Ангельцы на службе беларушчыны: арыстакраты, палітыкі, навукоўцы

60 гадоў таму ў Лондане паўстала Англа-беларускае таварыства — адна з найстарэйшых і самых аўтарытэтных арганізацый беларускай дыяспары. “Беларусский журнал” пагартаў старонкі эміграцыйнай гісторыі ды паразмаўляў са старэйшынам беларускай суполкі ў Вялікабрытаніі айцом Аляксандрам Надсанам.

“Калі мы пачыналі, тут была пустэльня”

Пасля Другой сусветнай вайны Вялікабрытанія разам з шэрагам іншых заходніх краінаў адчыніла межы для беларусаў, якія не жадалі вяртацца ў СССР. Гэтак, напрыканцы 1940-х на Брытанскіх выспах апынуліся да дзесяці тысяч нашых суродзічаў — у асноўным жаўнеры 2-га Польскага корпуса брытанскіх узброеных сілаў (больш вядомага як армія Андэрса) і іх сем'і. Пазней, аднак, бальшыня з іх пераехала за акіян.

У 1946-м паўстала Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), што існуе дасюль. Усім светам, фунт да фунта, беларусы набылі грамадскую нерухомасць у Лондане — Беларускі дом на Пэн-Роўд, што стаў сядзібай ЗБВБ, і комплекс будынкаў у Паўночным Фінчлі, дзе ўтварыўся Беларускі рэлігійна-культурны цэнтр з грэка-каталіцкай царквой, школкай, бібліятэкай імя Францішка Скарыны. І сёння вакол гэтых адрасоў гуртуецца беларускае жыццё ў Вялікабрытаніі.

Трохі ўладкаваўшы жыццё, беларусы, пра якіх тады ў Брытаніі ніхто не чуў, пачалі заводзіць знаёмствы з месцічамі. 16 сакавіка 1954 года ў Лондане было абвешчана пра стварэнне Англа-беларускага таварыства (АБТ). Новая арганізацыя мусіла пашыраць папулярныя і навуковыя веды пра Беларусь, яе народ, гісторыю і культуру.

Выданне першага англамоўнага навуковага часопіса пра Беларусь The Journal of Byelorussian Studies (выходзіў з 1965 па 1988 гг., аднавіў выхад з 2012 г.), арганізацыя штогадовых курсаў лекцый па гісторыі, літаратуры і культуры Беларусі, удзел у навуковых канферэнцыях, выступы музычных калектываў і пераклад беларускай літаратуры на ангельскую мову — на гэтым засяроджвалася дзейнасць АБТ.

Не менш важным лідары беларускай грамады лічылі і завядзенне кантактаў сярод кіроўных элітаў брытанскага грамадства.

— Важна разумець, калі мы пачыналі, тут была пустэльня. Пра Беларусь і беларусаў ніхто нічога не ведаў. Таму усё, што рабілася Англа-беларускім таварыствам, было піянерскім, — тлумачыць “Журналу” рэктар Беларускай каталіцкай (уніяцкай) місіі ў Лондане, а таксама кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны айцец Аляксандр Надсан.

Дык хто ж яны, ангельцы на службе беларушчыны?

Дэвід Ормсбі-Гор і Кэтрын Макмілан

Дэвід Ормсбі-Гор. Фота: National Portrait Gallery, London

Першым прэзідэнтам Англа-беларускага таварыства стаў арыстакрат і дыпламат Дэвід Ормсбі-Гор (1918-1985). Пяты барон Гарлек і прапраўнук брытанскага прэм'ера Роберта Гаскойн Сесіла, ён быў прыкметным дэпутатам брытанскага парламенту ад кансерватыўнай партыі і амбасадарам Вялікабрытаніі ў ЗША. Менавіта ён арганізаваў выступ прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка ў адным з камітэтаў брытанскага парламенту ў 1956 г., а таксама шэраг іншых сустрэч ды мерапрыемстваў у палітычных колах.

