Каб Беларусь была на культурнай мапе Эстоніі!

Няўрымслівая і зменлівая вясна, якая то пырсне дажджом, то разгоніць хмаркі і сагрэе нашыя твары сонечнымі промнямі, урэшце надышла. У адзін з такіх свежых веснавых дзён - 23 сакавіка - у эстонскім горадзе Йыхві напоўніцу расцвіў… БЭЗ. Беларуска-Эстонскае Згуртаванне - БЭЗ - адзначала свой 25-гадовы юбілей.

Адзначала і вялікім канцэртам, які сабраў поўную канцэртную залу горада, і працай.

З Беларусі павіншаваць суродзічаў з Эстоніі са святам, паўдзельнічаць у юбілейнай канферэнцыі прыехалі Старшыня Рады Згуртавання “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская і сябра Рады, даследчык дыяспары Наталля Гардзіенка.

Канферэнцыю “Беларуская дыяспара Эстоніі: рэальнасць і надзеі” адкрывала старшыня БЭЗу Зінаіда Клыга. У яе ўступным слове прагучала нота трывогі за будучыню беларусаў замежжа:

“25 гадоў - прыгожая дата - добрая падстава спыніцца і агледзецца: што далей, як - далей?

Наш шлях нам добра знаёмы ад самага пачатку, калі мы былі поўныя захаплення, надзей, і да сённяшняга дня, калі за плячыма чвэрць стагоддзя і шмат чаго паменела: здароўя, захапленняў і надзей.

Нашы праблемы - не арыгінальныя. Мы ўсе, і не толькі беларусы, прыходзім да аднолькавых вынікаў.

Апынуўшыся ў большасці сваёй за межамі Беларусі не самахоць, мы застаемся беларусамі, але чым далей, тым больш страчваем сувязі з роднай зямлёй. І самае горкае, гэтыя сувязі так і не ўзнікаюць наноў або шчасна гінуць у нашых дзяцей і тым больш ўнукаў. Нам ім няма чаго даць, акрамя ўспамінаў і былых захапленняў і надзей.

Сённяшняя размова тут - гэта не зусім тыповая канферэнцыя. Гэта - магчымасць агучыць нашы назапашаныя праблемы ў прысутнасці прадстаўнікоў кампетэнтных органаў Беларусі і Эстоніі”.

І сапраўды, канферэнцыя сталася пляцоўкай для плённай і цікавай дыскусіі, якая разгарнулася паміж удзельнікамі.

Вядоўцай канферэнцыі абралі Маргарыту Астраумаву, якая стаяла ля вытокаў БЭЗу  і шмат гадоў была яго старшынёй.

Сваім дакладам Зінаіда Клыга распачала гутарку пра будучыню беларусаў Эстоніі. Яна згадала, што Беларуска-Эстонскае Згуртаванне стваралася 25 гадоў таму на хвалі адраджэння нацыянальнай свядомасці, на энтузіязме і веры ў свабоду і незалежнасць. У час гэтага пад’ёму ішоў актыўны дыялог дыяспары з Беларуссю. Беларусы Эстоніі маглі прыехаць да Міністра замежных спраў Беларусі, каб абмеркаваць пытанні па грамадзянстве або па візах, студэнты маглі выправіцца ў Беларусь на вучобу. У Эстонію да беларусаў прыязджалі навукоўцы, дзеячы культуры, творчыя калектывы. Ішоў актыўны абмен досведам і думкамі. Тады адчуваліся пэўныя перспектывы, тым больш што побач падрастала новае пакаленне беларусаў, якім таксама ўсё гэта было цікава.

“Сёння мы моцна пастарэлі, - працягнула Зінаіда Клыга. - І сёння ў нашых дзяцей з'явіліся іншыя прыярытэты. Мы застаемся апошнімі магіканамі, якія варацца ва ўласным соку і з цяжкасцю ўяўляюць, што будзе далей”.

