Івонка Сурвілла: Беларусь можа стаць наступнай ахвярай маскоўскага імперыялізму

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла звярнулася да беларусаў з нагоды Дня Волі.

Свой зварот да беларусаў Івонка Сурвілла пачала з трагічных падзей ва Украіне. "Падзеі ва Украіне паказалі свету, да якой крайнасці Масква гатовая пайсці, каб вярнуць імперыю. Не звяртаючы ўвагі на законы міжнароднага суіснавання, на міжнародныя - ёю падпісаныя - дагаворы і на аднагалоснае асуджэнне ўсяго свету, Расія напала на суседнюю дзяржаву пад выдуманай падставай небяспекі, якая, маўляў, пагражае «рускамоўнаму» насельніцтву гэтай дзяржавы. У трыццатыя гады напад на суседнюю дзяржаву пад падобнай падставай быў першым крокам да страшнай сусветнай вайны, якую перажыло чалавецтва", - гаворыцца ў звароце.

Для Беларусі маскоўская агрэсія ў дачыненні да Украіны асабліва трывожная, таму што "калі свет адэкватна не зрэагуе, мы можам стаць наступнай ахвярай маскоўскага імперыялізму. Нагода будзе той жа: рускамоўнае насельніцтва Беларусі", - заявіла Івонка Сурвілла.

У 96-ю гадавіну Дня Волі старшыня Савета БНР заклікала годна адзначыць гэты дзень. "Гэтым вы нагадаеце свету, што і вы хочаце быць гаспадарамі на сваёй зямлі", - падкрэсліваецца ў звароце.

Ад імя Рады БНР Івонка Сурвілла выказала салідарнасць з украінскім народам і яго героямі, якія сёння змагаюцца супраць пуцінскай «імперыі зла». "Не дайце рэжыму ўцягнуць вас у гэтую імперыю. Мы на баку цывілізаванага свету, а не дзікіх агрэсараў", - адзначаецца ў звароце.