22 студзеня на 87 годзе жыцця адышоў у вечнасць вядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША, ганаровы сябра міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», друкар і выдавец Мікалай Юр’евіч Прускі. Нарадзіўся ён 1 студзеня 1928 года ў Мікалаеўшчыне на Стаўбцоўшчыне. Яго маці Міхаліна Яўхімаўна была стрыечнай сястрой Якуба Коласа (па бацьку).
На пачатку 1941 года бацька Міколы, які працаваў настаўнікам, па даносе быў арыштаваны. Сям’ю, якая засталася без сродкаў, пад сваю апеку ўзяў малодшы брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. Бацьку хутка адпусцілі, але страх былога арышту і настаўніцкая праца пад час нямецкай акупацыі вымусілі сям’ю пакінуць Беларусь. Шмат настаўнікаў (у тым ліку і Міхась Міцкевіч), якія разумелі, што дзецям у любых умовах патрэбная адукацыя, працягвалі вучыць дзяцей у гады акупацыі, і пры надыходзе Чырвонай арміі пакінулі Беларусь, бо адчувалі, што гэтая праца ім будзе залічана як здрада.
Некаторы час сям’я жыла ў лагеры для перамешчаных асобаў недалёка ад г. Мітэнвальд (Нямеччына), потым - у ЗША у горадзе Дэтройт. Мікола Прускі браў актыўны ўдзел у культурным жыцці беларускай эміграцыі, быў актывістам Беларуска-амерыканскага клуба, кіраўніком Беларускага драматычнага гуртка ў Дэтройце, які выступаў у розных гарадах ЗША. Але ён больш праславіўся як таленавіты друкар і выдавец кніг і часопісаў беларускай эміграцыі. Друкарскую працу Мікола ведаў дасканала, бо яго асноўнай працай у ЗША было друкаванне каштоўных папер. Гэтай справе ён прысвячаў і свой вольны час. Ён набыў старое друкарскае абсталяванне і арганізаваў друкарню ў сваім доме. З “Друкарні Міколы Прускага” выйшлі такія вядомыя кнігі як бібліяграфія “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе” (1985) і іншыя выданні Беларускага інстытута навукі і мастацтва, альбом “Выдатныя людзі беларускага народу” (1979), зборнік “Янка Купала і Якуб Колас. Вянок успамінаў пра іх” (1982), кнігі, часопісы, канверты і г.д.
Уладзімір Сакалоўскі, Вера Міцкевіч і Мікола Прускі каля МЗС, Беларусь, 1994 г.
У 1957 годзе Мікола Прускі пачаў выдаваць на ангельскай і беларускай мовах часопіс «Сьвет» («World»), у 1959 годзе газету «The New American». Пераемнікам часопіса «Сьвет» у 1963 годзе стаў беларуска-амерыканскі культурна-асветны часопіс на беларускай мове “Беларускі Сьвет”. У часопісе друкаваліся літаратурныя творы пісьменнікаў Беларусі і эміграцыі, публіцыстычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, успаміны, нарысы пра дзеячаў навукі і культуры. Многія нумары прысвячаліся асобным вядомым беларускім дзеячам, партрэты якіх змяшчаліся на вокладцы (у тым ліку Я.Коласу, Я.Купалу, М.Багдановічу, В.Быкаву, М.Куліковічу-Шчаглову, У.Глыбіннаму, Н.Арсенневай, К.Каліноўскаму і іншым). У часопісе змяшчаліся фотаздымкі розных часоў, тэксты і ноты беларускіх песень, узоры беларускага арнаменту, старонкі беларускага гумару. Да некаторых нумароў прыкладаўся дадатак “Думкі й погляды”. Мікола Прускі таксама быў выдаўцом і рэдактарам газеты беларускага замежжа ў Амерыцы “Беларускі Дайджэст” (выходзіла ад 1992 года).
Мікола, Соня і Вера Прускія ў сваім доме, г. Грэнд Рэпідс, ЗША, 1989 г.
Апошнія гады жыцця прайшлі у горадзе Грэнд Рэпідс штата Мічыган. Акрамя друкарскай справы, Мікола Прускі займаўся дабрачыннай дзейнасцю. Ён быў арганізатарам збору грошай у Амерыцы на будаўніцтва Беларускага музея ў Гайнаўцы (яго жонка Вера паходзіць родам з Беласточчыны). Таксама Мікола Прускі быў кансультантам па Усходняй Еўропе амерыканскай арганізацыі «International Aid inc», офіс якой знаходзіўся ў штаце Мічыган. Першы раз ён прыехаў на Беларусь у 1991 годзе з прадстаўнікамі гэтай арганізацыі і гуманітарным грузам для нашай краіны, пацярпелай ад Чарнобыльскай катастрофы. Другі раз Мікола Прускі наведаў Беларусь разам з дачкой Ганнай, наступны – з жонкай Верай і дачкой Соняй. Яму хацелася паказаць сваім блізкім Беларусь, родную Мікалаеўшчыну, месца, дзе стаяла бацькоўская хата, дакрануцца да роднай зямлі. Да апошніх дзён Мікола Прускі цікавіўся беларускімі справамі, прасіў дасылаць дакладную інфармацыю і беларускія перыядычныя выданні.
Марыя Міцкевіч