У Бруселі прайшоў пікет да Дня Волі

25 сакавіка 2014 года ў сталіцы Еўропы - Бруселі - адбыўся пікет ў гонар Дня Волі. Пікет арганізаваны Офісам беларускай палітычнай эміграцыі (Антверпен). Удзельнікі пікету трымалі плакаты на ангельскай мове: “Беларусь – турма Расіі”, “ Лукашэнка – турэмны наглядчык Пуціна”, “Расія, рукі прэч ад Украіны і Беларусі” і інш. Дзень быў сонечны.

Публіка актыўна рэагавала. Да ўдзельнікаў падыходзілі, бралі ўлёткі і пыталіся аб сутнасці сітуацыі ў Беларусі. Таксама былі заўважаныя рускамоўныя “турысты” (некаторыя проста “назіралі”, іншыя - апраўдвалі цякучую агрэсыю Расіі супраць Украіны); таксама былі тут і “цітушкі”, якія агрэсіўна абвяргалі сэнс плакатаў пікету і называлі еўраадміністрацыю “дуракамі.”

Пасля пікету ўдзельнікі наведалі магілку кампазітара Міхаіла Равенскага ў горадзе Лёвэн (Фландрыя, Бельгія), аўтара музыкі беларускага нацыянальнага гімна “Магутны Божа”. Скончыўся святочны дзень у кафэ “Спорт-Лёвэн”.

Алесь Шпакоўскі