Украінец Аляксандр Кузьменка: як я стаў “беларусам”

Як я стаў “беларусам”… Неяк так, магчыма, павінна гучаць назва гэтага тэксту.

Перш за ўсё – чаму слова беларус у двукоссі. Пра гэта я магу распавядаць даволі доўга, але калі “карацей”, то гэта будзе выглядаць неяк так…

Мой асабісты, дакладней, сямейны радавод выглядае так. Па лініі бацькі – украінцы-казакі. Сярод іх, напрыклад, мой прадзед, які ў 1917 годзе служыў у ахове апошняга расійскага імператара Мікалая ІІ – “в собственном Его Императорского Величества Конвое” царскай казачай сотні. Больш за тое, ёсць звесткі, што сам хутар, ад якога і паходзіць маё прозвішча, – Кузьмінкі ў Палтаўскай вобласці Украіны – быў падараваны расійскім царом Пятром І заснавальніку роду, украінскаму казаку Кузьму з правабярэжжа Дняпра за вайсковыя поспехі ды асабістую мужнасць на полі Палтаўскай бітвы. Ён быў адным з казакоў прамаскоўскага Гетмана Украіны Паўла Скарападскага. Таму, калі весці гаворку пра бацькаўскі род, дык там – украінцы, болей за тое – украінскія казакі…

А вось па лініі маці сітуацыя выглядае больш складанай. Матчын бацька – украінец з Вінніцкай вобласці, але ў ягоным радаводзе ёсць вельмі прыкметная венгерская галіна, а ў матчынай маці, маёй бабулі, змяшалася кроў польскай шляхцянкі (вядома ж – з вельмі дробнай шляхты) ды звычайнага харкаўскага рамесніка. Менавіта гэтая гісторыя мае самае прамое дачыненне да таго, як я стаў “беларусам”… Прабабуля і прадзед трапілі ў Харкаў яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны… Яна – бежанка з Варшавы, ён жа ў пошуках заробку перасяліўся ў паўднёвыя краі тагачаснай Расійскай імперыі з больш паўночных краёў…

Аляксандр Кузьменка. Аўтапартрэт

Вядома, што сёння Смаленская вобласць - гэта частка Расійскай Федэрацыі. Але так было не заўжды. Як і раней, так і сёння ў Смаленскай вобласці жыве вялікая колькасць этнічных беларусаў. На працягу ХХ стагоддзя спачатку царскі ўрад, за ім – бальшавікі (больш “плённа”) папрацавалі, каб вельмі моцна абрусіць гэты край. Нават не абрусіць, у сэнсе перасяліць туды больш этнічных расійцаў, а па-просту русіфікаваць мясцовае насельніцтва, зрабіць з “тутэйшых ліцвінаў” беларусаў, звычайных “рускіх”… Калі на пачатку ХХ стагоддзя этнаграфічна ды моўна гэты край быў беларускім, то гады савецкай улады вельмі жорстка “перарабілі” ягонае насельніцтва. Хаця тыя, хто памятае, што ён ці ягоныя продкі “не расійцы-маскоўцы”, засталіся… І ў гэтым ёсць вялікая надзея на вяртанне туды Беларусі.

Дык вось, мой прадзед, бацька маёй бабулі па маме, прыблізна ў 1918 годзе падаўся са сваёй “малой” радзімы ў Смаленскай губерні (ёсць не вельмі пэўныя звесткі, што гэта была вёска Коладня пад Смаленскам), на поўдзень. У войска яго не ўзялі – не хапала вока, з прычынаў, якія сёння мне невядомыя… Калі ён пасяліўся на сталае жыхарства ў Харкаве, невядома - магчыма, адразу, магчыма праз некалькі год. У 1924 годзе ён пабраўся з маёй прабабуляй, а ў 1925 годзе нарадзілася мая бабуля…

У маёй сям’і было “прынята” паважаць польскую галіну – прабабулю. І мая маці, і сястра, і нават стрыечны брат заўсёды цікавіліся гісторыяй яе роду. Стрыечны брат нават даведаўся падчас знаходжання ў Польшчы, што яна паходзіла з невялікага горада Пястаў Труб (Могілкі Пястаў). Некалькі год таму, калі Польшча ўвяла г.зв. “карту паляка”, мая маці меркавала аб тым, каб яе атрымаць. Але ў сувязі з тым, што Харкаў быў двойчы акупаваны нямецкімі захопнікамі падчас Другой сусветнай вайны, дакументы былі страчаныя, і не толькі ў асабістым архіве, а і ў гарадскім (ён двойчы палаў). А без “паперкі” вядома куды ісці… гэта значыць – не ў Польшчу… Ды і не займалася мая маці пошукам дакументаў…