Аднак, па словах айца Аляксандра Надсана, найбольшым унёcкам Ормсбі-Гора ў дзейнасці АБТ было ягонае імя, што дазваляла расчыняць дзверы ў высокіх кабінетах.

Цікава, што ўзначальвала таварыства і яго сястра Кэтрын Макмілан (нар. у 1921 г.), якая напрыканцы 1970-х займала пасаду намесніка старшыні кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі. Яе свёкар — брытанскі прэм’ер Гаральд Макмілан.

З нагоды Дня Волі 25 сакавіка Макміланы ладзілі ў гонар сяброў Англа-беларускага таварыства традыцыйныя прыёмы ў сваім раскошным доме на Пікадзілі, пра якія пісалі кансерватыўныя газеты The Times і The Daily Telegraph.

— Арганізавана там усё было на найвышэйшым узроўні. Прысутнічаў увесь цвет брытанскай арыстакратыі, — прыгадвае айцец Аляксандр Надсан. — Пасля смерці мужа Морыса яна папрасіла мяне адслужыць на пахавальнай цырымоніі ў Вестмінстэрскім абацтве.

Гай Пікарда

Адным з ініцыятараў стварэння Англа-беларускага таварыства быў Гай Пікарда (1931-2007), у доме якога і адбыўся першы сход таварыства. Сын французскага адваката і ірландкі, ён атрымаў бліскучую праўніцкую адукацыю ў Сарбоне, Оксфардзе і Грэноблі. Доўгі час працаваў адвакатам у французскай амбасадзе ў Лондане.

— Праўнікам ён стаў паводле сямейнай завядзёнкі. Аднак яго гэта мала цікавіла, і грошы зарабляць ён не ўмеў, — прыгадвае айцец Аляксандр Надсан. — Яго цікавіла царкоўная музыка, дзякуючы чаму ён яшчэ ў 1950-я апынуўся ў Беларускім рэлігійным і культурным цэнтры імя св. Кірылы Тураўскага ў Паўночным Лондане. Тагачасны кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі айцец Часлаў Сіповіч і адкрыў для яго беларускі свет.

Пікарда не толькі стаў шматгадовым сакратаром АБТ, але і цягам некалькіх дзесяцігоддзяў адыгрываў ключавую ролю ў арганізацыі беларусаведных лекцыяў, выданні часопіса The Journal of Byelorussian Studies, даследаваў беларускую царкоўную музыку і культуру.

Апроч музыкі — а Пікарда добра спяваў і граў на фартэпіяна — у яго была яшчэ адна слабасць — ежа. Ён сабраў вялікую калекцыю кулінарнай літаратуры розных народаў.

Свае апошнія гады жыцця Гай Пікарда, які размаўляў на мяшанцы беларускіх, рускіх і польскіх слоў, правёў разам з беларусамі ў Паўночным Фінчлі, а свой прах завяшчаў пахаваць у мінскім Чырвоным касцёле. Некралогі на яго смерць надрукавалі найаўтарытэтныя газеты Вялікабрытаніі — The Guardian і The Times.

Оберан Герберт

Оберан Герберт з падоранай беларусамі “Пагоняй”, якая займала чыннае месца ў яго доме. Фота з архіву Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны.

Ці не найбольш харызматычным ангельцам на службе беларушчыны быў Оберан Герберт (1922-1974) — сын брытанскага дыпламата і ўнук лідара кансерватыўнай партыі.

— Яму быў год, калі памёр бацька, але маці выхоўвала яго ў духу старой ангельскай арыстакратыі. Таму калі пачалася Другая сусветная вайна, яна сказала: “Ты мусіш ісці ваяваць. Гэта твой доўг!”, — распавядае айцец Аляксандр.

Праўда, ані ў брытанскае, ані ў французскае з галандскім войска яго не ўзялі праз плоскаступнёвасць. Тады Герберт пайшоў дабравольцам у 2-гі Польскі корпус Андэрса, дзе ваявала шмат беларусаў. У 1944-м у адным з бараў Гента канадскія вайскоўцы затрымалі эксцэнтрычна апранутага Герберта, у якім пабачылі патэнцыйнага шпега. Выявілася, што ён знаходзіўся ў Бельгіі з асабістым даручэннем Уінстана Чэрчыля.

