У Таварыстве беларускай культуры ўшанавалі 95-ю гадавіну абвяшчэння БНР

Ў старыну беларус, не падданы, Гаспадарыў, быў сам над сабою I далёка у свеце быў знаны За літоўскай і ляшскай зямлёю.

Але час прамінуў, і нядоля На народ, як бы камень, звалілась, Беларуская слава і воля Адышла, адцвіла, закацілась.

Алесь Гарун

25 сакавіка ў памяшканні Таварыства беларускай культуры ў Літве прайшла імпрэза, прысвечаная самаму вялікаму нацыяльнаму святу – абвяшчэнню першай Незалежнай Нацыянальнай Дзяржавы. Гэтае свята ў сённяшні дзень актуальнае як ніколі, бо ў чарговы раз навісла пагроза над нашай нацыяй, яе лёсам і будучыняй. Усходні агрэсар актывізаваўся і робіць усё, каб асіміляваць захопленыя былой імперыяй землі, якія знайшлі ў сабе сілы вырвацца з яе драпежных абдымкаў і абвесціць сябе незалежнымі дзяржавамі.

Свабода для многіх не была падарункам нябёсаў, а была выпакутавана дзядамі коштам іх ахвярных жыццяў. Яны не толькі заваявалі для нас правы вольнасці нашай Бацькаўшчыны, але захавалі свет продкавых дзён і перадалі нам гэтую найбагацейшую спадчыну, якую мы сённяшнія адрынулі і прынялі навязваную ўсходнім агрэсарам.

Такім чынам, дзякуючы шматпакутнаму і ахвярнаму жыццю продкаў, іх шчырым малітвам і была народжаная нашая нацыя і дзяржава. 25 сакавіка 1918 года беларусы атрымалі сваю першую дзяржаву ў найноўшай гісторыі, якая стала сведчаннем не толькі таго, што ў свеце ёсць такая нацыя як беларусы, але і таго, што ў гэтым свеце нічога знішчыць нельга. Як ні стараліся агрэсары выкараніць у беларусаў іх памяць – не змаглі, яна не толькі засталася, але і нарадзіла спрадвечныя мары на вольнасць зямелькі. І так паўстала новая дзяржава беларусаў.

Нараджалася яна ў крыважэрных вірах, якія ўтварыліся пасля распаду імперыі. На жаль, у тых абставінах першая дзяржава беларусаў не адбылася, але яна заклала падмурак, на якім узнікла новая незалежная Рэспубліка Беларусь. Праўда, сёння ўжо і яна далёкая як ад тых ідэалаў, так і ад самой Беларусі, але як факт існуе і сведчыць усяму свету пра існаванне беларусаў.

У тых далёкіх вірах 1918 года кволымі няўпэўненымі крокамі ступала па роднай зямельцы маці Беларусь. Упершыню, за доўгія дзесяцігоддзі нявечання ўсходнім агрэсарам яна змагла вольна ўздыхнуць, згуртаваць вакол сябе сваіх найлепшых дзяцей і стацца Дзяржавай. І адразу ж запаланіла сэрцы сваіх дзяцей, якія ўпершыню за апошнія стагоддзі паміралі са словамі “Беларусь” на сваіх вуснах. Упершыню беларусы паміралі не за інтарэсы чужых дзяржаў, імперый, а за сваю. Так, гэтая дзяржава праіснавала каля трох гадоў, але змагла запаліць сваю беларускую паходню і павесці за сабой сваіх дзяцей.

Лёс беларусаў і Беларусі ў ХХ ст. быў сімвалічным і вельмі кароткім. Але гэтага сталася дастаткова, каб наша дзяржава не толькі паўстала, але і замацавалася. Усходні агрэсар спрабаваў яе знішчыць цягам усяго ХХ стагоддзя. Тыранскі сталінскі рэжым патапіў практычна ўсю інтэлігенцыю і найлепшае сялянства ў крыві, не менш шкоды нанёс гітлераўскі рэжым. Затым новы савецкі тыранскі і агрэсарскі рэжым спрабаваў вынішчыць у беларусаў самае святое - мову і традыцыі. Праз доўгія дзесяцігоддзі вучыў іх любіць нейкага самазванага старэйшага брата, даказваў нікчэмнасць беларускай мовы, культуры, літаратуры, але ўрэшце згінуў сам. І ў чарговы раз паўстала Беларусь...

