13 – 15 снежня на Беласточчыне ў Польшчы адбыўся чарговы літаратурны семінар “Бязмежжа”. Яго нязменнымі галоўнымі арганізатарамі сталіся тыднёвік “Ніва” ў асобе рэдактара спадара Яўгена Вапы і Беларускі саюз у Польшчы.
Злева направа: Сяргей Астравец, Алесь Аркуш, Міхась Андрасюк, Віка Трэнас, Усевалад Сцебурака
Па запрашэнні беларусаў Беласточчыны з Беларусі прыехалі некалькі дэлегацыяў і паасобных творцаў.
Алесь Аркуш (злева) і Барыс Пятровіч
З Мінска завіталі Старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, празаік Барыс Пятровіч; першы намеснік старшыні ГА “СБП”, рэдактар “Літаратурнай Беларусі”, празаік Алесь Пашкевіч; прэсавы сакратар СБП, паэтка Віка Трэнас; памочнік старшыні СБП, літаратар Усевалад Сцебурака.
Віктар Стахвюк
З Гародні, якая здаўна падтрымлівае сталыя рознабаковыя кантакты з беластоцкай беларускай грамадой, адзначыліся ўдзелам: актыўны гарамадскі дзеяч, карэспандэнт і каардынатар выдавецкай серыі “Гарадзенская бібліятэка” Павал Мажэйка, празаік Віктар Сазонаў, вядомы пісьменнік і журналіст Сяргей Астравец.
Яраслаў Іванюк
Таксама на сустрэчы прысутнічаў адзін са стваральнікаў “Таварыства вольных літаратараў”, пісьменнікАлесь Аркуш, журналістка і перакладчык Іна Хоміч з Берасця.
Кася Сянкевіч і Міра Лукша
Віктар Швед
На правах гаспадароў гасцей сустракалі рэдактар “Нівы” Яўген Вапа, стваральнік і адміністратар Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк, гісторык Алена Глагоўская, старшыня фонду “Villa Sokrates” Павал Гжэсь, беластоцкі тэлерадыёжурналіст Радаслаў Дамброўскі, літаратурны публіцыст, літаратарка Ганна Кандрацюк, супрацоўніца “Нівы”, пісьменніца Міраслава Лукша, пісьменнік Віктар Швед, праграмны дырэктар Радыё “Рацыя” Юрка Ляшчынскі, пісьменнік Віктар Стахвюк, пісьменнік Міхась Андрасюк, маладая паэтка Кася Сянкевіч, гісторык Яўген Янчук, а таксама прадстаўнікі беластоцкага выдавецтва “Суседзі” Андрэй Каліноўскі і Пётр Брысач.
Юрка Ляшчынскі
Міхась Андрасюк
Абодва бакі выступілі са справаздачамі аб зробленае працы на культурніцкай ніве. Сярод іншага асабліва цікавымі сталіся даклады Яраслава Іванюка аб дзейнасці найвялікшай на сёння Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org; справаздача Барыса Пятровіча аб працы часопіса “Дзеяслоў”, яго бібліятэчкі ды вялікай выдавецкай серыі “Кнігарня пісьменніка”; прэзентацыя “Гарадзенскай бібліятэкі”.
Павал Мажэйка
Асобнае месца занялі дэманстрацыі дакументальных стужак фонду “Villa Sokrates”, прысвечаныя апошнім месяцам жыцця Сакрата Яновіча ды дзейнасці фонда, фільмы Радаслава Дамброўскага пра Віктара Шведа і Міколы Ваўранюка “Людвіка” – пра дзейнасць Сяргея Вітушкі і Людвікі Кардзіс у Вільні.
Кася Сянкевіч і Віктар Стахвюк
У заключнае частцы праграмы семінару мелі месца аўтарскія прэзентацыі Барыса Пятровіча з апошняй кнігай “Спачатку была цемра”, Алеся Пашкевіча з раманам “СімЪ побѣдиши”, Віктара Сазонава з кнігай “Паэзія прозы”, прагучалі вершы Вікі Трэнас і Усевалада Сцебуракі.
Усевалад Сцебурака
Віка Трэнас
Усе сустрэчы адбываліся ў найцяплейшай сяброўскай атмасферы. Абодва бакі атрымалі запас пазітыўных уражанняў, а беларусы ў чарговы раз пераканаліся, што межы дзяржаваў не ствараюць межаў для сяброўства і што там, на другім баку Белавежскай пушчы, жывуць людзі, якія хочуць быць беларусамі значна больш, чым многія нашыя суайчыннікі.
Фота Іны Хоміч