Ліберал паводле светапогляду, ён вельмі натхніўся ідэяй змагання за свабоду і незалежнасць паняволеных народаў, актыўна падтрымліваў ўсходнееўрапейскія антыкамуністычныя групы. Аднак найбольш лаяльны быў менавіта да беларусаў, якіх лічыў “найбольшымі ангельцамі сярод усіх усходнееўрапейскіх народаў”. Ён стаў адным з ініцыятараў стварэння Англа-беларускага таварыства, якое ўзначальваў з 1965 па 1973 гады.

Ён не толькі засвоіў беларускую мову (агулам разумеў шэсць), але і зацікавіўся беларускай гісторыяй, пры кожнай нагодзе сцвярджаючы, што Беларусь з’яўляецца сапраўднай спадкаемцай Вялікага княства Літоўскага. Ягонае паходжанне і сувязі адыгралі важную ролю ў справе пашырэння інфармацыі пра беларусаў і Беларусь у вышэйшых колах брытанскага грамадства. Менавіта Герберт залучыў да дзейнасці Англа-беларускага таварыства большасць брытанскіх арыстакратаў.

“... Украінскія і беларускія мовы стаяць прыблізна на той жа адлегласці ад рускай мовы, як галандская ад нямецкай. Аднак няма вар’ятаў сцвярджаць, што паколькі галандцы могуць зразумець некаторыя абрыўкі нямецкай, то гэта законная падстава для адмовы вяшчання па-галандску... Сёння, мабыць, нашым адзіным эфектыўным учынкам датычна народаў, што трапілі ў расійскі палон, было б забяспечыць іх праўдзівымі навінамі на роднай мове ... “, — пісаў Герберт у лісце да расійскай службы “Бі-бі-сі”, пераконваючы ў неабходнасці адкрыць вяшчанне на беларускай і украінскай мовах.

Патрон беларускай школы для хлопчыкаў імя Кірылы Тураўскага, Герберт прымаў яе навучэнцаў у сваім маёнтку на летнія вакацыі.

— Гэта быў вельмі дабрадушны, добра выхаваны чалавек, — узгадвае айцец Аляксандр. — Мне даводзілася бываць у яго радавым маёнтку ў Самерсэце, дзе ён жыў са старой маці. Сямейнае жыццё ў яго не склалася. Кожны вечар лёкай-паляк прыносіў яму ў кабінет бутэльку віскі. Калі Герберт заўчасна памёр, мне разам з біскупам Сіповічам давялося яго хаваць.

Роберт Оці

15 траўня 1971 г. Адкрыццё Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны. Справа — налева: Біскуп Часлаў Сіповіч, Оберан Герберт, апостальскі нунцый Дамініка Энрычы, віконт Морыс Макмілан, праф. Роберт Оці. Фота з архіву бібліятэкі.

Прафесар параўнаўчай філалогіі Оксфардскага ўніверсітэта Роберт Оці (1914-1978), па словах айца Аляксандра Надсана, быў вельмі неардынарным чалавекам.

— Вядомы на ўвесь свет славіст, ён, у адрозненне ад пераважнай большасці сваіх брытанскіх калегаў, не вельмі любіў расійцаў, лічачы іншыя славянскія народы абдзеленымі ўвагай. Таму сваіх студэнтаў імкнуўся скіроўваць на даследаванне такіх непапулярных моваў, як лужыцкая і беларуская — толькі б не руская, — распавядае старэйшына беларускай грамады ў Лондане.

Прафесар Оці быў частым госцем на мерапрыемствах Англа-беларускага таварыства, і ў 1971 годзе ўрачыста адкрыў Беларускую бібліятэку імя Францішка Скарыны ў Лондане, аб чым і сёння сведчыць мемарыяльная дошка на ўваходзе.

