У суботу на 58-м годзе жыцця не стала Алеся Каляды, шматгадовага актыўнага ўздельніка беларускага жыцця ў Маскве, члена рады Маскоўскага Таварыства Беларускае Культуры імя Ф. Скарыны.
Алесь Каляда больш за трыццаць гадоў пражыў у Маскве, быў адным з першых членаў ТБК імя Скарыны ад пачатку 1990-х. На працягу ўсіх гадоў ён быў нязменным суарганізатарам і ўдзельнікам усіх галоўных мерапрыемстваў незалежніцкай беларускай дыяспары.
Жонка Алеся Каляды Ганна Рыжкоўская - настаўніца беларускай мовы ў беларускай школцы Масквы ў пачатку 1990-х.
Для маскоўскага беларускага альманаха «Скарыніч» Алесь Каляда напісаў калісь:
«Трэба сказаць, што з’ехаўшы з Радзімы я ніколі не страчваў душэўнай сувязі з ёй. Заўсёды цягнула да мясцінаў дзяцінства, а з гадамі гэтая цяга штораз неадольнейшая. З архіўных крыніц уведаў, што ў 1915 годзе ўсе царкоўныя каштоўнасці разам са званамі Менскай губерні былі вывезены ў Расію, пераважна ў Маскву. Ніхто іх назад не вяртаў. Вось цяпер снуючы маскоўскімі вуліцамі, завулкамі, слухаючы меладыйныя перазвоны царкоўных, манастырскіх купалоў, неяк шчыміць душа: чуцён мне кліч прасветнае Радзімы…»
Светлая памяць і спачуванні родным і сваякам.
АЧ, "Наша Ніва"
Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае глыбокія спачуванні ўсім родным, сябрам і паплечнікам спадара Алеся. Светлая яму памяць!