Дыктоўка на традыцыйны “Ліст з-пад шыбеніцы” была прысвечаная 150-м угодкам смерці беларускага героя, а таксама 8-й гадавіне памятнай Плошы-2006, у час якой пратэстоўцы перайменавалі Кастрычніцкую плошчу ў Мінску ў Плошчу Каліноўскага. Дыктоўка была напісаная на трох мовах: беларускай, украінскай і польскай.
Гэта было зроблена для таго, каб падкрэсліць важнасць апошніх падзей ва Украіне для беларускай і польскай супольнасцяў, каментуе адзін з суарганізатараў акцыі Зміцер Бародка.
- Гэтая дыктоўка нагадвае беларусам пра іх мінуўшчыну, пра падзеі не толькі 8-гадовай даўніны, але і пра нашых славутых продкаў. У той час, калі адбываюцца падзеі ва Украіне, расійскі імперыялізм ізноў паказвае сваё аблічча. Мы мусім памятаць, што ў беларусаў былі свае героі, якія адстойвалі сваю нацыянальную адметнасць, незалежнасць. Я думаю, гэта добры прыклад выхавання новага пакалення.
Мерапрыемства адбылося ў Беларускім доме ў Варшаве.