Аднак галоўная заслуга Роберта Оці перад беларусамі — адкрыццё іншага навукоўца, які стане галоўным экспертам беларускай літаратуры на Захадзе.

Арнольд Макмілін

Арнольд Макмілін на святкаванні Дня Волі ў 2012 г. Фота: Саша Белавокая.

Упершыню студэнт-славіст Лонданскага ўніверсітэта Арнольд Макмілін (нар. у 1941 г.) пабываў у Мінску ў далёкім 1964-м.

— Я тады праходзіў стажыроўку ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце і прыехаў у Савецкую Беларусь, у Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук, — распавядаў карэспандэнту “Журнала” Макмілін. — На сценах картатэкі, дзе мне дазвалялі ў адзіноце працаваць да дзявятай вечара, віселі плакаты, як абараняцца ад атамнай атакі з Захаду. З той пары я вырашыў, што беларусы — вельмі добры народ, і маё ўражанне за столькі гадоў не змянілася.

Менавіта Роберт Оці падштурхнуў Макміліна да сур’ёзнага вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Усё пачалося з дысертацыі “Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ стагоддзі”. За амаль паўстагоддзя Макмілін крытычна апісаў ды прааналізаваў па-ангельску амаль ўсю беларускую літаратуру — ад сярэднявечных хронікаў і трактатаў і ажно да сучаснай творчасці.

— Усё, напісанае Арнольдам, зроблена паводле самых высокіх навуковых стандартаў. Нам пашанцавала, бо гэта сапраўды буйны навуковец, — кажа айцец Аляксандр Надсан.

З’яўляючыся ўдзельнікам асноўных сусветных форумаў славістаў, Макмілін пашыраў беларускую тэматыку ва ўсім навуковым свеце. Ён таксама шмат гадоў рэдагаваў часопіс АБТ The Journal of Byelorussian Studies.

Вера Рыч

Вера Рыч. Фота з архіву Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны.

Вера Рыч (1936-2009) даведалася пра Беларусь і беларусаў досыць выпадкова, трапіўшы ў 17-гадовым узросце на экскурсію ў беларускую грэка-каталіцкую царкву ў Лондане. І гэта перадвызначыла ейны лёс. Маючы прыкметны паэтычны талент, яна пачала з перакладаў украінскай паэзіі, а пасля, скарыстаўшыся парадай заснавальніка беларускага цэнтру ў Паўночным Лондане біскупа Сіповіча, узялася за нас.

Яе першы пераклад на ангельскую з беларускай — верш Купалы “На чужыне” — пабачыў свет ў 1957-м, але на Беларусь яна здолела трапіць толькі ў 1991-м. Хоць шмат гадоў працавала карэспандэнтам па Усходняй Еўропе і СССР у навуковым часопісе Nature.

За паўстагоддзя руплівай працы Веры Рыч па-ангельску загаварылі як класікі нашай літаратуры, гэтак і многія іншыя адораныя паэты: ад Багдановіча, Коласа і Купалы да Геніюш, Барадуліна, Сапач… Яна была пастаянным удзельнікам не толькі мерапрыемстваў Англа-беларускага таварыства, але і ўсяго жыцця брытанскіх беларусаў.

— Вера была вельмі няпростым, своеасаблівым чалавекам, — прыгадвае айцец Аляксандр Надсан. — Нам прыйшлося з ёй памучыцца, бо на кожны беларускі верш трэба было зрабіць ангельскі падрадкоўнік, з якімі Вера потым пакутліва доўга працавала. Але яно таго было, канечне, варта. І мы павінны быць толькі ўдзячныя ёй за зробленае.

Джым Дынглі

Джым і Эля Дынглі. Фота: Саша Белавокая.

