Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай, у якой прывітала памкненне ўкраінскага народу да свабоды і дэмакратыі.
Рада БНР выказала “захапленне мужнымі абаронцамі Майдану, усімі, хто выйшаў адстойваць сваё права на годнае жыццё. Рада БНР выказвае салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, якія прыехалі ў Кіеў, каб прадэманстраваць падтрымку ўкраінскаму народу”. “Сёння відавочна, што мільёны людзей на вуліцах гарадоў Украіны – гэта не толькі прадстаўнікі пэўных палітычных сілаў, гэта – сам украінскі народ, у ягоным святым памкненні да свабоды, да справядлівасці і да права самому вырашаць свой лёс, -- гаворыцца ў заяве. -- У 2004 годзе Рада БНР выказала сваю падтрымку тым, хто абараняў на Майдане сваё права дэмакратычна абіраць уладу; сёння мы падтрымліваем тых, хто зрабіў еўрапейскі выбар. Рада БНР вітае рашэнні дэпутатаў Еўрапарламента пра больш хуткае падпісанне асацыяцыі з Украінай, а таксама прапановы еўрадэпутатаў да міжнародных фінансавых арганізацыяў эканамічна спрыяць Украіне. Рада БНР асуджае выкарыстанне Масквой метадаў палітычнага і эканамічнага ціску на Кіеў”. Рада БНР назвала “недапушчальным ужыванне ўкраінскімі ўладамі сілы супраць удзельнікаў масавых народных акцыяў у Кіеве і ў іншых украінскіх гарадах. Прымяненне такіх метадаў пагражае скінуць Украіну з цывілізаванага шляху развіцця”. “Мы верым, што народ Украіны, народ слаўнай гісторыі і багатай культуры, абароніць сваё права быць у шэрагу еўрапейскіх цывілізаваных народаў. Мы верым, што зойме сваё месца ў гэтым шэрагу і Беларусь. Слава Украіне! Жыве Беларусь!” – гаворыцца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.