«БЭЗ». Пра тое, што ў нашым рэгіёне існуе таварыства беларускай культуры з такой караценькай, але сімвалічнай назвай, ужо даўно вядома не толькі ва ўсім Іда-Вірумаа, але і далёка за межамі Эстоніі.
25 гадоў таму паўстала гэтае аб'яднанне беларусаў, якія воляй лёсу апынуліся далёка ад роднай зямлі. Ля вытокаў «БЭЗа» стаяла творчая і тэхнічная інтэлігенцыя: нядаўнія выхадцы з Беларусі і дзеці пасляваенных беларускіх перасяленцаў, якія выраслі ў Эстоніі. Аб'яднала ўсіх нас жаданне не страціць сваю нацыянальную ідэнтычнасць у грамадстве, якое неяк разам размежавалася на эстонцаў і на масу так званых рускамоўных. Гэта вызначыла і нашую асноўную мэту: захаванне ўласных амаль страчаных каранёў, культурных каштоўнасцяў, сваёй гісторыі, роднай мовы, нацыянальных традыцый.
Нагадаю, што назва «БЭЗ» атрымалася складаннем першых літараў назвы - Беларуска-эстонскае згуртаванне. Акрамя таго, гэтая назва аманімічная беларускаму слову «бэз» - вось і атрымліваецца, што мы, эстонскія беларусы, - адно з суквеццяў вялізнага куста рассеянага па свеце народа нашай маці-Беларусі.
Праз месяц, 23 сакавіка, «БЭЗ» будзе святкаваць свой юбілей у чвэрць стагоддзя, таму, напэўна, варта паглядзець на гэтую дату збоку: ну, добра, нейкая частка мясцовых беларусаў тусуецца дзеля ўласнага задавальнення, адзначае свае святы, свае даты - а ці трэба гэта яшчэ камусьці, акрамя іх саміх?
Пішу і сама ўсміхаюся, успамінаючы, як сустракаюць нас на любым гарадскім, павятовым або на нашым уласным мерапрыемстве. «БЭЗ» - гэта ўжо брэнд, абсалютна вядомы знак, звязаны з беларускай культурай у многіх яе праявах.
Даволі складана падлічыць, з творчасцю колькіх беларускіх калектываў, запрошаных «БЭЗам», пазнаёміліся жыхары Іда-Вірумаа. Усе яны даюць радасць сустрэчы з беларускай музыкай, песнямі, танцамі, з тэатральным мастацтвам, з працамі беларускіх мастакоў. Нашыя фестывалі беларускай песні "Родныя напевы" і беларускага гумару «Усмешка па-беларуску» збіраюць беларусаў усёй Эстоніі і абавязкова гасцей з самой Беларусі. А мясцовыя жыхары запаўняюць залы, радуючыся новым сустрэчам з беларускім мастацтвам. Выдатна прымаюцца выступы нашага ўласнага ансамбля, дзе б мы ні бывалі, а мы бываем у розных гарадах і весях Эстоніі.
Пастаўскі ансамбль «Паазер’е» стаў зусім пазнавальным у Іда-Вірумаа. Дзякуючы яму завязаліся партнёрскія сувязі паміж Йыхві і горадам Паставы.
Вялікім дасягненнем мы лічым, што менавіта дзякуючы намаганням «БЭЗа» ўсталяваны адзіны ў Эстоніі знак памяці беларускаму дзеячу культуры - пісьменніку Янку Скрыгану, які некаторы час жыў і працаваў у Ківіылі.
А калі паглядзець шырэй, то «БЭЗ» у межах паняцця народнай дыпламатыі цалкам годна прадстаўляе наш рэгіён і ўсю Эстонію на міжнародных мерапрыемствах як на Беларусі, так і ў іншых краінах, у тым ліку ў Літве, Польшчы, Чэхіі.
Таму, здаецца, нашая праца як прыклад ўсвядомленага ўспрымання асобы ў шматкультурным асяроддзі Іда-Вірумаа патрэбная не толькі нам самім, але яшчэ і шматлікім іншым жыхарам Эстоніі.