У 1965 годзе выпускнік Кембрыджа і супрацоўнік аддзялення славістыкі бібліятэкі Брытанскага музея Джым Дынглі (нар. у 1942 г.) сустрэў айца Аляксандра Надсана. Ад яго даведаўся, што першым усходнеславянскім друкаром быў зусім не Іван Фёдараў, а Вялікае княства Літоўскае не тое ж самае, што сучасная Літва. Пачутае перавярнула ўяўленне ангельца пра славянскі свет з ног дагары.

З таго часу Джым Дынглі стаў адным з самых актыўных сябраў Англа-беларускага таварыства. Чытаў беларусаведныя лекцыі, рэдагаваў The Journal of Byelorussian Studies, даследаваў і перакладаў. Сярод яго апошніх прац — пераклад на ангельскую “Краіны Беларусь” Уладзіміра Арлова і рамана Наталкі Бабінай “Рыбін горад”.

Выкладчык славянскіх моў ва ўніверсітэтах Рэдынга і Лондана, Дынглі навучыўся размаўляць па-беларуску амаль без акцэнту. Верагодна, не ў апошнюю чаргу дзякуючы беларускай жонцы Элі, з якой ангелец пазнаёміўся на святкаванні 500-годдзя Скарыны ў Полацку.

Разам з тым Дынглі заўжды вылучаўся наяўнасцю незалежнай пазіцыі, што не вельмі падабалася прадстаўнікам старой эміграцыі. Напрыклад, ён паслядоўна выступаў за дыялог з прадстаўнікамі афіцыйнага Мінска. З песімізмам ён глядзіць і на “адраджэнскую мрою”.

— Колькі ўжо можна адраджэння? Трэба жыць, а не адраджаць, — кажа Джым Дынглі ў інтэрв’ю “Журналу”. — Магчыма, цяпер у Беларусі фармуецца зусім новая культура. На новым грунце, з іншымі пачуццямі — у незалежнай дзяржаве. Нават калі і пад чырвона-зялёным сцягам. Ідэалы БНР жывуць, але на маю думку, сёння яны мусяць расчытвацца як спадзяванні на вольную краіну, дзе людзі самі могуць вырашаць уласны лёс.

Дынглі ўзначальваў Англа-беларускае таварыства даўжэй за ўсіх, у тым ліку і ў самы складаны перыяд змены пакаленняў у дыяспары: з 1981— да сярэдзіны 1990-х і з 2004 па 2014.

Сёлета яму на змену прыйшоў былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Браян Бэнэт, што само па сабе таксама сімвалічна.

“Усе б лічылі, што мы такія ж расійцы”

Айцец Аляксандр Надсан. Фота: Андрэй Аляксандраў.

На гэтым, вядома, спіс ангельцаў, што зрабілі прыкметны ўнёсак у справу пашырэння ведаў пра Беларусь на Захадзе, не сканчаецца. Гісторыя Англа-беларускага таварыства была б няпоўнай без аўтараў першых беларускіх граматык па-ангельску Рэджынальда дэ Брэя і Пітэра Мэё, даследчыцы культуры беларускіх татар Шырын Акінэр, эксперта гістарычнай геаграфіі Тоні Фрэнча…

Айцец Аляксандр Надсан адзначае, што ва ўмовах поўнай адсутнасці сістэматычных ведаў пра Беларусь на Захадзе, стваральнікам Англа-беларускага таварыства ўдалося зацікавіць беларушчынай шэраг мясцовых інтэлектуалаў і арыстакратаў.

— У брытанскіх навуковых колах заўжды лічылася, што ніякай Беларусі не існуе. Ёсць Расія, якую ўсе імкнуліся вывучыць, і руская мова. На гэтым славянскі свет для іх і сканчаўся. Інтэлектуалы, якіх нам удалося прыцягнуць у беларускую справу, глядзелі на свет шырэй і не хацелі ісці ў чарадзе за статкам, — кажа Надсан. — Канечне, калі б у самой Беларусі ўвесь гэты час было болей зацікаўлення, плён ад працы Англа-беларускага таварыства быў бы значна большы. Аднак і без яго на Брытанскіх выспах дагэтуль бы ўважалі, што мы ёсць такія ж расійцы.