20-годдзе “Уздыма”

9 лютага 2014 года ў Даўгаўпілсе адбылася важная падзея для беларускай дыяспары. Беларускае культурна-прасветніцкае таварыства “Уздым” святкавала сваё 20-годдзе. Было шмат гасцей. Сярод іх, як заўсёды, былі прадстаўнікі нашага Генеральнага кансулята: Генеральны консул Віктар Міхайлавіч Гейсік з жонкаю, консул Таццяна Іванаўна Кручэніна, таксама госці з Рыгі: старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова з членамі праўлення Алёнай Міцкевіч і Барысам Піскуновым, старшыня рыжскага беларускага таварыства “Прамень”, дэпутат ХI Сэйма Латвіі Алёна Лазарава.

А самае галоўнае, што прыйшлі таксама і тыя, хто пачынаў беларускі рух у Даўгаўпілсе: першы старшыня “Уздыма” Канстанцін Капуста і яго паслядоўнікі Мікола Паўловіч, Станіслаў Валодзька, Таццяна Бучэль. Таксама актыўныя сябры таварыства тых гадоў - Зінаіда Сіліня, Яўгенія Гуляева, Яўгенія Заліўская, Леанід Парахонька, Мікола Навуменка, Зенон Буры, Людміла Лі, Анастасія Сазанкова, Яніна Шчамялёва, Вольга Паўловіч, Галіна Сантоцкая, Тамара Іванова, Кацярына Іванова, Любоў Кавалёва, Алена Бучэль і іншыя.

Вельмі прыемна было бачыць на нашым свяце Людмілу Філіпаўну Каралёву. У 90-я гады яна была старшынёй Балта-славянскага таварыства. Менавіта яна запрасіла тады ўсіх балта-славянаў у сваё таварыства. Адтуль наш пачатак. Яна была ініцыятарам правядзення арганізыцыйнай канферэнцыі беларусаў (1992) з мэтай звярнуць увагу да беларускай культурна-асветніцкай працы. Тая канферэнцыя мела станоўчыя вынікі. У наступным 1993 годзе наша таварыства было афіцыйна зарэгістравана.

Многія гаварылі таксама і пра развіццё беларускай культуры ў Латгаліі ў 20-30 гады мінулага стагоддзя, калі тут існавалі беларускія школы, розныя грамадскія арганізацыі, нават драматычныя тэатры, выдаваліся на беларускай мове кнігі, часопісы, газеты. А ў 90-я гады маленькая жменя беларусаў аб’ядналася і пачала шукаць свае карані на латгальскай зямлі. У выніку, стварылася беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”.

Вось такі маленькі экскурс у гісторыю нашага таварыства. Цяпер прыйшлі новыя людзі з новымі поглядамі і планамі. Мне здаецца, і з другім успрыманнем на развіццё беларускай культуры ў Латвіі. Хочацца пажадаць ім поспехаў. Нас (тых, хто пачынаў) яны назывыаюць ветэранамі. Але ці ёсць ветэраны ў грамадскай працы? На мой погляд, мы проста людзі з багатым вопытам, які можам перадаць. У апошнія гады па розным прычынам мы сталі менш актыўнымі. Аднак, мы - беларусы і ганарымся гэтым. Наша культура з намі, у нашых сэрцах,у нашых дзецях і ўнуках, якія не цураюцца беларускасці.

Вядучыя нашага святочнага мерапрыемства Галіна Сантоцкая і Людміла Сінякова зрабілі цудоўную праграму – вечар успамінаў, дзе кожны прысутны меў магчымасць штосьці расказаць. 20 гадоў - немалы тэрмін для грамадскай працы. Было што ўспомніць і пра што пагаварыць. Быў таксама святочны канцэрт з удзелам дзяцей нядзельнай беларускай школы і творчых калектываў Цэнтра беларускай культуры: танцавальнага калектыва “Лянок”, гурта беларускай народнай песні “Купалінка”, трыа “Ластаўкі”, калектыва “Спадчына”, салістаў Паўла Прозара, Аляксандра Лапы, Зінаіды Сіліні.

У канцы сваіх успамінаў хацелася б нагадаць наступны верш. Не ведаю дакладна, чый гэта верш. Але ён мне вельмі падабаецца, бо адпавядае маім думкам. Здаецца, што аўтар Казак-Казакевіч Э. - латгальская настаўніца 30-х гадоў.

Быў час, калі жыццё кіпела,

І пачуццё ўзносіла ўсіх нас,

Было духоўнае задавальненне,

Святы быў час...

Але прайшлі хвіліны залатыя,

Прайшоў перыяд нашага жыцця,

І засталіся толькі ўспаміны -

І працяг жыцця...

Таццяна Бучэль

Даўгаўпілс “Уздым”

Люты, 2014