24 снежня ў памяшканні Таварыства беларускай культуры ў Літве адзначылі Каляды.
Сустрэць Каляды ў беларускай сям'і вырашылі не толькі беларусы. Былі госці з Расіі і Украіны, якія ў часе святочнай вячэры падзіліся тым, як адзначаюць гэтае свята ў іх на Радзіме, а таксама распавялі і пра свае нацыянальныя стравы. А Дана, госць з Расіі, пачаставала прысутных смачнымі бабулінымі запяканкамі.
Напачатку ўсе сабраліся разам за вігілійным сталом, дзе кс. Даніла зачытаў малітву, пасля падзяліліся аплаткам і па дзедаўскай традыцыі пачаставаліся куццёй.
Галоўным момантам сустрэчы была Пастэрка (Святая Імша на Божае нараджэнне), якую адслужыў кс. Даніла ў памяшканні Таварыства. У часе казання ён зазначыў, што сёння вельмі шмат паралеляў з Божым нараджэннем. Гэтак сама, як Святой Сям'і не знайшлося месца ў горадзе, у багатых дамах, гатэлях, а таму яны былі вымушаныя прытуліцца ў беднай стаенцы, так і мы сёння сабраліся тут у сціплых умовах, і будзем маліцца, каб на наступны год ужо Каляды адзначыць у адным з касцёлаў Вільні.
Пасля Імшы была супольная вячэра. Старшыня ТБК Хведар Нюнька адзначыў, што сёння мы былі як адна сям'я.
Будзем верыць, што беларуская каталіцкая грамада Вільні, якая тут мае свае глыбокія карані, пашырыцца і беларускія службы стануць рэгулярнымі. І з кожным годам да нас будзе далучацца ўсё больш і больш людзей.
ТБК інф.