У Варшаве адбылася прэзентацыя новай кнігі творцы "Знакі прыпынку". На вечарыне, якая доўжылася больш за гадзіну, паэт расказваў пра сваё жыццё, чытаў свае творы. Прысутныя змаглі паслухаць пераклады твораў Уладзіміра Някляева на польскую мову, якія рабілі вядомы перакладчык з беларускай на польскую Чэслаў Сэнюх ды Старшыня польскага ПЭН-цэнтра, перакладчык Адам Паморскі. У мерапрыемстве брала ўдзел літаратар Валярына Кустава. Як зазначае паэт Уладзімір Някляеў, самыя добрыя вершы тыя, якія прыходзяць самі.
- Найлепшае тое, што ствараецца ў сне. А гэта бывае рэдка. Ёсць выпадкі, калі я бачыў гэтыя вершы ў сне ад пачатку да канца, а пасля іх проста запісваў. Як бы не меў ніякага дачынення да іх аўтарства. Вось гэта, па-першае, самая вялікая асалода і, па-другое, самая вялікая творчая ўдача, калі той, які наверсе назірае за табой, возьме і нешта напіша, а ты проста запішаш гэты дыктант.
Пасля сустрэчы прысутныя мелі магчымасць набыць кнігі паэта, а таксама атрымаць гарачыя аўтографы ад аўтара.