевіч Юрый Антонавіч, Старшыня Асацыяцыі беларусаў муніцыпія Кішынёў «Беларусь» Зяньковіч Генадзь Аляксандравіч, вядомы беларускі мастак Ігнаценка Вячаслаў Міхайлавіч, народная артыстка Рэспублікі Малдова і сапраўдны сябра беларускай дыяспары ў Малдове Iвануш Маргарэта Васільеўна, а таксама іншыя прадстаўнікі з розных сацыяльных сфер грамадскага жыцця Малдовы.

За круглым сталом адбылося абмеркаванне тэмы сучаснага стану і перспектывы развіцця беларускай дыяспары ў Рэспубліцы Малдова. Гэтая тэматыка была адкрыта выступам Ганны Мазур, лідара ініцыятыўнай группы, якая выступіла з дакладам на тэму «Беларуская дыяспара Рэспублікі Малдова: стан і перспектыва развіцця». У дакладзе падкрэслівалася, што асабліва за апошняе стагоддзе міжэтнічныя ўзаемадзеянні, міграцыі насельніцтва Зямлі, узаемапранікненне культур, глабалізацыя і асіміляцыя прывялі да таго, што поліэтнічнасць і мультыкультурнасць сталі нормай сучаснага грамадства. За перыяд існавання больш за паўтысячы гадоў на малдаўскай зямлі беларускі этнас ва ўсвядомленай ці неўсвядомленай для сябе форме пакінуў на ёй велізарны пласт карыснага, канструктыўнага і добрага. Аднак прагучалі і трывожныя ноты з нагоды таго, што працэс адаптацыі беларусаў Малдовы ў мясцовы культурны асяродак працякае ў форме асіміляцыі, асабліва другога і трэцяга пакаленняў, часткова пасродкам змешаных шлюбаў, часткова ў выніку імкнення да павышэння грамадскага статусу ў малдаўскім асяроддзі. Прычым у цяперашні час гэтая з'ява ўсё больш набывае незваротны характар. Самым набалелым пытаннем з асабістага дзесяцігадовага вопыту сацыяльна-актыўнага беларуса-эмігранта, які прадстаўляе новую хвалю эміграцыі ў сучасны перыяд незалежных дзяржаў, Ганна Мазур назвала амаль поўную адсутнасць беларускамоўнага асяроддзя, які, як падкрэсліла дакладчыца, ёсць галоўным фактарам захавання беларускай нацыі ў Малдове. “Сёння для прадстаўніка беларускага этнасу пачуць у Малдове пісьменную беларускую мову, а тым больш пагутарыць на ёй - знак вялізарнага шанцавання, - заявіла яна. - Магу канстатаваць, што ў Рэспубліцы Малдова няма ніводнай адукацыйнай установы, ніводнай адукацыйнай формы, дзе можна якасна вывучаць беларускую мову”.

Пасля адбылася прэзентацыя канцэпцыі БКРРМ «Кліч», якая, з улікам яе беларускай этнакультурнай накіраванасці, была дадаткова візуалізаваная пры дапамозе сімвалаў беларускага арнаменту. Бо, як вядома, нацыянальны арнамент - невычэрпная крыніца мудрасці кожнага народа, эстэтычнае адлюстраванне асэнсавання яго дзейнасці.

Культура ва ўсе часы была, ёсць і будзе найлепшым сродкам гарманізацыі міжнацыянальных зносін. Беларускі культурны рух Рэспублікі Малдова «Клiч» з'яўляецца самастойнай, самакіравальнай формай нацыянальна-культурнага самавызначэння ў Рэспубліцы Малдова.

Слова “клiч” азначае словы, гукі, якія выказваюць просьбу прыйсці, наблізіцца, адгукнуцца, унутранае пабуджэнне, патрэбу праявы якога-небудзь пачуцця, інстынкту, запрашэнне. Адразу на розум прыходзяць такія словазлучэнні і фразеалагізмы, як «кліч продкаў», «кліч Радзімы», «кліч Бацькаўшчыны», «кліч сэрца», «пачуць кліч», «з'явіцца на кліч» і г.д.

Беларускі культурны рух Рэспублікі Малдова «Клiч» - новая фармацыя беларускай дыяспары Рэспублікі Малдова, спалучэнне яе традыцыйных рысаў са свежымі ініцыятывамі і перспектывай новых гарызонтаў, энергія і дынаміка беларускай культуры ў Малдове. Гэта беларускі этнакультурны фармат для ўсіх тых, хто адносіць сябе да беларускага этнасу альбо праяўляе цікавасць да беларускай культуры.

Асноўнымі мэтамі Руху з'яўляюцца:

·  захаванне, вывучэнне, развіццё і папулярызацыя беларускай культуры, беларускай мовы, гісторыі, традыцый, звычаяў, нацыянальнай і этнакультурнай самабытнасці, духоўных і маральных каштоўнасцяў беларускага народа;

·  сімбіёз культур беларускага і малдаўскага народаў;

·  спрыянне ўмацаванню двухбаковых дружалюбных адносін паміж Рэспублікай Малдова і Рэспублікай Беларусь;

·  садзеянне развіццю інфраструктуры беларускай дыяспары і ўзаемадзеянню яе суб'ектаў для захавання фактару беларускай прысутнасці ў свеце на карысць беларускага народа і росквіту Рэспублікі Беларусь;

·  захаванне беларускай дыяспары ў Рэспубліцы Малдова і развіццё яе сацыяльных інстытутаў;

·  рэалізацыя і абарона канстытуцыйных правоў і свабод, нацыянальнай годнасці удзельнікаў Руху, падтрымка прадстаўнікоў беларускага этнасу;

·  спрыянне развіццю міжкультурнага дыялога, талерантнасці, узаемаразумення, супрацоўніцтва і сяброўскіх адносін паміж беларускай дыяспарай і прадстаўнікамі іншых этнасаў і нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Малдова і за яе межамі.

