Беларусы пікетавалі амбасаду Украіны ў Швецыі

Акцыя салідарнасці з Еўрамайданам прайшла ў Стакгольме. Яе правялі мясцовыя беларусы каля амбасады Украіны. Каля будынка дыпламатычнай місіі ўдзельнікі акцыі разгарнулі плакат з заклікам «Еўропа, хопіць адных размоў. Пачні дзейнічаць. Спыні тэрор ва Украіне» на англійскай мове.

У руках яны трымалі нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны. Бестэрміновая акцыя пратэсту, якая пачалася ў Кіеве пасля адмовы ўладаў Украіны ад падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, працягваецца па ўсёй краіне ўжо больш за два месяцы. На працягу апошняга тыдня студзеня пратэсты перамясціліся ў рэгіёны. Імі былі ахоплены не толькі заходнія вобласці, якія традыцыйна лічацца апорай апазіцыі, але і цэнтр і ўсход краіны. У выніку ўлады пайшлі на саступкі і прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў падаў у адстаўку, а «законы пра дыктатуру» былі адмененыя.