Спадарыня Зінаіда прывяла звесткі па колькасці беларусаў у суседніх з Беларуссю рэгіёнах: так, дыяспара ў Расіі налічвае 840 тысячаў чалавек, ва Украіне - 275 тысячаў, у Латвіі жыве 90 тысячаў беларусаў, а ў Польшчы - 48 тысячаў. Такія адносна вялікія лічбы Зінаіда Клыга тлумачыць блізкасцю рэгіёнаў да Беларусі, памежныя тэрыторыі якіх уключаюць этнічныя беларускія землі, а таксама ўнутрысаюзнай міграцыяй за савецкім часам, калі “нас змяшалі, гатуючы дэмаграфічны кампот пад назвай “вялікая нацыя - савецкі народ”.

У Эстоніі паводле перапісу 2011 года доля беларусаў складае ўсяго 1% ад колькасці сталых жыхароў краіны. Гэта 12419 чалавек. У 1989 годзе, калі ствараўся БЭЗ, беларусаў у Эстонскай Рэспубліцы было 28 тысячаў.

“Але куды нас падзенеш? - кажа Зінаіда Клыга. - Мы ёсць, і мы не хочам ні з кім змешвацца, мы хочам заставацца беларусамі не толькі на сваёй кухні”.

Так, “апошнія магікане” застаюцца беларусамі, аднак не бачаць перад сабой перспектывы, а яна, паводле спадарыні Зінаіды, магчымая толькі тады, калі за імі стане маладое пакаленне, зацікаўленае ў сваёй беларускай ідэнтычнасці.

“Нашы дзеці выраслі ў рускамоўным асяроддзі, і для іх пагружэнне ў беларускасць не ёсць надзённай патрэбай, - тлумачыць старшыня БЭЗ. - У нашых умовах адных намаганняў сям'і - мала”.

А што ж патрэбна? Трэба, каб Беларусь зрабілася цікавай, роднай і прыцягальнай для моладзі, каб яны адчувалі, што там іх карані, іх гістарычная Радзіма, якой яны патрэбныя, роўна як і тыя, што жывуць на гэтай зямлі.

У гэтым кантэксце спадарыня Зінаіда закранула тэму Закона аб беларусах замежжа, пра неабходнасць прыняцця якога гаворыцца ўжо 15 гадоў і які, выглядае, сёлета ўрэшце будзе канчаткова прыняты. Аднак у гэтым законе, як заўважыла дакладчыца, бракуе канкрэтных фармулёвак і рашэнняў. Яна выказала думку, што закон, хутчэй за ўсё, прымаецца пад ціскам грамадскасці і сыходзячы з сусветнай практыкі, а не таму, што дзяржава насамрэч зацікаўленая ў тых беларусах, якія пакінулі сваю краіну. Хаця, як падкрэсліла Зінаіда Клыга, падтрымка кантакту з дыяспарай і ўзмацненне яе сувязяў з метраполіяй - рэч зусім не новая. Яна пералічыла шэраг краін, якія маюць на заканадаўчым узроўні дакументы аб стасунках дзяржавы і замежных суайчыннікаў, і асобна спынілася на Польшчы і яе практыцы ўзаемадачынненняў паміж дзяржавай і дыяспарай. Так, у Польшчы быў распрацаваны адмысловы дакумент - карта паляка - які дзяржава на пэўных умовах выдае этнічным палякам, што жывуць па-за межамі краіны. Карта паляка дае ім шэраг важных правоў, якімі валодаюць польскія грамадзяне.

Аднак спадарыня Зінаіда выказала сумнеў, што такую карту будзе лёгка распрацаваць у адносінах да беларусаў: “Усё ж палякі ўжо шмат гадоў збіраюць свае этнічныя, культурныя і духоўныя каштоўнасці. Беларусь пакуль не настолькі зацікаўленая ў сваіх, сёння беларускасць сама не дужа цэніцца і лёгка замяняецца суседскімі каштоўнасцямі. Але хочацца думаць, што не заўсёды так будзе. Прынамсі, хочацца спадзявацца, што яшчэ пры нашым жыцці Беларусь пачне напраўду збіраць. Збіраць па вялікім рахунку СВАЮ гісторыю і СВАІХ суайчыннікаў, многія з якіх прынеслі славу краінам свайго пражывання... Яны - велізарны патэнцыял для Беларусі”.

Скончыла свой даклад Зінаіда Клыга такімі словамі: “Мы робім сваю маленькую справу. Нам хочацца адчуваць сябе патрэбнымі і тут, і на Беларусі. Гэта дасць сілы”.

