Паказ фільмаў з серыі "Носьбіты культуры" адбыўся ў Цэнтры беларускай культуры ў Шчытах-Дзенцялове. Праект прысвечаны людзям, якія сваё жыццё аддалі развіццю беларускай культуры на Падляшшы. Героі першых двух фільмаў – паэт Віктар Швед і мовазнаўца Міхал Кандрацюк. Такі выбар невыпадковы, кажа рэжысёр фільмаў, супрацоўнік нашага радыё Радаслаў Дамброўскі:
- Трэба шчыра сказаць, што гэта людзі ўжо сталага ўзросту, якім ужо 80 і больш гадоў. Паколькі ёсць яшчэ магчымасць размаўляць з імі ўжывую, то, я думаю, трэба гэта скарыстаць, а не капацца пасля ў архівах і пытацца ў іншых людзей пра іх жыццё. Па-другое, гэта людзі, якія ў пэўным сэнсе мне блізкія і вядомыя, таму ад іх і пачаў.
Радаслаў Дамброўскі лічыць, што фільмы з’яўляюцца добрым інструментам для пашырэння ведаў на тэму беларускай мовы і культуры.