Таварыства беларускай культуры ў Літве займела новы сайт

Старонка ТБК Літвы www.westki.info/tbk па-ранейшаму працуе, аднак цяпер дзейнічае і ўласны сайт таварыства: tavarystva.lt. Там падаецца таксама беларуская радыёперадача "Тутэйшы час", што транслюецца на літоўскім радыё і выходзіць раз на тыдзень па паўгадзіны. Рэдактар і вядучы гэтай перадачы - Андрусь Старавойтаў.

Рада ТБК Літвы заклікае беларусаў да больш цеснай сувязі і чакае прапановаў і заўваг па сайце, а таксама артыкулаў для публікацыі на ім.
 
Місія Таварыства беларускай культуры ў Літве
 

Лёс беларуса ў Літве – не толькі частка беларускай ці літоўскай гісторыі, а перадусім жыццё самога чалавека, які імкнуўся захаваць свой свет, культуру, традыцыі, мову. Таму нам неабходна распавесці не толькі пра гісторыю і культуру беларусаў Літвы, але і пра лёс кожнага асобнага беларуса, які тут жыў і тварыў гэту гісторыю, верыў, кахаў, хацеў перадаць свае пачуцці, веды, свае дні новым пакаленням.

Са згубленых, раскіданых і забытых кавалкаў тут складаецца наша гісторыя, якая не можа зацерціся і проста знікнуць, а павінна быць перададзена наступным пакаленням беларусаў. Гэтая спадчына ўзбагаціць іх духоўны свет і злучыць з каранямі і продкамі ў бегу сівых дзедаўскіх дзён.

Наша галоўная задача – звязаць гэтыя мінулыя дні з днём сённяшнім, захаваць і перадаць памяць аб мінулым. Таму мы мусім аднавіць дні беларусаў у Літве і іх сляды. Праз найбагацейшыя зборы беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча, пакоя-музея Якуба Коласа і іншых музеяў, праз беларускія матэрыялы, што захоўваюцца ў віленскіх бібліятэках і архівах, праз навуковыя даследаванні беларускай мовы і культуры, праз ініцыятывы і дзейнасць сучасных сяброў Таварыства мы распавядзём пра беларускае жыццё ў Літве, адновім памяць пра мінулае і зафіксуем сённяшні дзень, які таксама стане гісторыяй і можа згубіцца. Самае важнае для нас сёняшніх – зрабіць усё, каб голас беларуса Літвы не знік ў бегу стагоддзяў і адбылася пераемнасць паміж намі сёняшнімі і будучымі пакаленнямі беларусаў.