Лістапад у ТБК Літвы

Напрыканцы лістапада ў ТБК Літвы адбыўся чарговы традыцыйны сход.

Колькі словаў пра Браніслава Тарашкевіча прамовіў Алесь Адамковіч.

Браніслаў Тарашкевіч - адна з тых асобаў, якія не толькі ўпісаныя ў гісторыю Беларусі залатымі літарамі, але і самі спрычыніліся да стварэння новай Гісторыі і нараджэння Беларусі. Калі нараджалася новая і маладая дзяржава, ён быў адным з тых нешматлікіх, хто закладаў яе фундамент. Для любой нацыі, як і дзяржавы, неабходныя пэўныя чыннікі: тэрыторыя, народ, культура, гісторыя, мова. І Браніслаў унёс самы значны і заключны ўнёсак у фарміраванне беларускай мовы. Дзякуючы яму была створаная беларуская літаратурная мова, і такім чынам фармаванне беларускай народнасці ў нацыю атрымала сваё лагічнае завяршэнне.

Аб ролі граматыкі Тарашкевіча ведае кожны беларус, бо да сёняшняга дня ідзе спрэчка паміж складзенай ім першай граматыкай і зрусіфікаваным варыянтам беларускай мовы, т.зв. наркамаўкай. Тут можна зазначыць, што беларуская нацыя ў чарговы раз падзялілася на прыхільнікаў таршкевіцы і наркамаўкі. На жаль, непаразуменне паміж імі існуе па сёняшні дзень і чамусьці ні адзін, ні другі бок не хочуць ісці на замірэнне. Спрачацца па гэтым пытанні можна шмат. Зразумела, што і адна, і другая граматыка маюць шмат недахопаў, таму ў будучым самым разумным было б сесці за стол перамоваў і выпрацаваць сярэдні варыянт, які ўлічыў бы ўсе асаблівасці беларускай мовы і захаваў яе аўтэнтычныя нормы.

Асоба самога Тарашкевіча, як і яго лёс, у многім спрэчная і неадназначная. З вышыні сённяшняга дня складана яго ацэнваць і крытыкаваць. На жаль, зроблены ім выбар на карысць Савецкай Беларусі і камуністычнага рэжыму каштаваў яму ўласнага жыцця і памяці. Была не толькі забаронена і рэфармавана яго граматыка, але і забаронена імя Тарашкевіча. Жывучы ў Заходняй Беларусі ва ўмовах польскага панавання, ён купіўся на танную прапаганду з усходу аб нібы райскім беларускім жыцці, дзе поўным ходам ідзе беларусізацыя. А тут, на акупаваных палякамі землях, адбываўся поўны заняпад беларускасці, зачыняліся апошнія беларускія школы, беларускіх дзеячаў кідалі ў турмы. Не ведаў і не здагадваўся тады Браніслаў, што на фоне беларусізацыі там творацца куды больш жудасныя рэчы, якія ў рэчаіснасці выразалі ўсю беларускую інтэлігенцыю пад корань. Але прапаганда рабіла сваю справу і непераадольнае жаданне стварэння вольнай і незалежнай Беларусі саветамі не далі магчымасці цалкам ацаніць сітуацыю.

Менавіта Тарашкевіч у 1925 г. спрычыніўся да расколу беларускіх дэпутатаў у польскім Сойме, стварыўшы сваю фракцыю. Тым самым, таго не разумеючы, аслабіў беларускія сілы. Менавіта ён, Браніслаў Тарашкевіч, узначаліў тады самую вялікую пракамуністычную беларускую арганізацыю ў Заходняй Беларусі „Грамаду“, што таксама раскалола беларускі рух на дзве варожыя плыні „незалежнікаў“ і камуністаў. Апошняе не толькі аслабіла і так нешматлікія

беларускія сілы, але дало падставы польскім уладам для знішчэння беларускага руху.  

Хведар Нюнька распавёў пра Вольгу Бурнос.

Дзякуючы жаданню шчырых беларускіх патрыётаў Аўстраліі і ў першую чаргу Аўгена Грушы, Аляксандра Грыцука і Віктара Кавалеўскага, каб больш пазнаёміць прадстаўніка з Літвы з беларусамі і прыродай Аўстраліі, была арганізаваная паездка з Мельбурна ў Адэлайду (каля 800 км). Не буду апісваць асаблівасць краявідаў прыроды і прыгажосць гарадоў і архітэктуры, бо пра гэта багата напісана ў кнігах і СМІ.

   У Адэлайдзе Віктар Кавалеўскі арганізаваў сустрэчу з мясцовымі беларусамі, з новапабудаванай беларускай царквою. Асабліва запомнілася знаёмства з сям’ёй беларускага святара Міхаілам і Вольгай Бурносамі, якія спрычыніліся да будовы царквы, арганізавалі царкоўны хор, а Вольга  добра спявала, пісала вершы, шмат вышывала і складала музыку, якую спецыялісты высока ацанілі. Гэтыя творы і ноты перадалі мне, каб выкарыстаць іх у Літве.  Пра іх лёс і хачу распавесці больш падрабязна.