Як знак высокай ацэнкі нашай працы і з вялікай удзячнасцю мы ўспрынялі тое, што Йыхвіскае валасное кіраўніцтва зарэзервавала для святкавання нашага 25-гадовага юбілею вялікую залу Канцэртнай дома. А гэта значыць, што ўсе ахвочыя змогуць 23 сакавіка прыйсці на нашае свята і зноў сустрэцца з актывістамі «БЭЗа», з яго ансамблем, з гасцямі з беларускіх таварыстваў Эстоніі, з гасцямі з Беларусі і, вядома, з выдатным заслужаным калектывам, фальклёрным ансамблем «Паазер’е».
Зінаіда Клыга,
старшыня Таварыства беларускай культуры Іда-Вірумаа «БЭЗ».
Даведка
Беларуска-эстонскае згуртаванне “БЭЗ” на сённяшні дзень – найстарэйшае з працуючых у Эстоніі беларускіх суполак. Яно было заснавана ў сакавіку 1989 года.
За 25 гадоў сваёй дзейнасці аб’яднанне зрабіла значны ўнёсак у культурнае асяроддзе на паўночным усходзе Эстоніі, ва ўездзе Іда-Вірумаа, у гарадах Йыхві і Кохтла-Ярвэ.
Акрамя выканання асноўных сваіх мэтаў – захоўвання роднай мовы і беларускай культуры, папулярызацыі сваёй культуры ў шматнацыянальным рэгіёне Іда-Вірумаа, БЭЗ спрыяў стварэнню беларускіх суполак у Нарве (“Сябры” – 1999 г.) і ў Сіламяэ (“Крыніца” – 2005 г.), а таксама ўзмацненню інтарэсу да беларускай культуры з боку ўездных і гарадскіх уладаў. Йыхвіская воласць падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з беларускім горадам Паставы, горад Кохтла-Ярвэ – з горадам Салігорскам.
Акрамя Эстоніі і Беларусі, БЭЗ добра вядомы сярод беларускіх арганізацый у свеце. 20 гадоў таму мы ўдзельнічалі ў стварэнні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, і наш прадстаўнік – Зінаіда Клыга – усе гады ўваходзіць ў раду Згуртавання. Таксама БЭЗ з’яўляецца сябрам Аб’яднання беларусаў Балтыі і ўдзельнічае ў сумесных культурніцкіх ды асветных акцыях.
Гэткія мерапрыемствы БЭЗа як перыядычныя фэстывалі “Родныя напевы”, “Усмешка па-беларуску”, традыцыйныя выставы Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар” накіраваныя на арганізацыю сумеснай дзейнасці ўсіх рэальна працуючых аб’яднанняў беларускай культуры Эстоніі.
Адзначаючы сваё 25-годдзе, БЭЗ запланаваў правесці канферэнцыю “Беларуская дыяспара Эстоніі: рэаліі ды надзеі” з удзелам прадстаўнікоў беларускіх суполак Эстоніі, Амбасады РБ ўЭстоніі, Міністэрстваў культуры Эстоніі і Беларусі, кіраўнікоў ЗБС “Бацькаўшчына”, а таксама прадстаўніка Аб’яднання беларусаў Балтыі.
З аднаго боку, гэткая прадстаўнічая канферэнцыя – своеасаблівая справаздача аб працы БЭЗа за 25 гадоў, а з другога – яшчэ адзіны крок у сумеснай дзейнасці аб’яднанняў беларускай культуры Эстоніі.
Мэта канферэнцыі – абмеркаванне надзённых праблемаў беларускіх аб’яднанняў Эстоніі і пошук шляхоў іх вырашэння ў межах будучага Закона аб беларусах замежжа.
Сярод юбілейных мерапрыемстваў прадугледжаныя таксама выстава мінскай мастачкі Людмілы Налівайка ў Йыхвіскай мастацкай школе ды вялікі канцэрт з удзелам ансамбля “БЭЗ” і Заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля “Паазер’е”.
Святочныя мерапрыемствы пройдуць 23 сакавіка ў Йыхвіскім канцэртным доме пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры ЭР, Фонда інтэграцыі і міграцыі “Нашы людзі”, фонда Eesti Kultuurkapital, Йыхвіскай воласці і мэрыі г. Кохтла-Ярвэ.
На здымку - Зінаіда Клыга