Рада БНР выступіла з заявай з нагоды гібелі беларуса ў Кіеве

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказала сваю заклапочанасць у сувязі з гвалтоўнымі сутыкненнямі ў Кіеве, падчас якіх быў забіты беларус Міхаіл Жызнеўскі.

«Дзеянні ўладаў, якія прыводзяць да забойства ўдзельнікаў вулічных дэманстрацый, нічым не могуць быць апраўданыя. Смерці актывістаў «Еўрамайдана» павінны быць пільна і празрыста расследаваныя, а адказныя асобы павінны быць прыцягнутыя да адказнасці ў адпаведнасці з законам, — гаворыць у сваёй заяве Рада. — Рада БНР выказвае сваю салідарнасць і падтрымку ўкраінскаму народу, які змагаецца за свабоду і дэмакратыю супраць дыктатуры, беззаконня і неаімперыялізму. Супраціў украінскага народа спробам усталявання аўтарытарнага рэжыму дае надзею на вызваленне ад дыктатуры ўсім народам нашага рэгіёну, і асабліва беларусам. За нашу і вашу свабоду!» — так сканчаецца заява.