Чамусьці адзіным у нашай сям’і, хто ўзяў “на шчыт” беларускія карані, зрабіўся я. Прынамсі, я пра гэта ведаў ды памятаў… І вось гэтая 1/8 частка маёй крыві, менавіта беларускай крыві, выявілася вельмі моцнай, нават канцэнтраванай… Больш за тое, яна вельмі паспяхова паўплывала на маю свядомасць. Доказам чаго і ёсць гэтыя радкі па-беларуску…

Магчыма, на “абуджэнне” маёй “беларускасці” паўплывала і тое, што дзесьці ў канцы 90-х гадоў ХХ ст. мне падарылі радыёпрымач з кароткімі хвалямі. У тым эфірным акіяне я знайшоў і некалькі радыёстанцыяў з беларускай мовай вяшчання. Тыя “галасы” спачатку вельмі “раздражнялі” мяне: мова амаль падобная да ўкраінскай, якую я дастаткова добра ведаю, але я не зусім разумею, што “там” гавораць… Паступова з’явілася сапраўды моцнае жаданне  зразумець, “што яны гавораць”, больш поўна.

У нашай мясцовай навуковай бібліятэцы імя Караленкі яшчэ студэнтам ВНУ я знайшоў тое, што там было па-беларуску, – падшыўку часопіса  канца 80-х гадоў “Крыніца” ды пару зборнікаў вершаў (ва ўкраінскім каталогу) Сяргея Законнікава. І гэта было амаль усё, калі не лічыць цудам захаваных “Чытанак” канца 30-х, ды трэцяга тома “Лепшыя думкі чалавека” Яна Пятроўскага, які дзівосным чынам трапіў у бібліятэчныя фонды ў 1992 годзе. Я даведаўся, што раней, да Другой сусветнай вайны і нават да канца 70-х гадоў ХХ стагоддзя, кніг было болей… Але гады акупацыі ды марадзёрства, а таксама пазнейшая палітыка “спісання састарэлых кніг”, вельмі адмоўна паўплывалі на “захаванне” беларускамоўных выданняў у адной з найбуйнейшых бібліятэк Украіны. Кніг пра Беларусь на расійскай мове было шмат, але гэта ўсё ж неяк не тое… Чытаць пра Беларусь расійскай мовай не давала пачуцця дакранання да сапраўднай беларускасці. Бо для мяне асабіста мова ды душа краіны заўсёды моцна аб’яднаныя. Таму спазнаць душу народа магчыма толькі праз ягоную мову -прынамсі, я ўпэўнены, што гэта адзіны шлях. Кроў і глеба, чалавек і продкі – усё гэта звязана, як бы гэта не банальна гучала.

Карыстацца кнігамі ў чытальні бібліятэкі было неяк нязручна, і я пачаў шукаць кнігі па-за яе межамі ды фондамі.

Праз нейкі час у аднаго з сяброў, выпадкова даведаўшыся пра існаванне гэткай кнігі, я пазычыў беларуска-расійскі размоўнік Міхневіча, выдадзены ў Мінску выдавецтвам “Вышэйшая школа” у 1991-м годзе, па якім і пачаў вывучаць асновы беларускай мовы. Але па-сапраўднаму мае веды пашырыў спампаваны з Інтэрнэту падручнік “Гавары са мной па-беларуску” Сяржука Аляксандрава ды Галіны Мыцык выдання 2001 года.

