1 снежня, пасля доўгага перапынку, у Вільні ў грэка-каталіцкай царкве св. Тройцы адбылася св. Імша, якая ахвяроўвалася за супакой душаў слуцкіх паўстанцаў, за вязняў, якія сядзяць у беларускіх турмах, за кс. У. Лазара, за новапрызначаных беларускіх біскупаў.
Св. Імшу адправіў кс. Даніла Сваяк. У ёй удзельнічала блізу 50 чалавек, што стала сведчаннем таго, што беларускія службы ў Вільні запатрабаваныя. Нягледзячы на тое, што рэгулярных набажэнстваў на беларускай мове няма ўжо працяглы час, беларусы-віленчукі не разбегліся па іншых касцёлах, не страцілі веры ў душы, а з цярплівасцю чакалі, калі адновяцца службы на іх роднай мове, і пры першай жа магчымасці зноў прыйшлі, каб засведчыць перад Богам аб сваім жаданні маліцца да Яго па-беларуску.
Важным было тое, што першая адноўленая Імша адбывалася ў базыліянскіх мурах, якія для беларусаў з'яўляюцца Святыняй, Святым Месцам і, відаць, самым важным і знакавым сімвалам у Вільні. Насупраць царквы размешчаны будынак былой Віленскай беларускай гімназіі. Менавіта ў гэтай гімназіі прыйшла да беларускасці і вырасла як беларускі паэт адна з самых вядомых паэтак Наталля Арсеннева. Служба завяршылася спевам гімна „Магутны Божа“, які і напісала Арсеннева. Магчыма тут, у Базыліянскіх мурах, і нараджаліся радкі гэтага велічнага гімна.
Прыемна, што беларусы-віленчукі і госці Вільні не засталіся абыякавымі ў гэты дзень і наведалі набажэнства. Гэта дае надзею, што беларускія службы будуць адноўленымі і стануць рэгулярнымі. Бо не магчыма, каб беларусы не мелі магчымасці маліцца на сваёй роднай мове ў гэтым горадзе, дзе столькі выпакутвалі, каб Божае Слова гучала і на іх роднай мове. Думаю, што і беларускія каталіцкія святары сёння цешыліся ў небе, што іх ахвяраванае жыццё дзяля Беларусі не стала дарэмным. Іх малітвы пачутыя Богам. І ў сёняшняй малітве яны былі разам з намі.
Алесь Адамковіч Фота аўтара
P.S. Арганізатары службы і ўсе, хто прымаў у ёй удзел, выказваюць шчырую падзяку айцам-базыльянам за дадзеную магчымасць адслужыць у іх храме св. Імшу.