7 сакавіка 2014 мы планавалі сабрацца на другую сустрэчу ў рамках новага праекта “На гарбатку ў пятніцу” па вывучэнні ў інтэрактыўнай форме беларускай мовы (ініцыятар Воля Галанава).
Аднак напярэдадні нашай сустрэчы з Беларусі прыйшла сумная вестка - 2 сакавіка 2014 г. памёр Рыгор Барадулін...
Фармат урока адразу ж змяніўся. Мы вырашылі правесці вечар памяці, прысвечаны Народнаму паэту.
І вось увечары 7 сакавіка мы сабраліся ў музеі-майстэрні “Беларуская хата” на вуліцы Польскіх паўстанцаў, 18б, каб аддаць даніну павагі класіку беларускай літаратуры - Рыгору Барадуліну.
Спачатку, ва ўступным слове, я распавёў пра трагічную вестку, аб сваіх асабістых успамінах пра паэта, бо я меў гонар пазнаёміцца з ім і некалькі разоў сустракаўся. Я памятаю, як спадар Рыгор цікава назваў мяне пры сустрэчы: “А, ты таксама полацкі малец...” Мы з ім аказаліся непасрэднымі землякамі, з суседніх раёнаў: ён з Ушацкага, а я з Полацкага. Да гэтага я неяк не звяртаў увагі, што, сапраўды, у нас на Полаччыне хлопцаў называлі не “хлопцы”, як па ўсёй Беларусі, а “мальцы”. Яго зборнік твораў “Ксты” таксама асабліва дарагі мне, бо вёска Ксты знаходзіцца пад Полацкам якраз па дарозе да маёй вёскі на адлегласці 18 км.
Затым слова ўзяла Воля Галанава, якая пазнаёміла ўсіх з біяграфіяй Рыгора Барадуліна, яго творчым шляхам.
А затым мы перайшлі непасрэдна да ўрока. І падчас урокаў у нас гучаў толькі Р.Барадулін.
Лейтматывам усяго занятку стаў верш Рыгора Барадуліна “Трэба дома бываць часцей”. Для беларусаў Іркуцка словы паэта найбольш актуальныя, бо мы, асабліва народжаныя ў Беларусі і воляй лёсу закінутыя за 6000 км. ад Радзімы, дома бываем зусім не часта.
Гэта, безумоўна, выклікае не толькі настальгію па родным краі, але і моцную тугу па сваёй хаце, доме бацькоў. І Рыгор Барадулін у гэтым вершы адлюстраваў і смутак, і ў той жа час абгрунтаваў неабходнасць прыезду да свайго агменю.
Мяне, дарэчы, вельмі часта здзіўлена пытаюць, чаму я не езджу на мора ці ў экзатычныя краіны, маўляў - няўжо ня цікава? Вядома, цікава. Я люблю падарожнічаць, але калі мне выпадае магчымасць, кірунак майго падарожжа заўсёды адзін: на Захад, у Беларусь, да маіх родных...
Пасля чытання верша “Трэба дома бываць часцей” усім удзельнікам вечару было прапанавана зрабіць самастойны даслоўны пераклад гэтага верша з беларускай на рускую. Лепш за ўсіх з заданнем справілася Алена Сіпакова. Яе варыянт быў агучаны аўдыторыі.
Пасля гэтага я сцісла распавёў аб асноўных правілах вымаўлення беларускіх гукаў, і мы пачалі чытаць вершы Рыгора Барадуліна па чарзе з самастойным перакладам.
Знайшлося месца ў нашым ўроку і дзіцячым вершам Барадуліна. Я прачытаў некалькі дзіцячых вершыкаў-загадак. Наша аўдыторыя паказала сваю кемлівасць. Усе загадкі былі разгаданыя.
Затым мы слухалі касету з жывым голасам паэта. У мяне знайшоўся зборнік народных песень у выкананні паэта “Гойкнуў баравік”. Але мы не проста слухалі, а, праслухаўшы, па чарзе перакладалі змест песень. Сустракаліся і некаторыя складаныя словы. У некаторых з нас гэта выклікала цяжкасці. Але ўсе разам мы спраўляліся з заданнямі.
Ну а скончыўся наш урок супольным выкананнем песні на верш Рыгора Барадуліна “Трэба дома бываць часцей”. Выканаць гэтую песню нам удалося з першага разу. Атрымалася дружна і прыгожа.
Кожны ўдзельнік нашага вечару дакрануўся да паэзіі Рыгора Барадуліна. Калі хто яго і не ведаў, то цяпер ён глыбока ўвайшоў у свядомасць кожнага з нас.
І мы будзем заўсёды памятаць нашага суродзіча, Народнага паэта Беларусі - Рыгора Барадуліна.
Алег Рудакоў