Абвешчаны збор сродкаў на захаванне магілы Равенскага

Мікола Равенскі – беларускі кампазітар, аўтар музыкі да гімну «Магутны Божа». Ён спачыў і пахаваны ў бельгійскім горадзе Лёвэн.

Падчас наведання ягонай магілы ў Дзень Волі 25 сакавіка грамада беларусаў Бельгіі звярнула ўвагу на шыльду, што з’явілася на суседняй магіле. У ёй змяшчалася інфармацыя аб тым, што для захавання магільніка родныя ці блізкія павінны аплаціць чарговы ўнёсак. Паводле мясцовага заканадаўства, магілы, за якія не ўнесеная плата за чарговы тэрмін, падлягаюць выдаленню як незапатрабаваныя, а парэшткі крэміруюцца.

Мікола Равенскі спачыў у 1953 годзе. Аплату своечасова ўносілі беларусы пасляваеннае эміграцыі. Апошні раз за месца на могілках унесеная плата 19 чэрвеня 1990 года тэрмінам на 25 гадоў. Гэта значыць, што калі да 19 чэрвеня 2015 года не будзе ўнесеная патрэбная сума – магіла Міколы Равенскага можа знікнуць, што будзе вялікай стратай для беларушчыны. На сённяшні дзень кошт на 25 гадоў складае 930 еўра.

30 сакавіка 2014 года ў беларускай грэка-каталіцкай царкве горада Антверпен быў аб’яўлены збор сродкаў. Кожны патрыёт Беларусі мае магчымасць унесці сваю лепту ў захаванне нашай спадчыны. Адказным быў прызначаны радны Беларускай Народнай Рэспублікі Зміцер Піменаў. Кантакт: +32 485 32 61 70, mironkryvich@pandora.be.