Яўгена Мірановіча ўзнагародзілі Срэбным крыжам заслугі

Беларускі гісторык і грамадскі дзеяч з Беластока Яўген Мірановіч атрымаў Срэбны крыж заслугі - узнагароду прэзідэнта Польшчы. Падчас урачыстасці дзяржаўныя адзнакі і медалі Камісіі нацыянальнай адукацыі атрымалі 52 працаўнікі ўніверсітэта ў Беластоку.

Навуковыя зацікаўленні прафесара Яўгена Мірановіча - гэта перадусім найноўшая гісторыя Беларусі:

- Большасць гадоў я займаўся гісторыяй Беларусі, асабліва 20-ым стагоддзем, цяпер займаюся больш замежнай палітыкай постсавецкіх краінаў. Напісаў нават кніжку пра замежную палітыку Беларусі і пра замежную палітыку Украіны. У вольны час займаюся гісторыяй Беларусі. Пішу таксама кніжку пра Другую сусветную вайну, пра нямецкую акупацыю, пра штодзённае жыццё пад нямецкай акупацыяй.

Яўген Мірановіч з 1997 года працуе ва ўніверсітэце ў Беластоку. Быў кіраўніком Кафедры беларускай культуры гэтай навучальнай установы. Цяпер працуе на пасадзе прафесара Інстытута гісторыі Беластоцкага ўніверсітэта. Яўген Мірановіч з’яўляецца таксама рэдактарам "Беларускіх гістарычных сшыткаў". У мінулым быў таксама галоўным рэдактарам тыднёвіка Беларусаў у Польшчы „Ніва”.