Акадэмік Імператарскай Расійскай акадэміі - Яўхім Карскі, выбітны філолаг-славіст, этнограф, палеограф, бібліёграф, фалькларыст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства ў 1903 годзе ў 1-ым томе сваёй грунтоўнай працы “Беларусы” пісаў: “Хоць назва “Масленіца” і сустракаецца ўжо ў старадаўніх летапісах (напрыклад, у Цвярской пад 1177 г.), аднак яно не можа лічыцца старажытным, узніклым яшчэ ў эпоху паганства. Паходжанне гэтага слова і разгулу, якім суправаджаецца Маслены тыдзень, адносіцца да часу хрысціянства. Значыць, і ўвасабленні, у якіх з'яўляецца Масленіца, напрыклад у вялікарусаў, таксама больш позняга часу, калі толькі гэтыя увасабленні не замянілі сабой якіх-небудзь больш старажытных абрадаў і увасабленняў з ранейшага светасузірання.
У Беларусі святкаванне Масленіцы адбываецца даволі блякла. Няма і тых абрадаў, якія заўважыў у вялікарусаў Сахараў. Катанне з гор дзе-нідзе бывае; аб кулачных бойках нічога не чуваць. Не возяць і ўпрыгожаных дрэваў і мужыкоў ці жанчын, якія паказваюць Масленіцу”. (Яўхім Карскі. "Беларусы". Мінск. "Беларускі кнігазбор". 2001 г. - стар 247.).
Пацвярджэнне словаў Яўхіма Карскага мы знаходзім і ў іншых этнографаў, якія даследавалі традыцыі беларусаў у ХІХ стагоддзі. Сапраўды, беларусы, у адрозненне ад рускіх, фактычна не адзначалі Масленіцу. Толькі дваране, беручы прыклад з рускіх памешчыкаў, наладжвалі ў сябе рознага роду весялосці. Адам Кіркор у кнізе “Живописная Россiя” (том трэці, частка другая, “Беларускае Палессе”, стар. 256), выдадзенай у 1882 годзе, піша, што “ў дваранскіх дамах” на Масленіцу ладзілі “раз'езды ў вялікім таварыстве да суседзяў, часта пераапранутымі, у масках...”. Але і ён адзначае, што нават беларускія дваране Масленіцу так шырока не святкуюць, як у іншых расійскіх губернях.
Затое ўсе этнографы ў адзін голас сцвярджаюць, што беларусы канчатак зімы і пачатак вясны адзначаюць іншым святам у канцы сакавіка - “Гуканнем Вясны”. Але манера гэтага свята сур'ёзна адрозніваецца ад рускай Масленіцы.
Зыходзячы з гэтых сцвярджэнняў, нашае Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК ) і Моладзевы клуб “Крывiчы” ні разу за ўсе 18 гадоў існавання не адзначалі Масленіцу, і наадварот, кожны год збіраліся на Гуканне Вясны.
Аднак сёлета да Моладзеваму клуба “Крывiчы” звярнуліся прадстаўнікі Упраўлення культуры адміністрацыі горада Іркуцка і кіраўніцтва “Дома рамёстваў” Музея гісторыі г. Іркуцка па дапамогу ў арганізацыі свята Масленіца.
Сёлета ў Іркуцку было прынятае рашэнне правесці свята шырока, з размахам і адразу на некалькіх пляцоўках. Нам выпаў гонар прадставіць сваю творчасць на галоўнай цэнтральнай пляцоўцы каля стадыёна “Труд”. Прычым нас папрасілі выступіць адразу ў некалькіх намінацыях.
Па-першае, разам з майстрамі Іркуцка прадставіць выставу вырабаў у беларускай традыцыі саломапляцення, поясапляцення, вырабаў з лёну. Што мы, вядома ж, і зрабілі, і атрымалі прыз за першае месца ў намінацыі “Найлепшае афармленне”.
Па-другое, узялі ўдзел у канцэртнай праграме. Нашыя дзяўчаты з ансамбля аўтэнтычных спеваў “Крывiчы” (кіраўнік Воля Галанава) выканалі песні з галоўнай сцэнічнай пляцоўкі.
І, па-трэцяе, мы арганізавалі масавыя танцы з гледачамі, якія з задавальненнем адгукнуліся на выкананне простых, але вельмі арыгінальных беларускіх танцаў. Было вельмі цікава глядзець здалёк, як уся плошча перад сцэнай рытмічна рухалася пад гукі “Маразулі”.
Што рабілася на іншых пляцоўках нашага горада ў гэты дзень, мы, на жаль не ведаем. Але ў нас было весела. Асабліва было прыемна, што да нашай выставы падыходзіла вельмі шмат людзей, у тым ліку і беларусы, якія жывуць у Іркуцку, але якія раней не ведалі (або ведалі, але не даходзілі) пра існаванне беларускай суполкі ў Прыбайкаллі. Я нават сустрэў пару сваіх землякоў, з Полацка і з Віцебска.
Так што свята атрымалася! Дзякуй арганізатарам. І асобны дзякуй рэжысёру свята - Эверставай Лідзіі Рыгораўне. Масленіца прайшла весела і цікава!
Алег Рудакоў