Навагодне-калядны ліст ад Яна і Надзеі Запруднікаў

Дарагія нашы!

Не буду гаварыць аб тым, што тыдні-месяцы-гады ляцяць, як віхор. Гэта – тэма для старых (духам). А мы -- духам маладыя. Наша мала-досць у тым, што нам усё мала, каб было досць.  Вечна нечага ўсё хочацца: новых вестак, новых адчуванняў, новых намераў...  Казыча думка пра ўвесь наступны год: якімі сюрпрызамі ён нас пачастуе? Што новага мы адчуем, пабачым, зразумеем? Куды нас завядуць новыя сцежкі?

І пакуль гэты абнаўленчы сверб у галаве сядзіць, мы – маладыя.

Але напярэдадні Новага года трэба прыгадаць і перажытае ў старым.  

Для нас з Надзяй ён быў шчодрым. Па-першае, скончыліся нарэшце пакуты (і не толькі нашыя, а й Ірэны ды Мікалая Дуткоў) з рыхтаваннем да друку й распаўсюджваннем  фестывальнае кнігі. Уф-ф-ф-ф!!! Далася яна ў знакі! А па-другое, нам хапіла адвагі выбрацца летам у далёкае падарожжа, каб адведаць дарагіх сваякоў у Беларусі ды сяброў у Беластоку.

Было прыемнае і ў спалучэнні з сумным. Шчаслівым выпадкам пазнаёміліся мы з сям’ёй Андрэя й Дашы Смерціных. Жыхары Бабруйска, яны прывезлі сваю дачушку, чатырохгадовую Жэнечку, лячыць ад раку мозга ў новазбудаваны каля нас цэнтр пратоналячэння. З цэнтру нас папрасілі дапамагчы ім ангельскай мовай, інфармацыяй ды іншымі паслугамі на час іхняга побыту. Знаёмства сталася сяброўствам. Жэнечка, мілы клубочак радаснай энэргіі, вярнулася з бацькамі дамоў падлечанай, але страшная хвароба не пакінула яе. Пасля колькіх месяцаў пазваніў нам Андрэй са страшнай весткай: дачушка памерла, пражыўшы на гэтым свеце крышку больш за пяць годзікаў. Сэрца шчыміць ад болю, а галава кажа: доля з нядоляй – не нашая воля...

З нядоляй спаткаўся й малады жыццярадасны Сяргей Саўчыц -- Надзін сваяк, родам з Жыткавічаў, жыў у Мінску. Наведаў нас, калі мы сёлета былі там. Прынёс з сабой пачастунак, расказаў пра сваю  працу, у тым ліку пра заняткі спортам. Сяргей у ліпені сёлета ўдзельнічаў у беларуска-літоўскім марафоне з Горадні да Друскенікаў. Атрымаў за гэта медаль. Падарыў яго нам на памяць як “найдаражэйшы” свой трафей.  А ў лістападзе – званок з Жыткавічаў: Сяргея Саўчыца забілі! Ударам па галаве, калі йшоў з працы дамоў. Хто й за што?! Пакуль што нічога невядома. Суровая рэальнасць зямнога быту...

Успамінаецца песня кампазітара Міколы Куліковіча, якую некалі мы, маладыя, любілі спяваць: “Жыццё наша быццам чаўны сярод мора, што бураю гоніць бязлітасны лёс – то кіне у радасць, то кіне у гора, то смехам частуе, то хвалямі слёз”.

Аглядаючыся на пражыты год, думаем з удзячнасцю пра тых, з кім трымалі лучнасць, абменьваліся навінамі, думкамі, жартамі, а іншы раз і спачуваннямі. Жыццё – салодка-горкая мікстура. Каб яна не здавалася вам лішне горкай, падаю выказванне французскага гісторыка Алексіса дэ Токвіля: “Ведайце, што жыццё – гэта ані  суцэльная пакута, ані суцэльная прыемнасць, а паважная справа, якою трэба займацца з адвагай і ў духу самаахвярнасці”. Будзьма ж самаахвярнымі адно да аднаго.

Мы з Надзяй шчыра віншуем вас з Новым годам і Хрыстовым Нараджэннем, зычым добра правесці іх ды заставацца ў моцным здароўі й духоўным камфорце.

Я+Н

Самерсэт, Нью-Джэрсі, другая палавіна снежня