Беларуска-Эстонскае Згуртаванне адзначыла 25-гадовы юбілей

У гэтыя выходныя беларусы Эстоніі святкавалі юбілей найстарэйшай беларускай суполкі ў гэтай краіне. Беларуска-Эстонскаму Згуртаванню споўнілася 25 гадоў. Каб павіншаваць сяброў “БЭЗу”, з Мінска на святочныя ўрачыстасці завіталі старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская, а таксама сябра Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” Наталля Гардзіенка. Яны ўзялі ўдзел у канферэнцыі “Беларуская дыяспара Эстоніі: рэальнасць і надзеі”, а таксама перадалі віншаванні і падарункі ад “Бацькаўшчыны” падчас урачыстага канцэрту.

У хуткім часе на нашым сайце з’явіцца больш поўны рэпартаж і фотаздымкі са святкавання, а пакуль прапануем вам пазнаёміцца матэрыялам, падрыхтаваным парталам DELFI.

 

У Йыхві прайшло святкаванне 25-годдзя Беларускага культурнага таварыства "БЭЗ"

Перад пачаткам святочнага канцэрта ў малой зале Канцэртнай дома прайшла канферэнцыя, прысвечаная юбілейнай даце. Аб дзейнасці таварыства "БЭЗ" распавяла яго старшыня Зінаіда Клыга. У канферэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх культурных таварыстваў з Таліна, Маарду, Пярну, Палдзіскі, Нарвы, Сіламяэ, Мінска, кіраўнікі мясцовых самакіраванняў Паўночнага Усходу, Міністэрства культуры Эстоніі.

Кіраўнік круглага стала нацыянальных меншасцяў пры павятовым старэйшыне Іда-Вірумаа Аляксандр Дусман у сваім выступе асвятліў дзейнасць нацыянальных культурных таварыстваў рэгіёну, іх ролю ў выхаванні талерантнасці ў жыхароў паўночна-ўсходняй Эстоніі.

Пра тое, як жывуць і ставяцца адзін да аднаго прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, распавёў намеснік старэйшыны Йыхвіскай воласці Вела Юхкоў. Госці з Мінска - кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка і старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская - зрабілі паведамленні аб узаемаадносінах так званай метраполіі з замежнымі дыяспарамі. Усе выступоўцы адзначалі наяўную праблему - прыцягненне маладога пакалення беларусаў да дзейнасці культурных таварыстваў.

Саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Эстоніі Сяргей Рычэнка цёпла павіншаваў таварыства "БЭЗ" з юбілеем, падзякаваў яго кіраўнікам за тое, што яны робяць усё магчымае для захавання беларускай культуры, звычаяў народа, распавядаюць пра іх прадстаўнікам іншых нацыянальных суполак Эстоніі.

На канферэнцыі выступіў дэпутат Рыйгікогу Дзяніс Бародзіч. Ён распавёў аб дзейнасці міжпарламенцкай групы Эстонія-Беларусь, намеснікам старшыні якой з'яўляецца.

Затым на святочна ўпрыгожанай сцэне вялікай залы Канцэртнай дома адбыўся ўрачысты канцэрт. Перад яго пачаткам віцэ-канцлер Міністэрства культуры Эстоніі Аннэ-Лі Рэймаа, старэйшына Йыхвіскай воласці Таўна Выхмар, мэр Кохтла-Ярве Яўген Салаўёў, госці з беларускага горада-партнёра Паставы, дыпламат Сяргей Рычэнка і іншыя павіншавалі таварыства "БЭЗ" з юбілеем і ўручылі памятныя падарункі.

Яўген Капаў

Здымкі са святкавання можна паглядзець па спасылцы.