У Вільні ўшанавалі 150-ую гадавіну з дня страты Героя Кастуся Каліноўскага

Толькі тады, мой народзе, зажывеш у шчасці і згодзе, калі маскаля над табою не будзе (Кастусь Каліноўскі)

Прайшло 150 гадоў... На жаль, у бегу гэтага паўтара стагоддзя для нашых земляў змянілася не так і шмат: змяніўся час, змяніліся дзяржавы, у якіх мы жывём, але праблемы засталіся тыя самыя. Як тады, так і цяпер наша зямелька не стала вольнай; як тады, так і цяпер нам пагражае той самы ўсходні агрэсар. Нашыя героі ў свядомасці многіх беларусаў становяцца ворагамі, бо змагаліся за вольнасць і незалежнасць Бацькаўшчыны, а не за любоў да ўсходняга агрэсара. Але памяць пра іх мы пранеслі і сёння захапляемся іх ахвярнасцю і гераізмам і ўшаноўваем іх святыя імёны, у той час як імёнаў агрэсараў мы і не ведаем. Не ведаюць іх і там, на ўсходзе. Яны не патрэбныя ні тут, ні там. Яшчэ больш, імёны нашых герояў і сёння наводзяць перапалох на ўсходзе. А гэта значыць - наш народ непераможны.

І сведчаннем гэтаму было адзначэнне 150-х угодкаў з таго дня, калі царскія карнікі пазбавілі жыцця сімвала нацыі – Героя Кастуся Каліноўскага. Памяць пра яго народ ужо нясе 150 гадоў, і стала зразумела, што, нягледзячы ні на якія прапаганды і забароны, гэтае імя з сэрца беларусаў ужо не выкараніць. Яно ўрасло ў душы і свядомасць панявольнае нацыі і пабуджае нас не забывацца аб тым, хто мы такія, што мы дзеці еўрапейскай цывілізацыі. І гэтае імя і сёння заахвочвае нас змагацца супраць таго самага самазванца і ўзурпатара і дае надзею, што мары пра вольнасць і веліч Бацькаўшчыны збудуцца.

150 гадоў таму яго душа ўзляцела ў веліч нябёсаў і адтуль спазірае на нас і разам з намі ўзносіць малітвы да велічнага Бога. У іх – вечнасць нашае збалелае Бацькаўшчыны, надзея на вольнасць і вера ў тое, што і мы запануем у сваёй старонцы.

22 сакавіка беларусы сабраліся ў сваім Вечным Горадзе, каб прайсці апошнім шляхам свайго Героя і засведчыць грамадскасці, што акупантам так і не ўдалося знішчыць ні нацыю, ні нацыянальную памяць. Гэтым разам сімвалічным было і само ўшанаванне памяці Кастуся Каліноўскага, бо ўдзельнікі паўтарылі той шлях, якім ішоў і наш Кастусь, ахвяроўваць сваё маладое жыццё, каб над намі больш “маскаля не было“.

Урачыстасці распачаліся з Імшы ў падамініканскім касцёле, якую адправіў кс. Даніла Сваяк. Менавіта ў гэтым касцёле паўстанцы прысягалі на вернасць Богу і народу і з яго сценаў выходзілі, каб бараніць Бацькаўшчыну. У мурах гэтага касцёла апошнія дні зямнога пілігрымавання правёў і Герой Кастусь Каліноўскі.

Пра важнасць і сімвалічнасць гэтага дня і таго, што служба адбываецца ў гэтым месцы гаварыў і кс. Даніла. Ён адзначыў, што нічога бясследна не знікае. Сто гадоў таму тут маліліся па-беларуску беларускія ксяндзы Адам Станкевіч, Язэп Германавіч, Казімір Стэповіч. Тут 150 гадоў таму маліўся і Кастусь Каліноўскі. І сёння тут молімся мы.

Пасля паніхіду за супакой душы Кастуся адслужыў грэка-каталіцкі святар Яўген Усошын.

