Гасцінны бераг землякоў

У сяле Новарасійскае на Херсоншчыне, дзе жыве шмат беларусаў, адзначылі 90-годдзе мясцовай абшчыны. Пра падзею ў рэдакцыю газеты "Голас Радзімы" паведаміў наш зямляк з Херсона Андрэй Мельнікаў. Былы лётчык, ён працуе ў Херсонскай гарадской радзе, узначальвае Херсонскае аддзяленне цяпер ужо Усеўкраінскага саюза беларусаў. “Нашы суайчыннікі актыўна ўдзельнічалі ў святочных мерапрыемствах, — гаварыў па тэлефоне Андрэй Рыгоравіч. — Урачыстаць праходзіла ў адноўленым Доме культуры ў сяле Новарасійскае, дзе шмат жыхароў з беларускімі родавымі каранямі. На свяце былі ганаровыя госці не толькі з Херсонскай вобласці, але і з Кіева, і з Беларусі — гэта мы падключыліся да справы”. Інтэрнэт падказвае: сяло Новарасійскае — ва Уладзіміраўскім сельсавеце Скадоўскага раёна Херосоншчыны, непадалёк ад знакамітага курорта на Чорным моры. Гасцей у Новарасійскім спевамі віталі артысты гурта беларускай народнай песні “Сябрушачка”, якім кіруе Алена Кілочак. У яе беларускія родавыя карані, Алены загадвае Домам культуры. Прыехала павіншаваць сяльчан з юбілеем абшчыны, адноўленым клубам і дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Вольга Міхайленка. “Нарадзілася ў 1956 годзе ў горадзе Свіслач на Беларусі” — чытаем на сайце Рады.  “Размаўляў з беларусамі: хочуць стварыць пры Доме культуры гурток па вывучэнні беларускай мовы і літаратуры, абрадаў і культуры продкаў, — сказаў Андрэй Мельнікаў. — Таму я прашу землякоў: калі ёсць у каго магчымасць — дасылайце кампакт-дыскі, кнігі. Асабліва патрэбны падручнікі. Адрас такі: “75721 Україна, Херсонская вобласць, Уладзіміраўскі сельсавет, клуб сяла Новарасійскае. Кілочак Алене Леанідаўне”. Іван Іванаў