Не стала Ірыны Аржахоўскай

26 студзеня 2014 года на васьмідзясятым годзе жыцця пасля працяглай хваробы памерла вядомы грамадскі дзеяч ва Украіне і за яе межамі, кіраўнік Усеўкраінскага саюза беларусаў (2000-2013 гг.) Аржахоўская Ірына Аляксандраўна.

Ірына Аляксандраўна прайшла слаўны жыццёвы шлях, аддаючы ўсе свае сілы справе, чым бы яна займалася: ці рупліва працавала на педагагічнай ніве, ці займалася партыйнай працай, ці грамадскай дзейнасцю.

З яе ўдзелам была створаная адна з першых беларускіх арганізацый ва Украіне - Кіеўская гарадская нацыянальна-культурная арганізацыя «Беларусь». Пад кіраўніцтвам Ірыны Аляксандраўны ў 2000 годзе адбылося аб'яднанне беларускіх арганізацый Украіны ва Усеўкраінскі саюз беларусаў. Як Старшыня УСБ, Ірына Аржахоўская зрабіла важкі ўнёсак у захаванне і далейшае развіццё нацыянальнай, культурнай, моўнай, рэлігійнай самабытнасці грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары ва Украіне.

Смуткуем у сувязі са смерцю Ірыны Аляксандраўны, выказваем глыбокае спачуванне родным і блізкім. Адказная, працавітая, прынцыповая, сапраўдная беларуска - такой яна назаўжды застанецца ў нашых сэрцах і памяці.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае шчырыя спачуванні родным, сябрам і калегам Ірыны Аляксандраўны. Светлая ёй памяць!