У Брусэлі прайшла акцыя салідарнасці з пратэстоўцамі кіеўскага Майдану.
Пра гэта «Свабодзе» распавёў старшыня Беларуска-еўрапейскага задзіночання, палітуцякач з Віцебска Зміцер Піменаў: «Мне патэлефанавалі прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары Бельгіі. Сказалі, што будуць ладзіць каля Еўрапарламента акцыю салідарнасці з суайчыннікамі, якія патрабуюць збліжэння з Еўропай. Мы вырашылі падтрымаць украінскіх братоў, прыехалі ў Брусэль, разгарнулі побач з плакатамі і жоўта-блакітнымі сцягамі нашы бел-чырвона-белыя сцягі. Разам памаліліся за народ, прадстаўнік партыі «Свабоды» прачытаў зварот да еўрапейскіх палітыкаў – пра тое, каб яны паспрыялі памкненням украінцаў быць разам з Еўропай, а не з Расіяй». Акцыя каля Еўрапарламента доўжылася каля гадзіны. Потым з'явілася паліцыя і запатрабавала, каб пікетоўцы адышлі далей ад будынка. Бо акцыя не была санкцыянаванай: дазвол на такія акцыі трэба прасіць за 20 дзён, але ж абставіны склаліся такія, якіх нельга было прадугледзець. Яшчэ з гадзіну акцыя працягвалася за тэрыторыяй, прылеглай да будынку Еўрапарламента. Зміцер кажа, што яшчэ адна акцыя салідарнасці з пратэстоўцамі кіеўскага Майдану пройдзе ўвечары ў Антверпене.