Аляксандр Дусман, кіраўнік круглага стала нацыянальных меншасцяў пры павятовым старэйшыне Іда-Вірумаа, зрабіў цудоўную прэзентацыю, якая прадэманстравала, як шмат мерапрыемстваў за апошні час зладжана супольна нацыянальнымі культурнымі таварыствамі рэгіёна. Асабліва была падкрэсленая важнасць і значнасць аб’яднання розных нацыянальных таварыстваў дзеля правядзення таго ці іншага мерапрыемства. Такое супрацоўніцтва моцна ўзбагачае агульны культурніцкі фон, а таксама спрыяе выхаванню талерантнасці ў жыхароў паўночна-ўсходняй Эстоніі.

Вела Юхкоў, намеснік старэйшыны Йыхвіскай воласці, распавёў пра ўзаемаадносіны паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў і іх таварыствамі. І тут ёсць чаму павучыцца не толькі іншым рэгіёнам Эстоніі!

Без сістэмнага даследавання стану беларускай дыяспары, без наяўнасці ў Беларусі асобнай структуры, якая б паслядоўна рабіла гэтую працу, немагчыма зразумець, якія працэсы цяпер адбываюцца. Адпаведна, вельмі складана арганізаваць эфектыўную супрацу паміж Беларуссю і дыяспарай. Пра гэта, а таксама пра праблемы пераемнасці пакаленняў у беларускай эміграцыі, пра неабходнасць папулярызацыі ў самой Беларусі дзейнасці беларускіх асяродкаў за мяжой распавяла Наталля Гардзіенка, кандыдат гістарычных навук, сябра Рады “Бацькаўшчыны”.

Старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская адзначыла, што вялікім крокам у дзяржаўнай палітыцы ў стасунках з беларусамі замежжа ёсць тое, што нарэшце ў першым чытанні прыняты Закон “Аб беларусах замежжа”. Нагадала, што “Бацькаўшчына” прасоўвала гэтае пытанне з 2001 года. Аднак прыняцце Закона – гэта толькі першая кропка вялікага шляху. Тым больш што ён носіць хутчэй дэкларатыўны характар. Неабходная распрацоўка канцэпцыі сістэмнай супрацы паміж дзяржавай Беларусь і беларусамі замежжа. Неабходная змена стаўлення да беларусаў замежжа як да “адрэзанай лусты”. І беларусы ў Беларусі, і беларусы ў замежжы – гэта ўсё адна беларуская нацыя. Аднак пры нізкай самаідэнтыфікацыі беларусаў і да таго ж без сістэмнай падтрымкі дзяржавы ў недалёкай перспектыве “беларус замежжа” як панятак можа знікнуць.   

Усе выступоўцы адзначалі надзвычай актуальную агульную праблему - прыцягненне маладога пакалення беларусаў да дзейнасці культурных таварыстваў.

Саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Эстоніі Сяргей Рычэнка павіншаваў таварыства "БЭЗ" з юбілеем, падзякаваў яго кіраўнікам за тое, колькі высілкаў яны прыкладаюць дзеля яднання беларусаў, што яны робяць усё магчымае для захавання беларускай культуры, звычаяў народа, распавядаюць пра іх прадстаўнікам іншых нацыянальных суполак Эстоніі.

Ане-Лі Рэймаа, віцэ-канцлер Міністэрства культуры Эстонскай Рэспублікі, высока ацаніла дзейнасць БЭЗу і адзначыла, што дзякуючы Згуртаванню Беларусь яскрава прысутнічае на культурнай мапе Эстоніі.

Прыемнай нечаканасцю стала тое, што дэпутат Рыйгікогу Дзяніс Бародзіч – беларус. Ён расказаў аб дзейнасці міжпарламенцкай групы “Эстонія-Беларусь”, намеснікам старшыні якой з'яўляецца.

Пра дзейнасць асацыяцыі беларусаў Эстоніі “Бацькаўшчына” распавяла яе кіраўнік Ніна Савінава. А прадстаўнік Беларускага інфармацыйна-культурнага цэнтра ў Эстоніі VIKE Артур Цурбакоў прапанаваў у сувязі з 100-гадовым юбілеем з дня нараджэння Пімена Панчанкі, які будзе ў 2017 годзе, усталяваць яму помнік у Таліне. І зрабіць гэта менавіта аб’яднанымі намаганнямі беларускіх арганізацый Эстоніі.