    Вольга Бурнос (дз. Пашкевіч; 19.10.1933-8.11.2003) нарадзілася  у Беларусі ў Івацэвіскім раёне ў вялікай і беднай сям’і. Былі цяжкія ўмовы жыцця. У школу Вольга не хадзіла. У вайну, маючы 10 гадоў, з бацькамі выехала ў Нямеччыну, бо партызаны спалілі іх дом. У Нямеччыне жылі ў малым гарадку, каля Гановера, дзе было адносна спакойна. Пад канец вайны, каб не трапіць назад да камуністаў у савецкі саюз, змянілі прозвішча з Пашкевіч на Пашкоўскі.

З ДП лагероў Нямеччыны мелі магчымасць выезду ў Амерыку альбо Аўстралію – выбралі Аўстралію. Пасля медычных камісіяў у 1949 г. прыехалі ў новую невядомую краіну з гарачым кліматам. Спачатку ў Мельбурн, а пазней у Адэлайду. Па першым часе ўсё было нязвыклым: і смак ежы, і клімат, і традыцыі, і адносіны з боку мясцовага насельніцтва. Але з часам усё наладзілася. Пасля двухгадовага кантракту на цяжкіх працах была магчымасць выбару працы, бацька набыў дом і дапамог уладкавацца на лепшую працу, хаця ўсё гэта было вельмі няпроста. Тут у 1952 годзе Вольга і пазнаёмілася з будучым мужам Міхаілам Бурносам. Міхась без беларускай царквы не мог жыць, таму пераехалі ў Адэлайду, дзе была магчымасць пабудаваць царкву.

Напачатку беларускае жыццё праходзіло актыўна. Збіралася звыш 200 чалавек і больш. Але паступова людзі, уладкаваўшы свой быт, з розных прычынаў праяўлялі абыякавасць да грамадскай справы. Беларускія дзеці пачалі адвыкаць ад беларускай мовы бацькоў. Калі спачатку сустрэчы беларусаў адбываліся кожны год, то пазней раз на два гады і радзей. 

У сувязі з усясветнай спартовай алімпіядай у 1997 годзе ўлады запатрабавалі перанесці царкву ў іншае месца. Гэта спрычынілася да сварак паміж прыхажанамі. Маладых беларусаў не прыбывала, а старыя не жадалі больш займацца грамадскаю справаю. Адно Вольга і Міхаіл Бурносы, нягледзячы на ўзрост і хваробы, верна служылі да канца свайго жыцця Богу і людзям.

Пра Уладзіміра Тэраўскага распавёў Валеры Радзюкевіч.

   Нарадзіўся Уладзімір Тэраўскі 23 лістапада 1871 г. у мястэчку Раманава Слуцкага павета Мінскай губерні. Дырыжор, кампазітар, царкоўныслужыцель. Яго бацька кіраваў царкоўным хорам. У 1899 г. скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, потым Мінскую семінарыю. Пасля службы ў войску працаваў на Уральскіх заводах. Служыў рэгентам, кіраваў аматарскімі рабочымі харамі. У 1904 г. быў псаломшчыкам Мінскага Петрапаўлаўскага сабора. У ліпені 1914 г. стварыў адзін з першых беларускіх харавых калектываў – Мінскі беларускі хор, канцэртаваў з ім па рэспубліцы. Яшчэ ў дзяцінстве выявіў музычныя здольнасці. Дырыжыраваў пальцамі, павярнуўшыся да хора спінай. Апранаўся ў тон усяму хору па-народнаму: белая беларуская світка, пад ёй вышываная кашуля з саматканым поясам. Меў сувязі з беларускім нацыянальным рухам. У снежні 1917 г. на 1–ым Усебеларускім з’ездзе хор пад яго кіраўніцтвам выканаў тры беларускія песні: “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, якая стала гімнам БНР, “А хто там ідзе” і “Кроў нашу льюць даўно ўжо каты”. Усе тры песні былі прыняты авацыямі.

Тэраўскі стаяў ля вытокаў стварэння нацыянальнай оперы і музычнай школы. Спектакль “На Купалле” у 1920 г. вытрымаў 432 паказы. Змітрок Бядуля пісаў, што хорам Тэраўскага магла ганарыцца любая нацыя, болей культурная за нашу.

У 1918-1919 кіраваў харавой капэлай у беларускім савецкім тэатры, потым быў галоўным хормайстрам. У 1919-1920 г. быў сябрам Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Менску. Стварыў тры спеўнікі для беларускага войска. Пісаў песні і рамансы на словы Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, М.Чарота і іншых. Ствараў музыку для шматлікіх спектакляў, заснаваную на беларускім фальклёры. Запісваў народныя песні, якія ўвайшлі ў вайсковыя зборнікі па музыцы.

