27-29 сакавіка ў Лондане адбылася навуковая канферэнцыя «Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі».
Канферэнцыю арганізавалі найстарэйшыя беларускія арганізацыі Вялікабрытаніі — Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі і Англа-беларускае таварыства. Партнёрамі канферэнцыі выступілі Універсітэцкі каледж Лондана, «Часопіс беларускіх даследаванняў», Амбасада Літоўскай рэспублікі, «Belarus Digest», Цэнтр пераходных даследаванняў і Прафесійная асацыяцыя беларусаў Брытаніі.
Айцец Аляксандр Надсан праводзіць экскурсію ў Беларускім музеі. Фота: Яраслаў Крывой
Падзея пачалася з малітвы за беларускі народ, якую адслужыў айцец Аляксандр Надсан. У сваім вітальным слове ён адзначыў важную сімвалічную ролю Кастуся Каліноўскага і Дня Волі ў кантэксце сучасных падзеяў у Еўропе. Айцец Надсан правёў экскурсію па беларускай Скарынаўскай бібліятэцы і музеі.
Удзельнікаў прывіталі сябры аргкамітэта канферэнцыі — Караліна Мацкевіч, Джым Дынглі і Яраслаў Крывой. Ад Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі выступіў Мікола Пачкаеў.
28 сакавіка асноўная частка канферэнцыі сабрала блізу 50 удзельнікаў ва Універсітэцкім каледжы Лондана. Навукоўцы з Беларусі, Польшчы, Літвы і Вялікабрытаніі прадставілі больш за 15 дакладаў, звязаных з гістарычнымі, літаратурнымі і палітычнымі аспектамі спадчыны Кастуся Каліноўскага.
З вітальным словам па-беларуску перад удзельнікамі выступіла амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Лондане Аста Скайсгірайце-Ляўшкене, а таксама былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі і цяперашні старшыня Англа-беларускага таварыства Браян Бэнэт.
Увечары адбылося адкрыццё выставы «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка» ў галоўным будынку Універсітэцкага каледжу Лондана, арганізаванай Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам.
29 сакавіка пасля акадэмічнай часткі канферэнцыі ўдзельнікі далучыліся да святкавання Дня Волі ў Беларускім доме, якое суправаджалася фотавыставай, прысвечанай паўстанню Кастуся Каліноўскага.
Канферэнцыя сталася найбуйнейшай акадэмічнай падзеяй, прысвечанай Беларусі ў Вялікабрытаніі за апошнія дзесяцігоддзі. Па выніках канферэнцыі плануецца выдаць спецыяльны нумар «Часопіса беларускіх даследаванняў» на ангельскай і беларускай мовах.
Удзельнікі канферэнцыі. Фота: Яраслаў Крывой