У нядзелю, 2 сакавіка пасля традыцыйнай нядзельнай малітвы ў царкве Св. Кірылы Тураўскага беларусы Таронта пад бел-чырвона-белымі сцягамі далучыліся да акцыі пратэсту ўкраінскай дыяспары ля расійскага консульства.
Ад імя Згуртавання беларусаў Канады ўдзельнікі акцыі выказалі падтрымку ўкраінскаму народу ў барацьбе супраць расійскай акупацыі. У прамове да ўдзельнікаў мітынгу было адзначана, што ад выніку цяперашняга змагання ўкраінскага народу залежыць і лёс Беларусі - у выніку паспяховага аншлюсу наступнай будзе нашая Бацькаўшчына. Калі ж зараз Украіна з дапамогай краін Захаду зможа адстаяць сваю незалежнасць, калі пазіцыя заходніх краін да Расіі зменіцца, ёсць шанец і для Беларусі з часам пазбавіцца рэжыму ўнутранай акупацыі. Украінцы Таронта віталі беларусаў воклічамі "Жыве Беларусь!".
Сябры беларускай дыяспары ў Таронта неаднаразова прыходзілі падтрымаць украінскія акцыі на працягу апошніх месяцаў, збіраюцца выказваць салідарнасць і надалей.
Беларусы Атавы таксама далучыліся да акцыі пратэсту, якая праходзіла каля амерыканскай амбасады.
Жыве Беларусь!
Слава Україні!
Прэс-служба ЗБК