У Вільні ўшанавалі 25 угодкі смерці прэзідэнта БНР Вінцэнта Жук-Грушкевіча

25 гадоў таму не стала прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі Вінцэнта Жук-Грышкевіча, жыццё і дзейнасць якога звязана і з Вільняй. Тут ён скончыў Віленскую беларускую гімназію, пазней у ёй выкладаў, а таксама і ў Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі і Вышэйшай школе палітычных навук у Вільні.

hryskevicВышэйшую адукацыю В. Грышкевіч атрымаў у Празе. Скончыў факультэт славянскай філалогіі і гісторыі Карлава ўніверсітэта. З пачаткам Другой сусветнай вайны быў у эміграцыі. У 1945–1948 гг. выкладаў гісторыю і псіхалогію ў вайсковых польскіх школах у Італіі і Вялікабрытаніі. Быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, першы старшыня арганізацыі. Пры канцы 1947 г. увайшоў у кіраўніцтва Рады БНР. У 1950 г. выехаў у Канаду. У Атаўскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю „Лірыка Янкі Купалы“. У 1954–1956 гг. – першы кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё „Вызваленне“. У 1970–1982 гг. – старшыня Рады БНР (Юрэвіч 2012, 596–597). Ніжэй прывяду архіўныя дакументы, якія сведчаць аб віленскім перыядзе жыцця В. Жук-Грушкевіча.

З хронікі Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі

27 сакавіка 1928 года [Вінцэнт Грышкевіч] правёў свой першы ўрок беларускай мовы ў Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. (ЛДзЦА фонд 220, воп. 1, справа 350 стар. 50. Пераклад з польскай – А.А.)

З асабістай справы выкладчыка Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі Вінцэнта Грышкевіча

Нарадзіўся 10 лютага 1903 года ў Будславе Вілейскага павета Віленскага ваяводства ў сям’і Антона і Марыі з Ханяўкаў, беларус. Скончыў перадваенную двухкласную рускую школу ў Будславе, прыватную 8-класную Беларускую гімназію ў Вільні ў 1922 г. Філасофскі аддзел Чэшскага ўніверсітэта ў Празе. Педагагічны экзамен здаў 13 красавіка 1926 года. Валодае беларускай, польскай, чэшскай, рускай, французскай мовамі. З 1927/28 навучальнага года працуе выкладчыкам у Віленскай беларускай гімназіі. З 20 сакавіка па 30 чэрвеня 1928 года, ад 1 верасня 1928 года і па сённяшні дзень працуе па кантракце выкладчыкам беларускай мовы ў Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. 15 лютага 1929 г. (ЛДзЦА фонд 220, воп. 2, справа 563 стар. 10. Пераклад з польскай – А. А.)

Даведка аб выкладчыцкай працы В. Грышкевіча ў семінарыі

Рэктарат Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі сведчыць, што Вінцэнт Грышкевіч працаваў па кантракце настаўнікам беларускай мовы ў гэтай семінарыі з 20 сакавіка па 30 чэрвеня 1928 года, а таксама ў наступныя школьныя гады: 1928/29, 1929/30 і 1930/31. Працуючы з 20 сакавіка па 30 чэрвеня 1928 года, меў 16 гадзін у тыдзень, у 1928/29 годзе – 20 гадзін, у 1929/30 і 1930/31 – 18 гадзін у тыдзень. 18 сакавіка 1932 г. (ЛДзЦА фонд 220, воп. 2, справа 563 стар. 1. Пераклад з польскай – А. А.)

hryszkevich

Заява Вінцэнта Грышкевіча аб прыняцці яго на пасаду настаўніка беларускай мовы ў Віленскую праваслаўную духоўную семінарыю

Выкарыстаныя крыніцы

ЛДзЦА: Літоўскі дзяржаўны цэнтральны архіў. Юрэвіч: Юрэвіч Л. Шматгалосы эпісталярыум: гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Лявон Юрэвіч. – Мінск: Кнігазбор, 2012. – 660 с.

Алесь АдамковічТаварыства Беларускай Культуры ў Літве