Падводзячы вынікі канферэнцыі, Зінаіда Клыга зазначыла, што гэтая дыскусія дазволіць лепш сфармуляваць пажаданні да заканадаўчых органаў Беларусі і данесці да іх свае меркаванні па тых праблемах, якія сёння турбуюць эстонскіх беларусаў.

Пасля канферэнцыі ўсіх чакала ўрачыстая частка юбілейнай праграмы: святочны канцэрт, віншаванні і ўручэнне падарункаў ад шматлікіх гасцей з Эстоніі ды Беларусі. У зале быў поўны аншлаг! І не дзіўна: паслухаць ансамбль “БЭЗ” заўжды шмат ахвочых, а тут яшчэ і такая падзея - 25-гадовы юбілей Згуртавання. І з гэтай нагоды да юбіляраў завітаў ансамбль з Паставаў “Паазер’е”, які ўжо добра вядомы ўсім жыхарам Йыхві.

Ансамбль БЭЗу сустрэў гасцей цудоўнымі спевамі, хлебам ды соллю: у залу пусцілі адмыслова спечаныя з нагоды свята караваі. А потым усе прысутныя пачулі вітальнае слова старшыні БЭЗ Зінаіды Клыгі: “25 гадоў таму мы сказалі сабе: мы не хочам забываць, што мы беларусы! Мы хочам, каб тое, чым багатая наша Беларусь, і тут, у Эстоніі было нашым гонарам. Мы хочам, каб была жывою наша меладычная мова, каб наша багатая гісторыя і культура шанаваліся не толькі намі, але і іншымі эстоназямельцамі”.

Галоўнай каштоўнасцю Згуртавання спадарыня Зінаіда назвала людзей, якія застаюцца вернымі сабе, сваім продкам, сваім беларускім караням. А такіх людзей нямала: хтосьці працуе ўвесь час, хтосьці - дапамагае “на падхопе”, хтосьці з ахвотаю прыходзіць да землякоў на мерапрыемствы БЭЗу.

Спадарыня Зінаіда з гонарам прадставіла публіцы калектыў ансамбля “БЭЗ”, які існуе практычна ад самага пачатку існавання арганізацыі. А сярод выканаўцаў ёсць і тыя, хто разам з БЭЗам усе гэтыя гады! Гэта і Маргарыта Астраумава, якая стаяла ля самых вытокаў БЭЗу, шмат гадоў была яго старшынёй, і сама Зінаіда Клыга, цяперашняя старшыня, і Тамара Галкоўская разам з мужам Мікалаем, і Ларыса Маўко, Людміла Кандраценка – усе яны 25 гадоў у БЭЗе. Таксама шмат гадоў у ансамблі і Валянціна і Анатоль Пішчыкі, Хрысціна Старова, Таццяна Дэкельбаум, Анатоль Дзялоўскі і Наташа Грушэўская, Тэрэса і Лявонці Жыгадла, Тамара Ракавец, Уладзімір Янкоўскі, Надзея Міцкевіч, Леў Прусак.

Ансамбль цешыў гасцей чыстымі, меладычнымі галасамі неверагодна спеўных кампазіцый нібыта ў адказ на шматлікія віншаванні гасцей, што выходзілі на сцэну з кветкамі, падарункамі ды цёплымі словамі на адрас БЭЗаўцаў.

Права павіншаваць сябраў БЭЗу першымі далі гасцям, якія адмыслова з нагоды свята прыехалі з Беларусі.

Ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” віталі юбіляраў Ніна Шыдлоўская, старшыня Рады, і сябра Рады – Наталля Гардзіенка. У віншаванні спадарыня Шыдлоўская адзначыла: “Чвэрць стагоддзя таму, у 1989 годзе, намаганнямі неабыякавых да сваёй культуры і гісторыі беларусаў на эстонскай зямлі стварылася гэтая супольнасць. Яна была закліканая найперш яднаць тых, хто любіць Беларусь, захоўваць і папулярызаваць беларускую мову і культуру, годна прадстаўляць беларускую нацыю ў шматнацыянальным рэгіёне Іда-Вірумаа.  І сёння мы з гонарам адзначаем, што ўвесь мінулы час Беларуска-Эстонскае Згуртаванне на самым вышэйшым узроўні вырашала пастаўленыя мэты”. А ў дадатак да шчырых віншаванняў ды пажаданняў ад “Бацькаўшчыны” была перададзеная Падзяка за папулярызацыю беларускай культуры ў Эстоніі і памятныя падарункі. На просьбу Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” перадалі віншавальны ліст і дыван з выявай святой Еўфрасінні Полацкай.

Наступнымі на сцэну падняліся прадстаўнікі дзяржаўных структур Эстоніі. БЭЗаўцы і ўсе беларусы пачулі віншаванні ад віцэ-канцлера Міністэрства культуры па пытаннях культурнай разнастайнасці і знешніх стасункаў Ане-Лі Рэймаа, старшыні Йыхвіскай воласці Тауна Выхмара, дырэктара цэнтра культуры і інтарэсаў Ане Утэндорф, мэра города Кохтла-Ярве Яўгена Салаўёва.

Шчырыя віншаванні са сцэны прагучалі і ад прадстаўнікоў беларускіх суполак (прысутнічалі: кіраўнік Асацыяцыі беларусаў Эстоніі “Бацькаўшчына” Ніна Савінава, старшыня Таварыства беларускай культуры Нарвы ”Сябры“ Васіль Ждановіч, старшыня Таварыства беларускай культуры Сіламяэ ”Крыніца“ Сяргей Тульжэнка, прадстаўнікі Таварыства беларускай культуры Таліна ”Лёс“, старшыня Таварыства беларускай культуры Пярну “Лад” Аксана Волкава, сябра праўлення Беларускага інфармацыйна-культурнага цэнтра ў Этоніі Артур Цурбакоў).

Беларусы Йыхві сябруюць і плённа супрацоўнічаюць з суполкамі іншых нацыянальных меншасцяў. Таму не магла ўрачыстасць адбыцца без іх. Са сцэны БЭЗ віншавалі: старшыня яўрэйскай абшчыны Іда-Вірумаа Аляксандр Дусман, старшыня таварыства інгерманладскіх фінаў Майрэ Пятрова, старшыня Таварыства рускай культуры Кохтла-Ярве Роза Іванова, прадстаўнік татарскага таварыства Наіля Вілу, старшыня польскага таварыства Кохтла-Ярве Віктар Колесень, старшыня Славянскага таварыства з Ківіылі Раіса Вішнева.

Напрыканцы першай – віншавальнай часткі канцэртнай праграмы - вядучая Таццяна Дэкельбаўм ад імя БЭЗу выказала падзяку ўсім, хто дапамог падрыхтаваць і правесці святочнае мерапрыемства.

Прадстаўляючы апошнюю песню, якая ў выкананні Зінаіды Клыга прагучала ў той вечар, яна сказала: “Усё, што мы робім для сябе і для іншых, знаходзіцца ў полі зроку вышэйшых сілаў. Мы верым у гэта, часам не прызнаючыся самім сабе. Хочацца спадзявацца, што яно не пакіне нас, што з Божай дапамогай кожны з нас будзе і надалей ісці па жыцці. Для беларусаў святой апякункай з'яўляецца Еўфрасіння Полацкая”. Пра яе спяваецца ў баладзе беларуса з Латвіі Станіслава Валодзькі, якая прагучала ў выкананні Зінаіды Клыгі.

Падарункам не толькі для БЭЗу, але і для ўсяго горада стала другая частка канцэртнай праграмы – выступ фальклорнага ансамбля з Паставаў. “Паазер’е” ў Йыхві ведаюць і вельмі любяць даўно. Менавіта дзякуючы стасункам паміж ансамблем і БЭЗам завязаліся партнёрскія сувязі паміж Йыхві і горадам Паставы.

Дзякуй БЭЗу за цудоўнае свята! Дзякуй БЭЗу за тое, што беларускасцю прасякнута паветра Йыхві!

Здымкі Наталлі Гардзіенка і БЭЗу