Вось і цяпер, у чаканні аднаго з самых важных святаў жыцця, перагортваем яшчэ адну старонку ўласнага летапісу. Якім быў гэты год? Вядома, для кожнага сваім, розным і непаўторным. Адным адыходзячы год прынёс радасцяў, дасягненняў, іншым - стратаў і разчараванняў. Такое ўжо чалавечае жыццё. Але ў любым выпадку ён ужо стаў гісторыяй. У чаканні ж наступнага года ва ўсіх спадзяванні, што той будзе лепшым, чым мінулы.
Прабеглы год быў значным на падзеі і ў жыцці Таварыства беларускай культуры ў Літве. Галоўнай з іх стала правядзенне V канферэнцыі Беларусаў Балтыі і замежжа, якая праходзіла 6-7 красавіка 2013 г. у Вільні. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі і Беларусі. Арганізаваў і правёў канферэнцыю старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька. Ён у гэты час таксама адзначыў сваё 85-годдзе. У часе працы канферэнцыі былі выпрацаваныя і прынятыя тэксты рэзалюцыі і зваротаў у розныя інстытуцыі краінаў ЕС і Беларусі, якія засведчылі Урадам гэтых краінаў, што беларусы не проста існуюць у гэтых дзяржавах, але таксама „хочуць людзьмі звацца“.
Самым багатым на падзеі ў жыцці арганізацыі быў сакавік. Як вядома, 25 сакавіка адзначаецца самае вялікае беларускае свята – Дзень абвяшчэння БНР. Вядома, мы не былі ў баку. Варта адзначыць, што ўжо цягам некалькіх гадоў сталася добрай традыцыяй гэты дзень святкаваць усім беларускім арганізацыям разам, нягледзячы на розныя палітычныя погляды, уласныя перакананні. Урачыстае святкаванне 95-й гадавіны пачалося з ускладання вянка і кветак да магілы братоў Луцкевічаў на Віленскіх могілках Росы. Менавіта Луцкевічы належалі да тых, хто тады, 95 гадоў таму, спрычыніўся да абвяшчэння БНР. Прыйшла зусім невялікая колькасць людзей, якая падкрэсліла, што беларускае грамадства Вільні з кожным годам усё больш і больш абыякава ставіцца да сваіх нацыянальных святаў. Ля ўмоўнай магілы братоў Луцкевічаў выступілі Кірыл Атаманчык, Хведар Нюнька, Станіслаў Шушкевіч... Усе яны адзначылі важнасць гэтага свята і выказалі спадзяванне на адраджэнне Беларусі. Затым увечары ў Віленскай Ратушы адбылося ўрачыстае святкаванне згаданай падзеі. На вечарыне прысутнічалі як беларускія, так і літоўскія палітыкі. Сярод прысутных былі: мэр Вільні Артурас Зуокас, чалец літоўскага Сойма Гедымінас Кіркілас, чалец літоўскага Сойма Эмануэліс Зінгерыс, Саўлюс Печэлюнас, Стасіс Каўшыніс, Станіслаў Шушкевіч, Хведар Нюнька, Аляксандр Каўбаска і інш. Святочнае мерапрыемства завяршылася канцэртам фальклорнага гурта „Akana NHS“, які адкрыў свет тысячагадовых беларусаў з іх вераваннямі, традыцыямі, легендамі, паданнямі.
Ужо далёка не першы год стала адзначаюцца ўгодкі смерці нацыянальнага героя, ахвяраваўшага сваё маладое жыццё дзеля свабоды Бацькаўшыны Кастуся Каліноўскага, якія беларускія віленчукі і госці Вільні ўшанавалі 23 сакавіка. Урачыстыя мерапрыемствы распачаліся з Паніхіды за Кастуся Каліноўскага ў грэка-каталіцкай царкве Св. Тройцы ў Вільні. Паніхіду адслужыў грэка-каталіцкі святар з Беларусі а. Андрэй Крот. Затым пачалося ўрачыстае шэсце ад месца пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага на Лукішскім пляцы да яго ўмоўнай магілы на гары Гедыміна.
Гэтым летам, 23-24 ліпеня, у Мінску адбыўся VI з езд беларусаў свету, у якім узялі ўдзел 239 дэлегатаў і 95 гасцей з 18 краін замежжа і самой Беларусі. Ад беларусаў Літвы - 11 чалавек, з іх 4 - дэлегаты ад нашага ТБК.
2 лістапада адзначаюцца Дзяды – дзень памяці продкаў. Сябры Таварыства таксама не засталіся ўбаку і 2 лістапада на віленскіх могілках разам з іншымі беларусамі наведалі магілы адыйшоўшых у вечнасць беларусаў і памаліліся за супакой іх душаў.
Традыцыяй сталася адзначаць Дзень Герояў (Слуцкае паўстанне) у нашым Таварыстве. Гэтым разам таксама не абмінулі гэтай даты, і імпрэза 30 лістапада была прысвечана гэтай падзеі. А заканчэнне года ў Таварыстве адсвяткавалі беларускімі Калядамі. Гэтым разам у госці да нас завіталі не толькі беларусы, але і прадстаўнікі рускага і ўкраінскага народаў. Святкаванне Калядаў адбывалася з удзелам ксяндза Данілы, які ўвесь гэты святочны вечар прысвяціў нам. А ў сядзібе Таварыства была адпраўлена калядная служба.
Варта адзначыць, што цягам года ў Таварыстве пабывала шмат знакамітых асобаў, сярод іх Зянон Пазьняк, Анатоль Краўцэвіч, Юрась Беленькі, Уладзімір Арлоў, Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін і шмат іншых.
Больш падрабязную інфармацыю знойдзеце на нашым сайце www.westki.info/tbk, які заклікаем наведваць, а таксама і дасылаць свае матэрыялы.
Напрыканцы хочацца павіншаваць усіх са святамі і пажадаць, каб наступны год быў не горшым за папярэдні.
Агляд падрыхтаваў Алесь Адамковіч Доктар гуманітарных навук