У Беластоку ўшанавалі памяць Юрыя Гуменюка

У гадавіну смерці паэта і журналіста Юрыя Гуменюка яго сябры і знаёмыя сабраліся ў беластоцкай кавярні “Акцэнт”. Удзельнікі вечарыны слухалі вершы, глядзелі відэа, распавядалі адметныя здарэнні з жыцця паэта.

Пасьменніца і журналістка Ганна Кандрацюк-Свярубская адзначыла, што беларуская творчая супольнасць павінна на гэтым прыкладзе зрабіць высновы:

Смерць Юры Гуменюка павінна нас крыху адкрыць на лёс творцаў. Думаю, падобнае ёсць і цяпер у нас: маем паэтаў, якія пакінутыя самі сабе, нікому непатрэбныя. Але ж трэба памятаць, што яны будавалі нашу прастору, нашу годнасць.

Юры Гумянюк – гарадзенскі паэт і журналіст, трагічна загінуў 19 студзеня 2013 года, на 44-м годзе жыцця. Летась, да дня нараджэння паэта, выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка” выдала найбольш поўны збор яго паэзіі - кнігу “Назавіце мяне геніем”.