Расійская агрэсія супраць Украіны выклікала занепакоенасць у саюзнікаў Крамля па Еўразійскім саюзе. Спачатку Казахстан, а затым і Беларусь заявілі пра занепакоенасць сітуацыяй. А прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў заявіў пра сваё жаданне выступіць пасярэднікам у канфлікце Масквы і Кіева. Як ставяцца да сітуацыі грамадзяне Казахстана, якія маюць беларускія карані?
Па мацярынскай лініі родныя Аляксандры Раманавай — са Случчыны. Па бацькоўскай — з Чавусаў. Іх рэпрэсавалі пры сталінскім рэжыме. З таго часу сям’я асела ў Казахстане. «Сітуацыя з Украінай вельмі непакоіць жыхароў Казахстана», — кажа Аляксандра Раманава: «Дзе ні бываеш, усюды размовы пра Украіну. Вельмі ўстрывожаныя людзі абвастрэннем сітуацыі. У кожнай краіне павінна быць стабільнасць. Людзі гавораць: а што будзе далей? Што нам трэба рабіць? Як мы можам дапамагчы братняму ўкраінскаму народу? Гэта ж працоўныя людзі, мэтанакіраваныя. І як быць нам, каб падтрымаць такіх людзей?» Спадарыня Раманава кажа, што валодае казахскай мовай. Таму сочыць і за медыямі Казахстана. Але яны вельмі асцярожна апавядаюць пра канфлікт: «У нас з экранаў тэлевізара даюць толькі журналісцкія факты з месца падзеяў. А вось каб у сюжэтах была нейкая агітацыя, то гэтага дакладна няма. Думкі не выказваюцца. Толькі канстатуюцца факты: адбылося тое і тое. А каб нейкія прапановы прагучалі, то я такога не бачыла. А людзі, вядома, гавораць. І старэйшыя, і маладзейшыя: вось, Украіна! І вечарам выйдзеш прайсціся — адно і тое ж: Украіна. І гавораць з перажываннямі». Продкі Леаніда Піталенкі — з Лёзненскага раёна. Калісьці там у іх была свая зямля. Але лёс закінуў у Казахстан. Спадар Піталенка кажа: усе, каго ён ведае, вельмі шкадуюць, што склалася такая канфліктная сітуацыя:
«У любым выпадку праблемы ў адной краіне, тым больш — у суседзяў, ускосна закранаюць інтарэсы, асабліва маральна-псіхалагічныя, і іншага народу. Натуральна, што і ў Казахстане людзі неабыякава да гэтага ставяцца. Выказваецца адно жаданне — хутчэй бы гэты канфлікт вырашыўся». На думку Леаніда Піталенкі, дзяржаўныя СМІ Казахстана захоўваюць нейтралітэт пры асвятленні падзеяў ва Украіне: «Тое, што я казаў на пачатку размовы, грунтуецца і на інфармацыі, якую я бяру з мясцовых медыяў. А не толькі на настроях людзей, з якімі я сустракаюся. У цэлым СМІ Казахстана не мусіруюць гэтае пытанне. І яны не становяцца на нечы адзін бок». Аляксандра Раманава кажа: шкада, што раней у Маскве і Кіеве, Брусэлі і Вашынгтоне не прыслухаліся да мірных ініцыятываў прэзідэнта Казахстана: «Ён жа ў нас дыпламат, наш Назарбаеў. Ён, калі можна так сказаць, не пора гарачку. Заўжды прадумана дзейнічае».