Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org выпусцілаў Беластоку кнігу твораў Юркі Геніюша (1935-1985) — сына Ларысы і Янкі Геніюшаў. Кніжку падрыхтавала беларуская пісьменніца і журналістка Міра Лукша разам з беларускім журналістам Віталём Лубам з Беластока. Яна мае назоў “Смыком па сэрцы”.
Юрка Геніюш нарадзіўся 21 кастрычніка 1935 года ў мястэчку Зэльва ў сям'і лекара. У той час беларускаму інтэлігенту не было прыстойнага месца ў Айчыне, таму бацькі Юркі эмігравалі ў Прагу. Там прайшло яго дзяцінства ў беларускасці, якой поўніўся эмігранцкі дом Геніюшаў.
Дэбютаваў на старонках беларускага тыднёвіка „Ніва” ў Беластоку 20 кастрычніка 1963 года апавяданнем „Прыкметы”. Праз два гады ў беластоцкім альманаху „Белавежа” змясціў кароткую падборку сваёй прозы: „Як знайсці хулігана?”, „Ой ты, доля мая”, „З апавяданняў старога сабакі Тарзана” і „Як мы арганізаваліся”. Першай значнай на творчым шляху кніжкай стаў „Зборнік сцэнічных твораў”, выдадзены ў 1976 годзе Беларускім грамадска-культурным таварыствам. У альманаху літаратурнага аб’яднання „Белавежа” Юрка Геніюш выявіў зусім новыя якасці свайго таленту, менавіта ў паэтычнай прозе.
Як кожны сапраўдны беларускі літаратар, шчыры беларус, ён хварэў за будучыню роднага слова. Пры жыцці апублікаваў у перакладзе на польскую мову зборнік паэтычнай прозы „Спачатку было толькі Слова...” (Беласток, 1981). Пасля смерці выйшлі кнігі „Маці і сын” (разам з Ларысай Геніюш) (Беласток, 1992) і „З маёй званіцы” (Беласток, 1993). Выхад новай кнігі твораў Юркі Геніюша “Смыком па сэрцы” — даніна яго светлай памяці.