Падвучыў па падручніках мову, працягваў слухаць беларусамоўныя радыёстанцыі, знаёміўся праз інтэрнэт з бягучымі падзеямі ў культурным жыцці Беларусі - адным словам, “пагружаўся” ў беларускасць духоўна, фізічна застаючыся ва Украіне…

Мінуў нейкі час, і я паспрабаваў адшукаць у Харкаве беларусаў. Праз знаёмых выйшаў на спадара Васіля Самуйленку. Ён узначальваў тады  Украінскую грамадскую арганізацыю беларусаў “Белая Русь”, прынамсі, так ён адрэкамендаваўся. Падчас размовы з ім я пачуў пра існаванне яшчэ адной арганізацыі беларусаў у Харкаве, але знайсці яе не атрымалася… Тым больш, што пасля размовы са спадаром Самуйленкам мяне ахапіла абыякавасць, маральная стомленасць. На пытанні пра беларускую мову ды магчымасці для паляпшэння майго вуснага маўлення, ён агарошыў мяне інфармацыяй пра тое, што беларусы Харкава не карыстаюцца беларускай мовай, што для іх “роднай” з’яўляецца расійская. Ён чуў неяк, што ў іншых гарадах Украіны ёсць людзі, якія памятаюць беларускую мову, але ў Харкаве такіх няма… Наша гаворка скончылася тым, што ён сказаў: “У цябе жудасны украінскі акцэнт”. Сказана гэта было, звычайна ж, па-расійску. Таму, магчыма, я і падупаў духам: калі чалавек, для якога родная мова расійская, так “цудоўна” памятае, як павінна гучаць літаратурная беларуская мова, то што я магу з гэтым зрабіць? Я яе дасканала не ведаю, а ён – не карыстаецца… Але галоўнае “зерне” было “пасаджана” – сумнеў ва ўласных ведах, як і сумнеў у магчымасцях “практыкаванняў”. Вядома ж, я памыляўся, але зразумеў гэта пазней.

Праз некалькі гадоў, атрымаўшы вельмі моцны штуршок у выглядзе падараванага просценькага mp3-плэера, маё жаданне “зразумець”, як усё ж я “гавару” па-беларуску, прымусіла мяне ізноў пашукаць кантакты ў беларускім асяроддзі Харкава. І тут мне вельмі пашанцавала. Праз ЗБС “Бацькаўшчына” я пазнаёміўся з сапраўдным Беларусам – Васілём Астаповічам. Гэты чалавек беражэ агмень роднай мовы, нягледзячы на тое, што жыве ў Харкаве ўжо амаль 50 гадоў. Ён не толькі ведае сам, але й спрабуе заахвоціць да беларускай мовы ўласных унукаў…

Увесь час, што цікаўлюся Беларуссю ды беларушчынай (а гэта ўжо больш за дзесяць гадоў), я неаднаразова чуў ад сваіх сваякоў і сяброў гэткія “рытарычныя” звароты: “Навошта табе гэтая Беларусь? Навошта табе гэтая беларуская мова? Які плён ты можаш атрымаць ад нікому акрамя цябе не патрэбных тут, ва Украіне, ведаў?”… І самі ж давалі на гэтыя пытанні “адказы”: “Беларусь пакрысе робіцца расійскай правінцыяй. Беларусы ў самой Беларусі  не карыстаюцца беларускай мовай, адмаўляюцца ад яе. Там усё па-расійску. Твае веды і ў Беларусі нікому не патрэбныя”… Але калі я намагаўся давесці, што мае расійскамоўныя ды ўкраінамоўныя сябры памыляюцца, што Беларусь, беларусы, беларушчына – жыве і будзе жыць,  яны ў адказ гавораць: “Ну, тады ты – сапраўдны беларус! Бо, каму, акрамя беларусаў, гэта ўсё патрэбна?!”

Вось чаму я паставіў двукоссе, калі пачаў расказваць, як я стаў беларусам… Бо калі б я быў “сапраўдным беларусам”, мусіў бы так сама, як і сотні тысяч тых “беларусаў”, якія носяць у кішэні пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, у кім болей за 1/8 беларускай крыві, тых, хто на роднай зямлі, ва ўласнай дзяржаве хавае родную мову ў сутарэнях пад сваімі дамамі, на гарышчы бацькоўскіх вясковых хат, здраджваючы продкам ды ўласнай душы, мусіў бы, як і яны, забыць мову крыві і карыстацца так сама ўсё жыццё расійскай… Але хто з нас тады ў двукоссі?

 

P.S.

Я не веру, што сённяшнее жыццё беларусаў, гэты сон наяве, будзе трываць яшчэ доўга… Калісьці беларусаў абудзілі словы Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не умёрлі!» … Таму застаецца толькі абраць – жывая мова або смерць душы… Упэўнены – Беларусь абярэ жыццё!

 

Аляксандр Кузьменка