Наш зямляк Максім Пятраеў разам з бацькамі пераехаў у Волагду ў дзяцінстве, тым не менш, ён вывучаў беларускую мову па кнігах. Паміж іншымі заняткамі ён піша песні па-беларуску і нават плануе запісаць альбом.
«Наша Ніва» паразмаўляла са спадаром Пятраевым, каб даведацца, як расейская публіка рэагуе на беларускую мову і як выйшла, што кліп «Ляпісаў» «Капітал» упершыню прэзентавалі менавіта ў Волагдзе.
«Наша Ніва»: Вы нарадзіліся ў Бабруйску, як апынуліся ў Волагдзе?
Максім Пятраеў: Вельмі проста, мой бацька – вайсковец, яго адправілі ў Волагду, куды мы і пераехалі сям’ёй. З таго часу я амаль бязвылазна жыву тут, што праўда, па заканчэнні ўніверсітэта я на год вяртаўся ў Бабруйск.
«НН»: Як пачалі пісаць песні па-беларуску?
МП: Калі я навучаўся на другім курсе, бацькі падарылі мне гітару. Недзе праз год з’явіліся першыя песні, яны былі на рускай і на англійскай мовах. А пасля з’явіліся і песні па-беларуску.
У кожнай мовы ёсць свая мелодыка, часам тое, што нармальна гучыць па-англійску, выглядае як тупая бессэнсоўная папсяціна, калі тое самае праспяваць па-руску.
Так і з беларускай мовай. Тое, што не гучыць па-руску, можа выдатна запрацаваць. Урэшце, голас я ўспрымаю як частку мелодыі песні. Калі радок у галаве складваецца на той ці іншай мове, ён папярэдне не пытаецца, на якой будзе лепей.
«НН»: А мову дзе вучылі?
МП: Я асабліва не вучыў. Маю пэўную схільнасць да моваў, беларускую вучыў па кнігах, па беларускай музыцы. Падчас жыцця ў Бабруйску «счытваліся» беларускамоўныя шыльды.
Па самаадчуванні я беларус, і крыўдна, што сітуацыя з мовай складаная. Як прыклад, ёсць Украіна, дзе шмат усяго ствараецца менавіта на роднай мове, і гэта рэчы прыгожыя і моцныя, чаму б і нам не рабіць тое самае?
«НН»: За беларускай музыкай сочыце?
МП: Мэтанакіравана – не. Маю падборку улюбёных песняў, «Ляпісаў» тых самых вельмі люблю.
«НН»: Ці збіраецеся запісваць песні?
МП: Доўгі час я пісаў песні ў стол, зрэдку спяваючы іх сябрам. Пазнаёміўся з мясцовым рытм-н-блюзавым гуртом, пачаліся канцэрты і рэпетыцыі. Пасля быў перапынак на паўтара года. Цяпер я зразумеў, што трэба закрываць гештальты – сабраў новы склад, зараз збіраемся запісвацца.
Я думаў пра беларускамоўную кружэлку, да канца года будзе адпрацаваная невялікая праграма на мове, тым больш ёсць чалавек, які падбухторвае запісаць па-беларуску як мінімум сінгл.
«НН»: Як валагодская публіка рэагуе на беларускамоўныя песні?
МП: Абсалютна нармальна. Расійская публіка ўвогуле вельмі лаяльна ставіцца да песняў на іншых мовах.
У англамоўных краінах, калі ты спяваеш не па-англійску, ніхто цябе асабліва слухаць не будзе. У Расіі трохі па-іншаму, спявай хоць на старанарвежскай якой-небудзь…
«НН»: Але ж музыка далёка не асноўны ваш занятак?
МП: Так, я спецыяліст па развіццю супольнасці, таксама вось ужо дзясяты год ладжу міжнародны фестываль «Мульціматограф». Гэта фэст мультымедыйнай творчасці, кліпаў, таксама цэлы шэраг майстар-класаў і лекцый. Сёлета будзе дзясяты, юбілейны. Дарэчы, некалькі гадоў запар нам на конкурс дасылалі свае відэакліпы беларусы, гурт Recha, якія спяваюць па-беларуску, што было вельмі прыемна. А ў 2008 мы былі першыя, хто паказаў кліп «Ляпісаў» «Капітал», яны таксама даслалі яго на конкурс. Калі не памыляюся, гэта быў першы паказ у гісторыі кліпа.