Ідзе час. Адроджаны агрэсар зноў спрабуе спыніць працэсы паўстання на сваіх акрываўленых абломках новых дзяржаў. Не можа ўсходні сусед ні прызнаць, ні прымірыцца з тым, што людзі, нацыі і дзяржавы жадаюць жыць без яго. Людзі прачнуліся, хаця яны ніколі не спалі. Праз доўгія дзесяцігоддзі дзікай русіфікацыі і асіміляцыі яны захоўвалі старыя дзедаўскія паданні і малітвы і пранеслі іх у ХХІ стагоддзе. І пранясуць яшчэ праз доўгія тысячагоддзі. Запаленую паходню ўжо немагчыма бясследна затушыць.

Права на мову і на самавызначэнне адабраць немагчыма. Як немагчыма выкараніць памяць пра бацькоў і месца, дзе нарадзіўся. Так, у ХХ стагоддзі беларусы шмат здабылі, але яшчэ больш страцілі. Забыліся многія на мову, на дзедаўскія традыцыі і веру, але пакуль не забыліся, што яны беларусы. І  ХХ стагоддзе гэта паказала. Як толькі з’яўлялася магчымасць у беларусаў быць беларусамі, яны імі станавіліся. І ніводзін акупацыйны рэжым, які прайшоўся па нашай зямельцы ў мінулым стагоддзі, не змог вынішчыць нацыю, не змог яе разарваць з каранямі. І ў гэтых, сёння прыніжальных умовах, выстаіць і адродзіцца.

25 сакавіка 1918 года беларусы не засталіся ў баку, не згубіліся, а згуртаваліся і нарадзілі сваю дзяржаву. Гэта і ёсць сведчаннем жывучасці нацыі і таго, што акупантам і агрэсарам так і не ўдалося знішчыць і асіміляваць наш народ. Тады, у пачатку стагоддзя, мы не мелі ні беларускіх школ, ні ўніверсітэтаў, ні сваёй царквы, але змаглі ўсвядоміцца нацыяй і нарадзіць дзяржаву. Ці не сведчанне жывучасці?

І гэтыя ўсходы беларускасці ўжо не змог вынішчыць усходні сусед і пагадзіўся на стварэнне БССР. І беларуская мова выйшла з сялянскіх хатаў і стала мовай інтэлігенцыі, навукі, мастацтва, культуры, палітыкі. І так запрацавалі ўсе чыннікі, якія неабходныя былі для стварэння і захавання беларускай нацыі. Вядома, зразумеўшы свае памылкі і недальнабачнасць, усходні агрэсар спрабаваў выправіць сітуацыю. Але, як плынь вады, якая прарвала плаціну, так і плынь народжанай нацыі ўжо не спыніць.

І сёння мы выйшлі ў ХХІ стагоддзе маючы ўсё. Вядома, нізкая самасвядомасць, гібельны стан дзедаўскай мовы, але ёсць надзея, надзея не толькі на лепшую будучыню, але і на непераможнасць нацыі.

Памяць беларусаў знішчыць немагчыма. Гэтаму было чарговае падзвярджэнне 22 сакавіка гэтага года, калі сотні беларусаў прайшліся вулачкамі Вільні пад бел-чырвона-белымі сцягамі і нацыянальнымі спевамі, адзначаючы гадавіну памяці свайго героя Кастуся Каліноўскага. У іх свядомасці застаўся гэты герой, у той час як імёны карнікаў ніхто не ведае, ніхто не памятае, ніхто не ўшаноўвае.

Вільня заўжды была важным цэнтрам не толькі ў жыцці беларускай нацыі, але і ў фарміраванні нацыянальнай свядомасці. Без удзелу беларусаў-віленчукоў магло б не быць і 25 сакавіка 1918 года. І менавіта тут, у Вільні, гэтае свята ўшаноўвалася і тады, калі ў Беларусі яно было забаронена і большасць беларусаў пра яго нічога не ведала. І сёння тут, у Вільні, беларусы зноў вольна крочаць з бел-чырвона-белымі сцягамі, а значыць нясуць Беларусь наступным пакаленням.

Віленская традыцыя адзначэння 25 сакавіка была неперарыўнай. Праз усё ХХ стагоддзе беларусы-віленчукі збіраліся і адзначалі сваё найвялікшае свята. Былі часы, калі гэта рабілі патаемна, але рабілі. І сёння ў чарговы раз сабраліся ў Вечным Горадзе, каб не перарваць традыцыю і перадаць Беларусь наступным пакаленням.

Д-р Алесь Адамковіч

Вільня 25 сакавіка 2014 г.