Дарагія суродзічы!
Галоўная ўправа Беларуска-амерыканскага задзіночання сардэчна віншуе вас з надыходзячым святам 25 Сакавіка!
На чужыне і на Бацькаўшчыне мы адчулі і зразумелі, як гэта важна - мець за сабою краіну, нацыю, не быць "перакаці-полем", мець свае карані і сваю гісторыю. Сярод іншых народаў мы называем сябе беларусамі і ганарымся тым, што можам паказаць на мапе свету прадстаўнікам іншых народаў краіну пад назваю "Рэспубліка Беларусь" - нашу Бацькаўшчыну.
Але такой магчымасці магло і не быць, каб у сакавіку 1918 года найлепшыя сыны беларускага народу не ўзялі на сябе смеласць вырашыць лёс сваёй краіны пасля распаду Расійскай імперыі, што трымала нас пад няволяю. У тыя вясновыя дні, калі адраджалася да новага жыцця ўся прырода, адрадзілася і наша Бацькаўшчына. Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года дало пачатак новай гісторыі Беларусі.
Будаўніцтва адроджанай беларускай дзяржавы не скончана і да сёння. Яно адбывалася і адбываецца цяпер у цяжкіх пакутах і выпрабаваннях. Дэмакратычныя змены ў суседняй Украіне даюць надзею і нам вызваліцца ад кайданоў мінулага, каб вольна і смела крочыць у будучыню. Згадаем разам аптымістычныя радкі з вядомай песні "Крыніцы":
Надыдзе ранне свежае!
І новы дзень адбудзецца!
І зазвініць капежамі,
І збудзецца, і збудзецца!