Тэма актуальнасці пашырэння інфраструктуры беларускай дыяспары ў Рэспубліцы Малдова была падтрымана і развіта выступам Часова Паверанага ў Справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Салаўёва Аляксандра Аляксандравіча, які прывітаў ініцыятыву і таксама паабяцаў новай фармацыі комплексную дапамогу і падтрымку з боку органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова.

Прывітанне і цёплыя словы падтрымкі былі выказаны ініцыятыўнай групе і яе лідару Ганне Мазур з боку такіх самых аўтарытэтных кіраўнікоў аб'яднанняў беларускай дыяспары ў Рэспубліцы Малдова як Статкевіч Юрый Антонавіч (Беларуская грамада ў Рэспубліцы Малдова) і Зяньковіч Генадзь Аляксандравіч (Асацыяцыя беларусаў «Беларусь» муніцыпія Кішынёў).

Паводле словаў Статкевіча Юрыя Антонавіч, Беларуская грамада ў Рэспубліцы Малдова выдатна ўсведамляе прыярытэтнасць мэтаў беларускай дыяспары Рэспублікі Малдова, а пашырэнне інфраструктуры - гэта бясспрэчны прыярытэт, які ўзмацняе фактар ​​культурнай і інфармацыйнай прысутнасці ў іншай краіне, грае важную ролю ў захаванні беларускай нацыянальнай культуры і фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці ў Рэспубліцы Малдова. І хоць Беларускай грамадзе ў Рэспубліцы Малдова і шкада страчваць свайго намесніка старшыні (якім да гэтага часу з'яўлялася Ганна Мазур), аднак разуменне таго, што беларуская дыяспара Малдовы набывае шмат больш, радуе суполку і беларускія сэрцы.

Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёў «Беларусь» вельмі цёпла адгукнулася аб ініцыятыве стварэння Беларускага культурнага руху Рэспублікі Малдова «Клiч». Яе старшыня Генадзь Аляксандравіч Зяньковіч асабліва натхнёна падтрымаў маладога лідара і ўсю ініцыятыўную групу, ужыўшы ў сваёй прамове такія словазлучэнні як «наша надзея» і «пасланыя нам звыш».

Такім чынам, прааналізаваўшы тэму сучаснага стану беларускай дыяспары ў Рэспубліцы Малдова, выслухаўшы каментары кампетэнтных прадстаўнікоў у гэтай сферы, было вырашана заснаваць грамадскае аб'яднанне «Беларускі культурны рух Рэспублікі Малдова «Клiч». Быў зацверджаны яго Статут і выбрана Праўленне Руху, якое ўзначаліла Мазур Ганна Леанідаўна, ідэйны ініцыятар і лідар ініцыятыўнай групы.

Асаблівай цеплыні і хатняга камфорту Канферэнцыі дадала прысутнасць вялікай колькасці дзяцей і моладзі. Для іх арганізатарамі быў прадугледжаны конкурс з беларускай этнакультурнай тэматыкай «Вясновы Клiч», дзе пры дапамозе падрыхтаваных падручных матэрыялаў на вялікіх аркушах паперы трэба было візуальна ўвасобіць іх асацыяцыі на зададзеную тэму, з чым яны выдатна і справіліся за перыяд афіцыйнай часткі мерапрыемства.

Па сканчэнні афіцыйнай часткі Канферэнцыі, так бы мовіць, беларускай вішанькай на торце стаў беларускамоўны інтэрактыўны спектакль з аналагічнай назвай «Вясновы Клiч» (паводле беларускага абрада  «Гуканне вясны»). Ён быў падрыхтаваны дзецьмі і моладдзю беларускага, малдаўскага, рускага, украінскага і румынскага паходжання. Натуральна, яго апафеозам, згодна з законам жанра, стала пазбаўленне ад бога зімы-Зюзі і яго сястрыцы-Завірухі і доўгачаканае з'яўленне прыгажуні Лялі - багіні вясны, якое магчымае, як сцвярджае старажытная беларуская міфалогія, толькі дзякуючы сумесным намаганням гукальшчыкаў і найдасканалейшай трэлі жаўрука – спрадвечна першаму вясноваму клічу!

Ляля

На цяперашнім жыццёвым этапе ў этнакультурнай прасторы Рэспублікі Малдова беларускай дыяспары сам час прадыктаваў неабходнасць з'яўлення новых фарматаў яе супольнасці. Толькі самі беларусы, што жывуць на малдаўскай зямлі, і іх бясконцае жаданне заставацца самімі сабой змогуць захаваць, умацаваць, развіць, памножыць і самім перадаць на чужой зямлі ўсё тое, што нам у сваю чаргу перадалі нашыя продкі, нашая родная каханая беларуская маці-зямля!

Ініцыятыўная група БКДРМ «Клiч»

Фотаздымкі: Ігнаценка Вячаслаў, Бану Іван



[1] Дадзеныя на падставе інфармацыі Пасольства РБ у Малдове па стане на сакавік 2014 г. http://moldova.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/compatriots/