Усклаўшы кветкі да шыльды Кастуся Каліноўскага, якая знаходзіцца на мурах гэтага касцёла, удзельнікі паўтарылі той самы шлях, якім ішоў і Кастусь у апошні дзень свайго прабывання ў гэтым свеце. Шэсце, у якім узялі ўдзел некалькі сотняў беларусаў, расцягнулася доўгім ланцугом па вуліцах Вільні. Уперадзе – партрэт Кастуся, які ў чарговы раз паўтарыў свой апошні зямны шлях. Шматлікіх жыхароў і гасцей літоўскай сталіцы ўразіла і зацікавіла калона з пераважна бел-чырвона-белымі сцягамі.

На тым месцы, дзе Кастусь адышоў у нябесную Беларусь, нас чакалі вядомыя літоўскія палітыкі: Вітаўтас Ландсбергіс, Эмануэліс Зінгерыс. Яны не толькі праявілі салідарнасць з нашым народам, але засведчылі, што літоўцы і беларусы заўжды былі разам і няма патрэбы, каб гэтыя даўнія суседскія і сяброўскія адносіны перарваліся. Як адзначыў праф. В.Ландсбергіс, менавіта ўсходні агрэсар робіць шмат правакацыяў для таго, каб пасварыць нашыя народы. Таму не трэба на іх паддавацца, трэба быць разам. Эмануэліс Зінгерыс звярнуў увагу на агульнасць праблемаў для літоўцаў і беларусаў і на тое, што ў гісторыі мы мелі шмат агульнага. Так як і беларусам, літоўцам таксама забаранялі быць літоўцамі, пазбаўлялі іх нацыянальнай памяці, не дазвалялі друкаваць кнігі па-літоўску. Але гэта літоўцы вытрымалі і перамаглі. І сёння літоўцы аказваюць і будуць аказваць дапамогу беларусам на шляху да здабыцця незалежнасці.

Каля крыжа таксама прамаўлялі вядомыя беларускія дзеячы і палітыкі. Хведар Нюнька ў сваёй прамове адзначыў, што і тут не ўсё проста. Напрыклад, паўстае праблема захавання месца памяці Кастуся Каліноўскага на Лукішскім пляцы, бо будзе праводзіцца рэканстуркцыя Лукішак і ні ў адным з падтрыманых праектаў не захаванае гэтае месца. Таму ТБК будзе рабіць усё магчымае, каб гэты сімвал для беларусаў захаваць.

У сваіх прамовах Мілінкевіч, Някляеў, Сіўчык і інш. звярнулі ўвагу на праблему ўсходняга агрэсара, маўляў, нягледзячы на тое, што прайшло 150 гадоў, нічога не мяняецца. І пацверджанне гэтаму - сітуацыя ва Украіне. Імперыя не можа супакоіцца. Даследчык жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага Язэп Янушкевіч прачытаў успаміны аднаго з царскіх пісьменнікаў, дзе ён апісваў апошнія моманты зямнога жыцця Каліноўскага. Далей зазначыў важнасць гэтай даты і таго, што памяць пра героя не забытая.

Мерапрыемствы да 150-й гадавіны завяршылася ў ЕГУ канцэртам. У чарговы раз было засведчана, што мы беларусы, што нашая гістарычная памяць жыве, мы памятаем і ведаем хто мы, адкуль мы, куды ідзем і чаго хочам. І нас ужо не спыніць. Калі 150 гадоў таму яшчэ не было ў нас свядомасці, не было нашае беларускасці, нашае дзяржавы, то цяпер мы гэтае ўсё маем. І колькі б нас агрэсар не спыняў, зрабіць ён гэта не ў стане. І таму найлепшае пацвярджэнне 22 сакавіка 2014 года ў Вільні, калі сотні беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі, з беларускай мовай і нацыянальнымі спевамі пракрочылі вуліцамі Вечнага Горада, ушаноўваючы памяць Героя Кастуся Каліноўскага і сведчачы сабе, свету і акупанту, што нас “не спыніць і не стрымаць”.

Д-р Алесь Адамковіч

Вільня

23 сакавіка 2014 г.