У Беластоку з'явілася вуліца імя беларускага педагога, публіцыста і літаратара Міколы Гайдука. Адзінагалосна прагаласавалі за гэтае рашэнне дэпутаты гарадской рады Беластока.
Ініцыятарам надання адной з вуліц імя Гайдука было дэпутацкае кола “Форум падляшскіх меншасцяў”.
Паводле словаў чальца дэпутацкага кола Славаміра Назарука, Мікалай Гайдук звязаны з Беластокам перадусім сваёй публіцыстычнай і выдавецкай дзейнасцю:
- Мікалай Гайдук шмат гадоў працаваў у “Ніве”, быў намеснікам галоўнага рэдактара “Нівы”. Ён жыў у Беластоку, пісаў эсэ на гістарычныя тэмы, займаўся не толькі падручнікамі, але і навучаннем беларускай мовы. Мікалай Гайдук таксама займаўся рэлігійнай дзейнасцю, выдаваў квартальнік “Фос” на беларускай мове.
У 60-х гадах мінулага стагоддзя Мікола Гайдук быў дырэктарам ліцэя з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім. Працаваў журналістам у тыднёвіку беларусаў у Польшчы “Ніва”, “Czasopis” і “Przegląd Prawosławny”. Разам з жонкай Лідзіяй напісаў адзінаццаць падручнікаў па беларускай мове. Быў аўтарам гістарычных эсэ “Трызна”, “Паратунак”, а таксама збору легендаў “Белавежскія аповеды”.
Памёр Мікола Гайдук у 1998 годзе.
Вуліца Міколы Гайдука знаходзіцца ў раёне Nowe Miasto, недалёка ад рэдакцыі штомесячніка “Przegląd Prawosławny”.