Беларуская прысутнасьць у расійскім Смаленску за апошнія два гады рэзка павялічылася. Горад стаў рынкам збыту беларускіх тавараў, адукацыйным і шопінгавай цэнтрам.
На прывакзальнай плошчы ў Смаленску размешчана мноства гандлёвых кропак, дзе можна набыць тавары беларускіх вытворцаў. Побач з аўтавакзалам стаяць павільёны з назвамі найбуйнейшых мінскіх універмагаў. На прадуктовых рынках горада самая вялікая колькасць наведвальнікаў - у прылаўкаў з беларускімі прадуктамі харчавання. Прайшоўшы па вуліцах Смаленска, беларусы могуць і не зразумець, што знаходзяцца за мяжой, у суседняй Расіі, перадае Deutsche Welle. Кірмашы і статыстыка Беларускія кірмашы ў Смаленску ў пачатку года сталі прадметам дыскусіі ў гарадской адміністрацыі. Губернатар вобласці Алексей Астроўскі вымушаны быў даць распараджэнне перанесці іх з цэнтра горада і праводзіць радзей. Паводле яго слоў, гэта рэакцыя на раздражненне жыхароў Смаленска. Бо кірмашовы гандаль беларускімі таварамі практычна не спыняўся цэлы год - прадпрыемствы з розных гарадоў Беларусі па чарзе прыязджалі і аб'яўлялі аб распродажах. Беларусь з'яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Смаленскай вобласці. Паводле афіцыйнай статыстыкі, знешнегандлёвы абарот паміж Смаленшчынай і Беларуссю, па выніках толькі дзевяці месяцаў 2013 года, склаў больш за 3,5 мільярда даляраў, а гэта больш за палову усяго тавараабароту вобласці. Па звестках, агучаных віцэ-губернатарам Смаленскай вобласці Ігарам Скобелевым, на тэрыторыі вобласці ажыццяўляюць сваю дзейнасць больш як 80 арганізацый з беларускім капіталам. Кіраўнік Смаленскага аддзялення партыі "Яблык" Сяргей Равенка рост беларускай долі на рынку вобласці тлумачыць дзвюма прычынамі: па-першае, у Расіі былі прынятыя законы, якія палягчаюць рэгістрацыю фірмаў замежнікамі, а па-другое, гэта вынік заняпаду мясцовай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Эканоміка вобласці, кажа ён, цяпер у значнай ступені трымаецца на бюджэтніках, а беларусы ў гэты час займаюць вольныя нішы на рынку. Гэта выклікае некаторыя боязь у мясцовых бізнесменаў. Яны баяцца, што Смаленск можа трапіць у залежнасць ад беларускіх вытворцаў, канкураваць з якімі будзе складана. На "Калхозке" Наведвальнікі самага буйнога ў Смаленску "Задняпроўскага рынку", названага ў народзе "Калхозка", у адзін голас расхвальваюць прадукцыю беларускай вытворчасці. Жыхары Смаленска ва ўзросце старэйшыя за 50 гадоў прызнаюцца, што з задавальненнем носяць беларускую вопратку і абутак, купляюць беларускія прадукты. У Смаленску даўно нічога не вырабляюць, кажуць яны, таму выбар невялікі: танны, няякасны кітайскі шырспажыў або імпартныя тавары, на якія не хапае грошай. Беларускі тавар займае тут асаблівую нішу - савецкая якасць па сярэдняй цане. Сяргей Равенка адзначае, што доўгі час Смаленск ставіўся да "чырвонага пояса", дзе заўсёды былі моцныя пазіцыі камуністаў, таму ў мясцовых жыхароў захоўваецца яшчэ і настальгія па савецкім часе. Гэта таксама ўплывае на настроі гараджан. Аднак самы важны аргумент - гэта невысокія зарплаты. Сярэдняя, абвешчаная па горадзе, кажа ён, складае 18 тысяч расійскіх рублёў (каля 514 даляраў ЗША). Смаляне, параўноўваючы ўзровень жыцця беларусаў і расіян, прыходзяць да высновы, што ў Беларусі жыць лепш. Перш за ўсё, яны звяртаюць увагу на тое, што пры прыкладна аднолькавых заробках ў Смаленску несувымерна вышэй выдаткі на камунальныя плацяжы. Калі ў Оршы за кватэру плацяць 30 даляраў ЗША ў месяц, то ў жыхароў Смаленска сыходзіць як мінімум 120 даляраў. У астатнім жыццё ў Смаленску даражэй прыкладна на чвэрць. ВНУ прымаюць усіх Яшчэ адной прычынай прысутнасці беларусаў у Смаленску з'яўляецца даступнасць адукацыі. Па дадзеных дэпартамента Смаленскай вобласці па адукацыі, навуцы і справах моладзі, каля 40 працэнтаў навучэнцаў у мясцовых ВНУ складаюць грамадзяне Беларусі, а гэта прыкладна 5-6 тысяч студэнтаў. Пры гэтым спецыялісты ведамства адзначылі, што беларусы маюць права вучыцца за кошт федэральнага бюджэту Расіі. Студэнт-дыпломнік Смаленскага дзяржуніверсітэта, аршанец Арцём Краўчанка адзначае, што беларусы з лёгкасцю паступаюць у ВНУ Смаленска. Вучоба тут разглядаецца часта як запасны варыянт, у выпадку правалу на радзіме. Праўда, і якасць адукацыі, кажа ён, розная, бо сёння ў гэтым невялікім абласным цэнтры размяшчаюцца 26 ВНУ або іх філіялаў. Па прызнанні беларускіх студэнтаў, расейскія ўніверсітэты прыцягваюць адсутнасцю ідэалагічных установак і абяцаюць вялікія магчымасці па далейшаму працаўладкаванню ў Маскве. Грамадзяне Беларусі ў Расіі карыстаюцца такімі ж правамі на працаўладкаванне, адукацыю і свабоду перамяшчэння, як і расіяне. Беларускі Смаленск Арцём Краўчанка падкрэслівае, што Смаленск амаль увесь час свайго існавання, так ці інакш, быў звязаны з Беларуссю. Не трэба забывацца, кажа ён, што ў будынку цяперашняй Смаленскай філармоніі ў снежні 1918 года праходзіў з'езд, на якім было абвешчана аб стварэнні БССР. Пра гэта нагадвае і мемарыяльная дошка на яго сцяне. Фактычна Смаленск тады на адзін дзень стаў сталіцай Беларусі. Парадаксальным на гэтым фоне выглядае той факт, што летам мінулага года на VI з'ездзе беларусаў свету, дэлегатам якога быў Арцём, смаленская арганізацыя беларусаў прысутнічала ўпершыню. Дзіўна, але за 20 гадоў існавання гэтага форуму смаленскія беларусы ні разу не прыязджалі. Модны шопінг Едуць беларусы ў Смаленск не толькі прадаваць або вучыцца, але і купляць. Магілёўскі студэнт Ілля кажа, што маладыя людзі, якія аддаюць перавагу апранацца з густам, прыязджаюць сюды за адзеннем, якога у Беларусі няма. Беларусь, тлумачыць ён, не пускае на свой рынак еўрапейскія сеткавыя крамы тыпу Zara або Terranova, а ў Расеі яны працуюць ужо даўно. Год таму яны з'явіліся і ў Смаленску. Таму айчынныя хіпстэры, якія не маюць магчымасць наведваць Еўропу, накіраваліся сюды. І калі для паездкі ў краіны ЕС патрэбныя візы, то ў Смаленск можна з'ездзіць, нават забыўшыся пашпарт дома. На адзін дзень, без начлегу - гэта ў разы танней.