Каля 1000 прадстаўнікоў украінскай грамады выйшлі ў суботу 22 лютага 2014 года на Бруклінскі мост у Нью-Ёрку, каб адсвяткаваць звяржэнне тыраніі Віктара Януковіча і ўганараваць памяць загіблых Герояў Майдана. Да іх далучыліся таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары, што пражываюць у Нью-Ёрку.
Спантанна арганізаваная праз сацыяльную сетку “Фэйсбук” акцыя, арганізатары якой разлічвалі максімум на некалькі дзясяткаў удзельнікаў, раптоўна пераўтварылася на цэнтральную падзею суботняга жыцця мегаполіса. Тое, што акцыя збярэ вялікую колькасць удзельнікаў, сталася ўвачавідным ужо напярэдадні, калі ўдзел у ёй на яе старонцы ў Фэйсбуку пацвердзіла амаль 900 чалавек. Вядучыя тэлеканалы і газеты Нью-Ёрка даслалі асвятляць яе сваіх журналістаў.
Каля Сіці-Хола (гарадской управы) горада, адкуль пачынаецца пешаходная галерэя найбольш вядомага маста Нью-Ёрка, луналі шматлікія ўкраінскія сцягі, гучалі гімн Украіны і іншыя патрыятычныя спевы. Атмасфера нагадвала народнае гулянне. Раз-пораз сустракаліся таксама беларускія ды грузінскія сцягі. Да мясцовых беларусаў падыходзілі прадстаўнікі ўкраінскай грамады і дзякавалі за падтрымку, а таксама цікавіліся, калі можна будзе адсвяткаваць звяржэнне апошняй дыктатуры Еўропы. Шматлікія ў гэтым месцы турысты, якія прыйшлі адведаць Бруклінскі мост, таксама ветліва пасміхаліся і віншавалі ўкраінцаў з перамогай.
Неўзабаве натоўп рушыў Бруклінскім мостам праз раку. На яе сярэдзіне ўдзельнікі акцыі разгарнулі даўгі “жовто-блакітны” сцяг, які расцягнуўся на некалькі дзясяткаў метраў.
Прайшоўшы па мосце на іншы бераг, удзельнікі акцыі вярнуліся на Манхэтэн. Там хвілінай цішыні ўшанавалі памяць ахвяраў супрацьстаяння ў Кіеве ды іншых гарадах Украіны, а затым адспявалі ўкраінскі гімн.
З беларускага боку ў акцыі ўзялі ўдзел кіраўніцтва і сябры арганізацыі “Беларусы ў выгнанні”, а таксама паасобныя прадстаўнікі Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА).
Прэс-рэліз ГА “Беларусы ў выгнанні” (ЗША)
Фота Дзмітрыя Шчыгельскага