Арганізацыйнае паседжанне Руху Салідарнасці “Разам” у Польшчы

16 студзеня адбылося арганізацыйнае паседжанне Руху Салідарнасці “Разам” у Варшаве. 
Удзельнікамі паседжання быў прыняты зварот да грамадства адносна правядзення жалобных мерапрыемстваў у звязку са 150-годдзем з дня страты нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага і абмеркаваны фармат акцыі 22 сакавіка ў Вільні. У сувязі з тым, што мерапрыемсты мяркуецца ладзіць разам з літоўскімі, польскімі і ўкраінскімі калегамі, на паседжанні прысутнічаў адзін з арганізатараў Еўрамайдану ў Варшаве А.Падгурскі, які падзякаваў сябрам Руху Салідарнасці “Разам” за падтрымку Майдану.
Таксама на паседжанні былі абраныя сябры ў Раду ( 7 чалавек) з мэтай рэгістрацыі Руху Салідарнасці “Разам” у Польшчы.
 
ЗАЯВА
Людзі Беларусі!
Не забудземся пра 22 сакавіка 2014 года - 150-годдзе страты Кастуся Каліноўскага. Сыходзячы ў вечнасць, наш нацыянальны герой пакінуў нам прарочы запавет: “Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе».
Мы яшчэ не выканалі запавет кіраўніка Паўстання 1863-1864 гг. і не сталі вольнымі. Мы нават яшчэ не маем магілы нашага нацыянальнага героя. Волата, які аддаў жыццё за свабоду свайго народу на віленскіх Лукішках.
Мы заклікаем беларусаў 22 сакавіка правесці акцыю ў Вільні для ўшанавання памяці Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў Паўстання 1863-1864 гг.
Беларусь мае сваіх герояў! Будзьма ж вартымі іх!
Жыве Беларусь!
 
Удзельнікі арганізацыйнага сходу Руха Салідарнасці «Разам» у Польшчы.
16.01.2014 г.Варшава​