Ён аўтар гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, гімна беларускай марсельезы, “Адвеку мы спалі”. Напісаў музыку да песні “Купалінка” – якую многія лічаць народнай, таксама ёсць думка, што ён аўтар музыкі да песні “Шумные бярозы” – словы Я.Купалы.

Неаднойчы арыштоўваўся: улетку 1920 г. - польскімі ўладамі, у 1921 г. - савецкімі ўладамі.

У 1930 г. хор быў расфарміраваны. Тэраўскі быў звольнены з працы і абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме. Служыў псаломшчыкам, потым рэгентам царкоўнага хору. Меў цяжкое матэрыяльнае становішча. Зноў быў арыштаваны ў жніўні 1938 г. і расстраляны 10 лістапада 1938 г. Меў 67 год.

27 лістапада 1920 г. адбылося Слуцкае паўстанне, якое ўвайшло ў гісторыю нашага народа, як Слуцкі збройны чын.  Менавіта 27 лістапада Слуцкая брыгада колькасцю каля 4000 чалавек пачала баявыя дзеянні. У асноўным сваім складзе гэта былі сяляне з вёсак на Случчыне і творчая інтэлігенцыя. Паўстанне ўзначальваў  Нацыянальны камітэт у Слуцку. Час паўстання - гэта канец савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. Паўстанцы змагаліся супроць перадзелу Беларусі паміж Расеяй і Польшчай, за прызнанне БНР. У паўстанцаў не хапало зброі, боепрыпасаў, харчавання. У складзе паўстанцаў было шмат вайсковых людзей. Гэта і Макар Краўцоў - аўтар гімна “Мы выйдзем  шчыльнымі радамі”, і Іосіф Лапковіч, які потым стаў сакратаром КП (ЗБ) – яны абодва загінулі ў гады рэпрэсій. Сілы былі няроўныя і паўстанне пацярпела паразу.

Слуцкі збройны чын - не толькі гераічная падзея ў гісторыі беларускага народа, але і сімвал барацьбы беларусаў за самастойную і незалежную дзяржаву.

Жыве Беларусь!  Жыве вечна!

На Радзе ТБК быў прыняты зварот да прэм'ер-міністра Літвы.

 

Прэм’ер-міністру Літоўскай Рэспублікі

Альгірдасу Буткявічусу

Для ўшанавання памяці ваяра, які ахвяраваў сваім маладым жыццём дзеля свабоды беларускага і літоўскага народаў, – Кастуся Каліноўскага і ў сувязі са 150-годдзем ад яго пакарання ў Вільні Таварыства беларускай культуры ў Літве зьвярнулася ў Віленскую дзяржаўную дырэкцыю культурнага рэзервата замкаў з просьбай атрымаць дазвол на ўстаноўку памятнага знака (крыжа,камня ці табліцы) на замкавай гары, дзе, паводле тагачасных сведкаў, былі перазахаваныя паўстанцы 1863 года разам з Кастусём Каліноўскім. На тым месцы раней быў пастаўлены крыж з агароджай.

Дырэкцыя прыхільна паставілася да гэтай справы, але запрасіла прадставіць больш матэрыялаў і дакументальных дадзеных, што на замкавай гары былі захаванні паўстанцаў 1863-1864 гг.

Дзякуючы нашым намаганням і дапамозе гісторыкаў, патрэбныя матэрьялы былі прадстаўленыя. Для далейшаага вырашэння пытання была патрэбная згода дырэктара нацыянальнага музею спадарыні Біруце Кульніце і дэпартамента культурнай спадчыны.

На жаль, спадарыня Біруце Кульніце непрыхільна ўспрыняла вышэйзгаданую просьбу, быццам ёсць указанне зверху, як і ранейшую ідэю аднаўлення беларускага музею Івана Луцкевіча ў Вільні. Яе пазіцыя ў гэтым пытанні супярэчыць рашэнню Сойма Літоўскай Рэспублікі аб аднаўленні дзейнасці музею. Пытанне музею не вырашаецца ўжо на працягу дваццаці гадоў.

Такая пазіцыя, на нашую думку, не будзе спрыяць збліжэнню літоўскага і беларускага народаў, а толькі ствараць штучныя і непатрэбныя непаразуменні.

 Асоба Кастуся Каліноўскага для беларусаў усяго свету з’яўляецца сімвалам змагання за свабоду, і ўшанаванне яго памяці Літоўскай уладай у Вільні будзе з удзячнасцю ўспрынята беларускай грамадскасцю ў свеце.

Прынята на Радзе ТБК 

Вільня, 10 снежня 2013 г.