Эмігранцкі раман пра найноўшую беларускую гісторыю намінаваны на «Русскую премию»

Раман “Былы сын” менчука Аляксандра Філіпенкі ўвайшоў у даўгі спіс намінантаў катэгорыі “Буйная проза” міжнароднага конкурсу “Русская премия”. Ці трапіць кніга ў кароткі спіс, будзе вядома ўжо 25 сакавіка. Кніга ў 2013 годзе была выдадзеная і прэзентаваная ў Расеі, аднак апавядае яна пра беларускую гісторыю. Яна апісвае найбольш значныя падзеі апошніх двух дзесяцігоддзяў – ад трагедыі на Нямізе да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Сам аўтар называе кнігу кампіляцыяй нагодаў, чаму людзі з’язджаюць з Беларусі. Такою нагодай для Аляксандра Філіпенкі стала закрыццё Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Былы студэнт ЕГУ вырашыў давучвацца ў Санкт-Пецярбурзе, дзе стаў сцэнарыстам. Пасля працаваў для гумарыстычных праграмаў на расейскім тэлебачанні (сярод іншага “Прожектор Перис Хилтон”), вёў гумарыстычнае шоу на тэлеканале “Дождь” – “Вечерний Герасимец с Романом Романовичем”. З беларускімі выданнямі ён таксама супрацоўнічае – вядзе калонку ў часопісе “Большой”. Цяпер у ягоных планах пісьменніцкая кар’ера. У Менску кнігу можна набыць праз электронныя крамы. Водгукі сярод беларускіх чытачоў яна атрымала пераважны станоўчыя. Напісаны раман па-расейску. Міжнародны літаратурны конкурс “Русская премия” заснаваны ў 2005 годзе дзеля захавання і развіцця расейскай мовы як унікальнай з’явы сусветнай культуры і падтрымання расейскамоўных пісьменнікаў свету. Уваходзіць у пяцёрку найбольш прэстыжных расейскіх літаратурных прэміяў.