Святкаванне Дня Волі ў Кузніцы

У Кузніцы гаварылі пра першага прэм’ера беларускага ўрада Язэпа Варонку. У апошні час прафесар Алег Латышонак знайшоў дакументы, якія пацвярджаюць, што Варонка нарадзіўся менавіта ў Кузніцы, кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства Андрэй Гарбуз з таварыства “Сакольшчына”. Таму і прыйшла ідэя правесці Дзень Волі менавіта пры самай польска-беларускай мяжы:

- Пра Язэпа Варонку ўжо адбылася адна сустрэча ў Саколцы ў 2010 годзе. Тады таксама Алег Латышонак расказваў пра спадара Варонку. На той момант мы яшчэ не ведалі, адкуль Язэп Варонка, з якога мястэчка, вёскі паходзіць.

Музыка Алесь Дзянісаў з гарадзенскага гурта “Людзі на балоце” кажа, што Кузніца – гэта добрае месца для сустрэчаў і таксама для адзначэння ўгодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі:

Я не хачу казаць нейкія пафасныя словы, але, зразумела, што гэта адна з такіх гістарычных падзей, якая была прадвеснікам беларускай дзяржаўнасці. Гэта першая спроба ўшанавання народнасці і атрымання незалежнасці.

У мясцовым Доме культуры ў Кузніцы сабраліся людзі з абодвух бакоў мяжы. Прысутных уразіла выкананне гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ў рок-метал аранжыроўцы маладога калектыва з Міхалова „Dead Insemination”. Мерапрыемства, аздобленае тэатральнай пастаноўкай і музычнымі выступамі, было прысвечана Дню Волі.