Інго Пэц пра нялёгкую любоў да Беларусі

5 лютага ў берлінскім клубе «Buchhändlerkeller» адбылася вечарына памяці перакладчыка, публіцыста і папулярызатара беларускай літаратуры ў Нямеччыне Норберта Рандава, які памёр 1 кастрычніка летась. «Лёс і ўпартасць» — так назваў свой тэкст пра Рандава і Беларусь нямецкі журналіст Інго Пэц.

Беларусь (Weißrussland, як, на жаль, гэтую ўсходнееўрапейскую кріану дагэтуль называюць у Нямеччыне) — невядомая краіна. Нягледзячы на сваю няпростую вельмі еўрапейскую культуру і гісторыю. У Беларусь не ездзяць проста так, як ездзяць у Гішпанію або Англію. Толькі лёс — калі верыць у лёс — можа прывесці вас у Беларусь. Але той, хто ўрэшце там пабывае, ужо ніколі гэтай краіны не пазбудзецца.

Я, у 1994 годзе студэнт усходнееўрапейскай гісторыі, трапіў у Беларусь выпадкова. Бальшыня ўсё ж едзе ў Расію, каб там выпрабаваць свае нядаўна набытыя расійскія веды. Выпадкова трапіў у Беларусь і Норбэрт Рандаў. Ягоная сястра, пакуль ён адбываў сваё зняволеньне ў ГДР, выйшла замуж за салдата-беларуса. Так Норберт Рандаў у шасьцідзясятыя гады спазнаў і палюбіў беларускую літаратуру. Ён аб’езьдзіў краіну, сустракаўся з пісьменнікамі, завязваў з імі сяброўствы, спакойна піў з імі тую або іншую гарэлку. Бо: «Міжчалавечае comes first». Гэты прыгожы сказ ён неяк прамовіў мне ў адным інтэрв'ю. Ужо ў 1971 годзе ён апублікаваў анталогію «Буслы над балотамі» з апавяданнямі беларускіх аўтараў, наагул першую беларускую анталогію ў нямецкамоўнай прасторы. У яе ўвайшлі творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Брыля, Івана Мележа, Максіма Гарэцкага і, вядома ж, Васіля Быкава — гэткім чынам яны ўпершыню сталі даступныя нямецкаму чытачу.

Той, хто прачытае вельмі дэтальнае пасляслоўе Рандава ў гэтай кнізе, заўважыць, як шалёна, як апантана ён ужо тады акапаўся ў беларускай літаратуры. А таксама ў беларускай гісторыі, зразумець якую — і гэта я магу пацвердзіць са свайго досведу — зусім не лёгка. Разам з сваім шваграм Уладзімерам Чапегам і сястрой Гундулай ён пераклаў яшчэ шмат іншых беларускіх кніг і аўтараў, стаўшы першапраходцам на ніве беларускай літаратуры ў Нямеччыне. Значэнне яго як піянера і пасярэдніка невядомай еўрапейскай літаратуры немагчыма перацаніць. Таму ў Беларусі Норберта Рандава шануюць і да сёння. Ягоныя літаратурныя заслугі былі адзначаны больш чым дастаткова, i я не буду на іх спыняцца падрабязней. Урэшце Беларусь звяла і мяне з Норбертам Рандавам. Таксама выпадкова. Агульны знаёмы, пісьменнік Уладзімер Арлоў, падчас аднаго з маіх побытаў у Беларусі ў 2009 годзе скантактаваўся са мной і папрасіў узяць з сабой у Берлін кнігі і часопісы для Норберта Рандава. Вярнуўшыся ў Берлін, я зайшоў да Норберта Рандава ў ягоную кватэру ў Моабіце і сустрэў там кемлівага, сардэчнага — і што мне асабліва спадабалася — надзвычайна ўпартага, незалежнага і вальналюбнага мысляра, які прыйшоў відавочна не з гермэтычна закрытага акадэмічнага грамадства, а з бурлівага віру жыцця. І гэта мне спадабалася. А яшчэ мне спадабалася, што Норберт Рандаў меў бунтарскія меркаванні, якія ён выказваў ясна і выразна, а часам і з зацятай упартасцю. «Без беларускіх класікаў не варта нават і пачынаць. Іх трэба ведаць абавязкова. Яны — гэта падмурак. Хто іх не ведае, той беларускую літаратуру не зразумее». Лішне казаць, што пра рынкавыя правілы, паводле якіх сёння працуе кніжны рынак, Норберт Рандаў не хацеў і чуць. Бо ў іх палягае прычына таго, што беларускім кнігам сёння так цяжка прабіцца на нямецкі рынак. І гэта Норберту Рандаву давялося адчуць на сваім досведзе — ягоны пераклад рамана Максіма Гарэцкага «Дзве душы» дагэтуль так і не знайшоў выдаўца. На жаль. Ужо і з гэтага прыкладу можна адчуць, што з Беларуссю ўсё не так проста. Не, усё зусім няпроста. Гісторыя Беларусі складаная і шматпластовая, пахаваная пад хлудам непаразуменняў і стэрэатыпаў. Вакол неадназначнай і заблытанай ідэнтычнасці беларусаў можна бясконца спрачацца доўгімі вечарамі. Беларусь мела ў сваёй гісторыі мала шчасця. Гэта краіна болю, войнаў і катастрофаў. Ментальнасць беларусаў ніяк не назавеш лёгкай і сонечнай. Яна хутчэй панурая і меланхалічная. Сёння ў Беларусі дыктатура. І пад ціскам гэтых палітычных абставінаў нялёгка не ўпасьці ў дэпрэсію, калі доўгі час займаешся гэтай краінай. Беларусь — не аптымістычны край, дзе хацелася б лёгка і бесклапотна грэцца на сонцы. Беларусь патрабавальная і шчодрая. Беларусь нялёгка любіць. Але ўсё гэта выглядае надзвычай прывабна для людзей упартых і схільных да незалежнага думання. Беларусь прапануе разнастайнасць, глыбіню і шурпатасць. Гэта краіна не на адну ноч, а на цэлае жыццё. Гэта краіна, якая прагне глыбінных і важкіх адносінаў, а не павярхоўнага мімалётнага спаткання. Каб спазнаць Беларусь бліжэй, патрабуецца вытрымка, настойлівасць і адкрытая душа. Я ўпэўнены, што Норберт Рандаў дзеля гэтага адчуваў сябе так добра ў Беларусі. Беларусь кранула яго, бо была для яго выклікам. Можна гэта выказаць інакш. Гэтая невядомая краіна рабіла яго больш жывым, а значыць і больш свабодным. Я вельмі рады, што быў знаёмы з Норбертам Рандавам. Праз яго я лепш зразумеў, чаму і я адчуваю такую вялікую прыхільнасць да Беларусі. Праз яго я трошкі лепш зразумеў і самога сябе. Таму, дарагі Норберт Рандаў, я хацеў бы падняць тост за Вас. І як належыць палове беларусаў, вядома ж, з адпаведным пафасам: «Жыве Норберт Рандаў!» Дзякую Вам!

Пераклаў Сяргей Шупа