Музей малой айчыны ў Студзіводах выдаў кружэлку “Песні беларусаў з-пад Лядской пушчы. Надзея, Марыя і Уладзімір Дмітрукі”. “Знойдзем на ёй 27 песняў”, - кажа старшыня Музея малой айчыны ў Студзіводах на Падляшшы Дарафей Фіёнік:
- На гэтым дыску зможам пачуць як абрадавыя песні (вяснушкі, сенакосныя, жніўныя, на хрэсьбіны), так і пазаабрадавыя (балады, прыпеўкі, гумарыстычныя песні), якія калісьці ў вёсцы заўсёды спяваліся.
Песні запісваліся ў гадах 2006-2007 у хаце Марыі і Уладзіміра Дмітрукаў у вёсцы Ласінка, якая ляжыць між Бельскам Падляшскім і Гайнаўкай. Плануецца выданне наступнага дыска з песнямі гэтых ваколіц – на гэты раз выключна з вясельнымі песнямі.