Беларускую “Любоў і маразм” прэзентавалі ў Варшаве

Кніга беларускай журналісткі з Падляшша Ганны Кандрацюк была прадстаўлена ўдзельнікам прэзентацыі ў Польскім інстытуце міжнародных спраў. Творчасць Ганны Кандрацюк – гэта перадусім шматгадовая праца і вандроўка па Беларусі, а таксама адзіныя ў сваім родзе інтэрв’ю са шматлікімі беларусамі, простымі і знакамітымі.

Таксама журналістка патлумачыла Беларускаму Радыё Рацыя, у чым праяўляецца маразм беларусаў.

Кажа Ганна Кандрацюк-Свярубская:

- Маразм – гэта страх. Страх перад тым, што чалавек можа замнога сказаць, зрабіць штосьці не так. Страх перад апаратам рэпрэсіяў. Можна многа гаварыць, але я думаю, што гэта перш за ўсё такая беларуская самотнасць, адчуванне, што чалавек закрыты ў нейкай клетцы, што ён бездапаможны, што толькі з выездам за мяжу гэта можа змяніцца, стане нечым больш перспектыўным.

У большасці тэкстаў Ганны Кандрацюк паказаны белaруская правінцыя і яе сумная рэчаіснасць, а таксама людзі, якія знаходзяцца ў гэтай рэчаіснасці. Сярод іх варта вылучыць Барыса Кіта, дзякуючы якому чалавецтва змагло паляцець у космас.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя